Падарунак юным калегам

Настаўнік Вячаслаў Анатольевіч Саракавік і вучні Вішнявецкай сярэдняй школы з цікавасцю абступілі новую лічбавую відэакамеру. Яны ахоплены радасным прадчуваннем таго, як будуць разам вывучаць новую тэхніку, спасцігаць яе шматлікія магчымасці і ажыццяўляць з яе дапамогай самыя смелыя свае задумкі.

Вішнявецкая сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна — невялікая сельская навучальная ўстанова. “Дзівоснае месца — наша школа! Гэта месца, куды бяжыш з радасцю, тут нас чакаюць сябры, зносіны і шмат-шмат цікавага! Гэта дом нашага дзяцінства”, — так са шчырай любоўю гавораць аб школе яе вучні. У гэтым доме “жывуць” 110 гаманлівых і таленавітых вучняў і “гаспадараць” 20 педагогаў. Невялікія памеры і сельская “прапіска” не перашкаджаюць настаўнікам школы крочыць у нагу з часам, працаваць у інавацыйным рэжыме творчага пошуку. Адным з вынікаў гэтага пошуку з’яўляецца работа школьных сродкаў масавай інфармацыі.

Шэсць гадоў у школе аматараў журналістыкі аб’ядноўвае гурток “Юны карэспандэнт”. У 2010 годзе пачала выдавацца вучнёўская газета “Лістапад”, праз тры гады пабачыла свет школьнае інфармацыйна-метадычнае выданне “Новы погляд”. А ў мінулым годзе юныя карэспандэнты стварылі школьнае тэлебачанне, якое носіць назву “Наша тэлебачанне”.

Гурток дзейнічае пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы Вячаслава Анатольевіча Саракавіка. Разам з ім навучэнцы здымаюць сюжэты для школьнага тэлебачання. Вячаслаў Анатольевіч — сапраўдны падзвіжнік, цалкам захоплены любімай справай. Ён ніколі не меў дачынення да тэлебачання і не ведаў, як ствараецца тэлевізійны прадукт, але, аднойчы зацікавіўшыся, пачаў вывучаць гэтую справу — самастойна навучыўся здымаць, асвоіў праграмы для відэамантажу. І ўсё гэта рабіў з такой апантанасцю, што заразіў ёй сваіх вучняў. І вось яны ўжо разам выдаюць у эфір школьныя навіны, а школа пачынае педагагічны праект “Рэалізацыя мадэлі школьнага тэлебачання як умова стварэння інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара школы Таццяны Іванаўны Белановіч.

Для далейшага развіцця “Нашага тэлебачання” не хапала толькі вопыту і добрай тэхнікі. І калі вопыт і веды Вячаслаў Анатольевіч з яго захопленасцю, стараннасцю і настойлівасцю, безумоўна, набудзе самастойна, то аб прафесійнай відэакамеры даводзілася толькі марыць. Аднак у нашым жыцці ёсць месца для цудаў, і гэтая мара нечакана для юных карэспандэнтаў і іх кіраўніка спраўдзілася з дапамогай “Настаўніцкай газеты”.

Знаёмства карэспандэнтаў нашай газеты з Вішнявецкай школай адбылося ў лістападзе падчас прэс-туру па Мінскай вобласці. Педагогі і вучні ўстановы тады прадэманстравалі свой вопыт стварэння школьных сродкаў масавай інфармацыі і магчымасці іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Зразумела, сёння здзівіць існаваннем школьных СМІ складана, аднак вучні і педагогі школы здзівілі журналістаў іншым — сваёй неверагоднай шчырасцю, сваім “гарэннем” і адносінамі да справы. Здзівілі, парадавалі і кранулі настолькі, што з’явілася жаданне падтрымаць іх творчыя пачынанні.

І вось у разгар навагодніх і калядных свят у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” каманда “Настаўніцкай газеты” зноў у Вішняўцы.

— Шчыра кажучы, наша ўзаемадзеянне са школай падчас прэс-туру не прадугледжвала іншага працягу, акрамя інфармацыйнага, — звярнуўся да настаўнікаў, вучняў і бацькоў, якія прыйшлі на сустрэчу, Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, галоўны рэдактар газеты. — Аднак, трапіўшы сюды, мы ўбачылі творчы калектыў, дзяцей, апантаных не толькі вучобай, але і любімай справай. Ваша жаданне паспрабаваць сябе ў журналістыцы і крокі на гэтым шляху выклікалі ў нас жаданне дапамагчы вашай мары спраўдзіцца, бо мары дзяцей павінны здзяйсняцца, а цуды адбывацца, асабліва ў самы чароўны час — калядныя і навагоднія дні. Таму мы падрыхтавалі для вас падарунак, які, спадзяёмся, стане маленькім укладам у тэхнічны складнік вашага каласальнага творчага праекта.

Навучэнцаў і супрацоўнікаў школы чакаў сюрпрыз: у якасці каляднага падарунка ад “Настаўніцкай газеты” яны атрымалі сучасную лічбавую відэакамеру, якую дасведчаныя ў гэтай справе супрацоўнікі рэдакцыі выбіралі “як для сябе”. Намеснік галоўнага рэдактара газеты Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў, на чыім рахунку рэалізацыя многіх творчых праектаў, правёў для юных карэспандэнтаў майстар-клас. Таксама галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў уручыў падзякі аддзелу адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама, а таксама калектыву Вішнявецкай сярэдняй школы за актыўны ўдзел у арганізацыі і паспяховым правядзенні прэс-туру.

— У кожнага ёсць патаемныя жаданні, але нам, дарослым, з цягам часу ўсё менш верыцца ў тое, што яны здзейсняцца. Дзякуй вам за тое, што мы ўсе зноў паверылі ў цуды, дзякуй за падарунак — каштоўны і патрэбны. З яго дапамогай у нас з’явяцца новыя адкрыцці і здзяйсненні, — шчырыя словы падзякі гучалі ў адрас “Настаўніцкай газеты” ад дырэктара школы Ірыны Яўгенаўны Клачко.

А найлепшай для супрацоўнікаў рэдакцыі падзякай была радасць дзяцей. Іх шчырыя эмоцыі сталі калядным падарункам для нас, бо лепей, чым убачыць цуд, можа быць толькі адно — стварыць цуд для некага.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *