Далучаюць да родных вытокаў

Фарміраванне ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці і патрыятызму — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Але як дасягнуць станоўчых вынікаў у гэтай працы? Па меркаванні педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 1 Кіраўска, для гэтага неабходна выкарыстоўваць актыўныя формы работы.

У школе з гэтай мэтай перыядычна ладзяць тэматычныя мерапрыемствы. Надоечы ўстанова акунулася ў народныя традыцыі і звычаі. Тут прайшла дэкада беларускай культуры. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лілія Царанок, дні беларускасці былі цікавымі і насычанымі падзеямі.

— Нашы настаўнікі прапанавалі навучэнцам паўдзельнічаць у выставах ілюстрацый народных казак, малюнкаў, дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Я ганаруся, што з Беларусі!”. Усе дзеці актыўна арганізоўвалі ў класах інсцэніроўкі беларускіх баек, вечары беларускай паэзіі, тэатралізаваныя паказы, інтэлектуальныя гульні, — расказала Лілія Генадзьеўна.

Завяршалася дэкада маштабным святам “Мы — беларусы”. Падчас яго настаўнікі, вучні і іх бацькі наладзілі ў фае школы сапраўдны кірмаш “Беларускія прысмакі”. Кожны, хто яго наведваў, за сімвалічную плату мог пакаштаваць нацыянальныя стравы. Дарэчы, кірмаш быў праведзены не толькі ў рамках тэматычнай дэкады. Продаж уласна прыгатаваных прысмакаў дазволіў навучэнцам установы ўнесці свой невялікі ўклад у дабрачынную акцыю БРПА, накіраваную на збор сродкаў для ўзвядзення помніка піянеру — герою СССР Марату Казею.

Акрамя кірмашу, на закрыцці дэкады педагогі і вучні школы парадавалі прысутных выдатным канцэртам. Са сцэны гучалі народныя песні, інсцэніроўкі, развагі аб паняццях Радзімы. Дапоўнілі канцэртную праграму выступленні народнага ансамбля “Мілавіца”. Без сумненняў, такія яскравыя мерапрыемствы на справе далучаюць дзяцей да родных беларускіх вытокаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *