Здароўе на талерцы

Добра, калі так можна сказаць пра абед у школьнай сталовай

Калі я звярнулася ў Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з просьбай назваць некалькі адрасоў устаноў адукацыі, дзе, з пункту гледжання санітарных урачоў, дасканала арганізавана харчаванне школьнікаў, мне назвалі ў тым ліку сярэднюю школу № 23, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы, дадаўшы, што гэта, канечне, не адзіны падобны прыклад. Што ж, чым больш добрых прыкладаў, тым лепш. Мы яшчэ звернемся да іх, а пакуль давайце завітаем у 23-ю школу, якая, між іншым, была адным з удзельнікаў гарадскога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя навучэнцаў, прывіцці навыкаў бяспечных паводзін і фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Рукі мылі?

Спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху № 13, сярэднія школы №№ 51, 101, дзіцячыя сады №№ 407 і 469, сярэдняя школа № 23 (гэта частка ўстаноў адукацыі Мінска), паказалі сябе з лепшага боку ў названым конкурсе. Дакладней, пералічаныя ўстановы, як і многія іншыя, былі ўдзельнікамі конкурсу, што праводзіўся напрыканцы 2016 года, у намінацыі “Лепшая арганізацыя здаровага і рацыянальнага харчавання навучэнцаў і выхаванцаў”.

Кожны ўдзельнік запомніўся журы асаблівасцямі пры агульнай добрай арганізацыі харчавання школьнікаў, многім ёсць чым пахваліцца. Ініцыятарамі конкурсу выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, гарадскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі, турысцка-экалагічны цэнтр, вучэбна-метадычны цэнтр дзяцей і моладзі. Вынікі спаборніцтва падведзены, але пра іх мы раскажам пазней, калі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання.

Пакуль жа вернемся да 23-й школы. Установа размяшчаецца на ўскраіне горада ў сталічным мікрараёне Сухарава. Школа даволі новая (ёй 7 гадоў) і вельмі вялікая — тут вучыцца больш за 1200 дзяцей і працуе прыкладна 100 педагогаў на чале з дырэктарам Святланай Вячаславаўнай Сачко.

Адна трэцяя навучэнцаў школы — з мнагадзетных сем’яў, адна пятая — з няпоўных, таму зразумела, што бясплатныя снеданні, двух- і трохразовае харчаванне атрымлівае даволі шмат хлопчыкаў і дзяўчынак. Так, бясплатныя снеданні атрымліваюць 330 чалавек, 309 з якіх — вучні 1—4-х класаў, а таксама навучэнцы спартыўнага класа, дзеці з сем’яў, дзе адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам першай або другой групы, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Двухразовае бясплатнае харчаванне арганізавана для 263 хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў, двух дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, 16 дзяцей-інвалідаў (у школе ёсць інтэграваныя класы). Тры разы ў дзень у школе харчуюцца 25 дзяцей з мнагадзетных сем’яў і 2 дзіцяці-інваліды. Гэта адбываецца, калі дзеці застаюцца ў групе прадоўжанага дня.
— У сувязі з тым, што школа такая вялікая, наш харчаблок працуе без перапынкаў увесь дзень, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Мікалаеўна Хурсевіч. — За адзін перапынак сталовую наведвае амаль 250 вучняў. Пачынаецца харчаванне ў 8.45 раніцы, заканчваецца ў 16 гадзін 10 хвілін, таму і ўваход у сталовую падзелены на два патокі, а буфет размяшчаецца ў асобным пакоі.

Паколькі да візіту ў 23-ю школу мяне падштурхнула ацэнка спецыялістаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, перш за ўсё звяртаю ўвагу на рады ўмывальнікаў пры ўваходзе ў залу. Дарэчы, мыццё рук навучэнцамі перад ядой — адзін са складнікаў, які абавязкова адсочваюць дзяжурныя педагогі і школьнікі кожны дзень (што робіцца ў кожнай навучальнай установе) і ўносяць у спецыяльную кантрольную картку (а гэта ўбачыць можна далёка не ўсюды). У гэтай картцы, дарэчы, адзначаюцца таксама спраўнасць умывальнікаў, наяўнасць гарачай вады, умовы для сушкі рук, наяўнасць поўнага камплекта спецадзення для дзяжурных, аднаразовых пальчатак, ацэнка санітарнага стану абедзеннай залы, захаванне асабістай гігіены персаналам блока харчавання, выкананне прыкладнага меню, наяўнасць дыетычнага харчавання, чэргі ў буфеце і іншыя параметры.

Медыцынскі работнік (іх у школе нават два) разам з дзяжурным адміністратарам аглядае дзяжурных вучняў і работнікаў кухні, каб у іх не было ніякіх бачных воку захворванняў. Такую форму кантролю прапанаваў школе Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна, і ўстанова адукацыі гэтым скарысталася, завёўшы журнал здароўя.

Смайлік за смак

Калі ж зазірнуць на кухню, дзе гаспадараць работнікі Фрунзенскага раённага камбіната школьнага харчавання, то можна ўбачыць новае і ўжо не вельмі новае сучаснае абсталяванне, напрыклад, параканвектамат. Хаця ўсё блішчыць так, што без тлумачэнняў супрацоўнікаў блока і не зразумееш, што і ў якім годзе тут з’явілася — усё выглядае як новенькае. Адны з апошніх набыткаў — сушыльная шафа для сталовых прыбораў (яе школа купіла за пазабюджэтныя сродкі), частка мэблі, кацёл для варкі. Унесены змяненні і ў афармленне залы. Так, для яе набыты вялікі тэлевізар, з дапамогай якога праводзяць мерапрыемствы з салодкімі сталамі ў рамках шостага школьнага дня: пасвячэнне ў першакласнікі, дні імяніннікаў і г.д.

Але наяўнасць сучаснай тэхнікі наўрад ці хвалюе галоўных знаўцаў тутэйшай кухні — школьнікаў. Ім важна, каб у школьнай сталовай смачна кармілі. Пасля размовы з двума хлопчыкамі, вучнямі 5 і 6 класаў школы № 23 Арцёмам Арлоўскім і Радзівонам Масленкам, высветлілася, што безумоўныя лідары сярод страў — курыны шашлычок, адбіўныя, пюрэ. Здзіўляцца такому, канечне, не прыходзіцца, галоўнае, што стравы гэтыя карысныя, таму — на здароўе. Праўда, Арцём адзначыў, што яму падабаюцца таксама рыбныя катлеты.
Як паказвае анкетаванне, харчаванне ў школе падабаецца 92% школьнікаў і 96% бацькоў. Анкета для дарослых “Харчаванне школьнікаў вачыма бацькоў” уключае ў тым ліку і пытанне пра задаволенасць бацькоў санітарным станам сталовай, якасцю прыгатаванай ежы, работай буфета. Дарэчы, любы жадаючы бацька або маці, як, безумоўна, і іх дзеці, могуць даведацца пра меню школьнай сталовай, якое штодня дэманструюць па тэлевізары, размешчаным у холе — нават да сталовай ісці не трэба.

Ды і стравы можна выбіраць на свой густ, а плаціць за іх кожны дзень асобна — у школе ўведзены папярэдні заказ страў на заўтра з трох варыянтаў. Класны кіраўнік складае па гэтых заяўках меню да 14.00, робіць папярэднюю заяўку, на наступны дзень да 8.30 раніцы ўдакладняе яе, калі трэба. Можна, напрыклад, узяць катлету не з пюрэ, а з салатам або заказаць адразу дзве катлеты, што для старшакласнікаў, канечне, важна. У любым выпадку кошт комплексу не можа перавышаць 2,5 рубля, а вось меншым можа быць.

Бацькоўскія камітэты класаў праводзяць свае рэйды-праверкі арганізацыі і якасці харчавання, як і члены савета лідараў навучэнцаў, якія ўваходзяць у “Дружыну здароўя”. Зразумела, як і ўсюды, тут працуюць бракеражная камісія і савет па харчаванні. Дзеці ацэньваюць работу сталовай няхай не ў строгай, затое ў забаўнай і даступнай форме — размяшчаюць на спецыяльным стэндзе ў абедзеннай зале вясёлыя або сумныя смайлікі ў залежнасці ад таго, спадабалася або не спадабалася ім ежа. Хаця пры жаданні ацаніць такім чынам снеданне, абед або падвячорак можа любы дарослы: педагогі, бацькі, госці.

Зрэшты, агульнашкольныя сходы “Здаровыя дзеці — шчаслівыя бацькі” з удзелам дырэктара камбіната школьнага харчавання раёна і ўрача-тэрапеўта, класныя гадзіны “Асновы правільнага харчавання”, “Пра што можа расказаць упакоўка”, інтэрактыўная віктарына “Здаровае харчаванне”, конкурс рэцэптаў і іншыя падобныя мерапрыемствы таксама сталі абавязковымі ў школе.

— Я кіраўнік метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце Фрунзенскага раёна, — гаворыць Н.М.Хурсевіч, — таму маю магчымасць на метадычных мерапрыемствах пераймаць вопыт у калег і самае цікавае увасабляць у сваёй школе. Ды і дырэктар нашай установы нярэдка прапаноўвае цікавыя ідэі, якія мы потым ажыццяўляем.

Хаця і на базе школы № 23 неаднойчы праводзіліся гарадскія і рэспубліканскія семінары па харчаванні, наладжаныя гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. У 2015 годзе пераймаць вопыт сюды нават прыязджалі калегі з Масквы, і ім вельмі спадабалася беларуская сістэма школьнага харчавання.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 23 Мінска.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *