Вясёлка над Ваўкавыскам

Ваўкавыск стаў 25-м горадам Беларусі, які далучыўся да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. У апошнія дні мінулага года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ваўкавыскім райвыканкамам і Дзіцячым фондам ЮНІСЕФ аб далучэнні Ваўкавыска да гэтай міжнароднай ініцыятывы.

Як падкрэсліў старшыня Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Сіцько, далучэнне да ініцыятывы дасць новы імпульс для развіцця горада, новыя рэсурсы для павышэння эфектыўнасці мясцовага самакіравання, магчымасць аб’яднаць намаганні з аднадумцамі і сябрамі ў рэалізацыі творчых здольнасцей, запатрабаванняў у правядзенні вольнага часу юнага пакалення.

У гімназіі № 1 навучэнцы школ горада і раёна, члены Маладзёжнага парламента пры Ваўкавыскім раённым Савеце дэпутатаў сабраліся, каб азнаёміцца з міжнародным праектам і абмеркаваць шляхі яго рэалізацыі. Моладзь даведалася, што ініцыятыва “Горад, дружалюбны да дзяцей” зарадзілася ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя ў якасці альтэрнатыўнага бачання гарадоў, створаных дарослымі для дарослых. У яе аснове — разуменне таго, што гарадское жыццё падвяргае дзяцей новым пагрозам і небяспекам: няўстойлівасць сем’яў, сацыяльная ізаляцыя, забруджванне навакольнага асяроддзя, павышаная небяспека ўцягвання ў крымінальныя сітуацыі, ужыванне псіхаактыўных рэчываў. Дзеці даведаліся, што ініцыятыва падхоплена амаль у 900 гарадах свету.

Улічваючы, што індэкс дружалюбнасці горада да дзяцей разлічваецца па сямі параметрах, дзеці арганізавалі падарожжа па сямі колерах вясёлкі. Першы індэкс “Удзел дзяцей у грамадскім жыцці і прыняцці рашэнняў” школьнікі звязалі з чырвоным колерам, колерам радасці і агню, які ўвасабляе імкненне чалавека да новага, да дасканаласці. Навучэнцы сярэдняй школы № 1 Росі прэзентавалі ініцыятывы грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, якія рэалізоўваюцца ў іх у пасёлку. Другі індэкс “Жылое асяроддзе” быў прадстаўлены з дапамогай аранжавага колеру. Аляксандр Раманаў з сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска падкрэсліў, што вельмі важна, каб бацькі заўсёды былі побач са сваімі дзецьмі. Навучэнка сярэдняй школы № 4 Валерыя Садоўская дабавіла ў вясёлку жоўты колер для індэкса “Бяспека дзяцей у горадзе”, а навучэнцы будаўнічага ліцэя, аб’яднаныя ў творчы калектыў “Хлопцы з ліцэя”, — зялёны колер як сімвал юнацтва, надзеі і творчасці, з якім суадносіцца індэкс “Ахова здароўя і здаровы лад жыцця”.

Блакітны колер, неабсяжны, як купал неба, такі розны, як жыццё ва ўсіх яго праяўленнях, як мага лепш падыходзіць індэкса “Адукацыя і развіццё”. На думку навучэнца сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Андрэя Гаргуна, зараз задаволенасць якасцю адукацыі падымецца на новы ўзровень, бо навучэнцы разам з педагогамі павінны будуць больш якасна і крэатыўна вырашаць пытанні ўзаемападтрымкі і ўзаемаразумення.

Узорны калектыў Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі тэатр моды “Спадчына” дадаў у вясёлку сіні колер і індэкс “Вольны час і культура”. Удзельніцы калектыву лічаць, што глыбокім, высакародным сінім колерам асветлены індэкс, бо з яго дапамогай будзе вымярацца ступень задаволенасці сістэмай арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі ў горадзе.

Вядучыя праграмы Мікалай Крэчка і Настасся Бакавец, навучэнцы гімназіі № 1 і № 2 Ваўкавыска, прадставілі апошні колер вясёлкі — фіялетавы, адзначыўшы, што гэты выбар невыпадковы: апошні індэкс — “Дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі”. А фіялетавы колер, як аметыст, сімвалізуе адкрытасць для сусвету, уменне быць для ўсіх адкрытым. Навучэнцы выказалі меркаванне, што менавіта супрацоўніцтва і дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі змогуць зрабіць наш горад і жыццё ў ім больш дружалюбным для дзяцей. І ўсе разам удзельнікі сустрэчы праспявалі гімн горада “Мой Ваўкавыск”.

Як расказала загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама Таццяна Газізава, думку аб далучэнні да ініцыятывы выношвалі даўно і рабілі пэўныя крокі: пазнаёміліся з гісторыяй ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, сабралі ўсю інфармацыю аб ініцыятыве, параіліся з кіраўніцтвам раёна, далі адзнаку па індэксах дружалюбнасці і падалі заяўку. У пачатку снежня былі запрошаны ў Мінск на Рэспубліканскую канферэнцыю “Горад, дружалюбны да дзяцей: развіццё ініцыятыў, роўныя магчымасці для дзяцей і моладзі”. І неўзабаве пытанне было вырашана.

— Далучэнне да ініцыятывы патрабуе ад ўсіх добрасумленнай працы над тым, каб мы маглі атрымаць ганаровае званне “горад, дружалюбны да дзяцей”, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Першыя крокі ўжо зроблены: прайшлі давыбары ў маладзёжны парламент (прадстаўнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у склад парламента раней не ўваходзілі), вызначана рабочая група, адказная за арганізацыю і правядзенне работы, распрацаваны план рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. У перспектыве — адкрыццё маладзёжнага цэнтра вольнага часу ў Ваўкавыску, сучаснай залы для заняткаў настольным тэнісам… І ўвогуле планаў шмат, і мы будзем старанна працаваць над іх увасабленнем у жыццё.

Ірына ВЯЛЕСІК,
загадчык Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *