Для раскрыцця здольнасцей гімназістаў

У Клімавіцкай раённай гімназіі імкнуцца да ўсебаковага развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў. Для раскрыцця здольнасцей гімназістаў тут прымяняюць розныя формы работы. Адна з асноўных — арганізацыя дзейнасці гімназічнага навуковага таварыства “Разумнікі і разумніцы”.

Па словах дырэктара ўстановы Андрэя Зяньковіча, гэтае вучнёўскае аб’яднанне ўзнікла восем гадоў назад з мэтай актывізацыі пазнавальнай актыўнасці дзяцей, павышэння іх цікавасці да навучання.

— Стварэнне навуковага таварыства адразу апраўдала сябе. Навучэнцам цікава займацца даследчай дзейнасцю. Гэта стымулюе іх да паляпшэння ўзроўню сваіх ведаў. Сёння ўдзельнікамі аб’яднання з’яўляецца каля трыццаці працэнтаў гімназістаў. Усе яны паспяхова ўдзельнічаюць у адпаведных конкурсах і канферэнцыях. У гэтым, вядома, заслуга нашых педагогаў, — адзначыў Андрэй Дзмітрыевіч.

Сапраўды, педагогі гімназіі плённа працуюць над рэалізацыяй талентаў адораных вучняў. Асабліва вызначыліся ў гэтай справе кіраўнік навуковага таварыства настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Красналобава, настаўніца фізікі Таццяна Карэліна, настаўнік біялогіі Уладзімір Кананчук. Як адзначыў дырэктар гімназіі, перамогам навучэнцаў папярэднічае працаёмкі працэс падрыхтоўкі і правядзення даследаванняў. Вышэйпералічаныя і іншыя педагогі падтрымліваюць пачынанні і ініцыятывы навучэнцаў. А ў цэлым імкнуцца матываваць дзяцей на асабістую пошукавую актыўнасць, самастойную дзейнасць, з’яўляючыся толькі куратарамі іх даследаванняў. Такі падыход і прыводзіць дзяцей да поспехаў.

Сумесна з педагогамі навучэнцы распрацоўваюць ідэі, якія на самай справе ўяўляюць пэўную цікавасць. Гэта экалагічны праект па абароне птушак “Птушыны свет”, праект па вывучэнні і эканоміі рэсурсаў “Энергетыка дома”, стварэнне этнатурыстычнага комплексу “Хутарок у Кліма” і многія іншыя ініцыятывы. З імі гімназісты пераможна выступаюць на розных этапах рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ сярод навучэнцаў, аналагічных міжнародных канферэнцыях, конкурсах бізнес-праектаў.

Даследаванні не толькі паляпшаюць якасць навучання, але і спрыяюць прафесійнаму самавызначэнню вучняў, таму ў далейшым у гімназіі плануюць яшчэ больш удасканальваць работу свайго навуковага таварыства.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *