Пляцоўка самаразвіцця асобы

Адным з прыярытэтных напрамкаў работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі з’яўляецца праца з вучнямі, якія стаяць на розных відах уліку (СНС, ІСН, УШК). Гэтая катэгорыя падлеткаў патрабуе сістэматычнага і мэтанакіраванага ўздзеяння розным псіхолага-педагагічным інструментарыем з мэтай карэкцыі сацыяльна непажаданых форм паводзін, прафілактыкі крызісных станаў, развіцця маральнай і духоўнай культуры асобы. Тым не менш дасягненне гэтых мэт, нават пры тытанічных намаганнях усяго педагагiчнага калектыву, немагчыма без актыўнай пазіцыі саміх вучняў, якія імкнуцца змяніць сябе самі праз самаразвіццё, самаўдасканаленне, самастанаўленне.

У той жа час стыхійнае самаразвіццё, як правіла, не прыносіць значных вынікаў. Пакуль будзе пабудавана ўласная праграма самаразвіцця ў адпаведнасці са сваімі жаданнямі і здольнасцямі, будзе патрачана нямала часу, дапушчана мноства памылак. Таму самаразвіццё, асабліва на пачатковым этапе, мае патрэбу ў суправаджэнні з боку педагога-псіхолага, які дапаможа падлетку разабрацца ў сабе з дапамогай псіхалагічнага інструментарыю.

У сярэдняй школе № 4 Навагрудка для вучняў, якія стаяць на розных відах уліку, арганізавана работа “Пляцоўкі самаразвіцця асобы”, прыярытэтнай мэтай якой з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання ў вучняў рыс асобы, здольнай да самавыхавання, самаразвіцця, самаўдасканалення ў сацыяльна пажаданым кірунку.

Дасягненне гэтай мэты ажыццяўляецца праз вырашэнне шэрага задач.

Па-першае, фарміраванне ў вучняў матывацыі на дасягненне поспеху ў жыцці праз сацыяльна дазволеныя формы паводзін.

Рэалізацыя гэтай задачы прадугледжвае работу ў трох кірунках:

  1. Фарміраванне матывацыі дасягнення поспеху ў жыцці (прагляд і абмеркаванне матывуючых фільмаў і відэаролікаў, сустрэчы з паспяховымі людзьмі).
  2. Фарміраванне ў вучняў уяўлення аб прафесійна арыентаваным развіцці як неабходнай умове для дасягнення поспеху (развіццёвыя заняткі “Выбіраеш прафесію — выбіраеш жыццёвы шлях”, інтэрактыўная гутарка “Памылкі пры выбары прафесіі”).
  3. Фарміраванне ў вучняў патрэбы дасягаць поспеху толькі сацыяльна прымальным спосабам (сустрэчы з супрацоўнікамі ІСН, у ходзе якіх падкрэсліваецца, што поспех, дасягнуты супрацьпраўнымі дзеяннямі, караецца законам, прыводзяцца канкрэтныя прыклады; духоўна-маральная гутарка дзяўчат са святаром Праваслаўнай царквы на тэму “Таямніца жаночага шчасця”, кіналекторый “Падлетак і закон” і інш.).

Па-другое, навучанне непаўналетніх навыкам самапазнання, самааналізу (трэнінг “Пазнай сябе”, круглы стол “Метады самадыягностыкі”, рэфлексія ў канцы кожных заняткаў).

Па-трэцяе, прафілактыка суіцыдальных паводзін, павышэнне жыццеўстойлівасці (трэнінгі “Як падняць сабе настрой”, “Спосабы барацьбы са стрэсам”, духоўна-маральная гутарка са святаром Праваслаўнай царквы на тэму “Жыццё — вялікі Божы дар” і інш.).

Падобныя заняткі накіраваны на зняцце ў вучняў псіхаэмацыянальнага напружання, павышэнне жыццеўстойлівасці, на ўменне вырашаць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, на ўменне су­працьстаяць стрэсавым фактарам.

Напрыклад, пры правядзенні трэнінгу “Спосабы барацьбы са стрэсам” вучні выконвалі наступныя заданні.

Практыкаванне “Аса­цыяцыі да слова “стрэс”

— Я прапаную пагуляць у асацыяцыі. Для гэтага патрэбна кары­стацца наступным правілам: як толькі будзе названа слова, неабходна адразу выказаць свае асацыяцыі да яго (вядучы называе слова “стрэс” і піша яго на дош­цы, а затым запісвае побач словы-асацыяцыі ўдзельнікаў групы да гэтага слова).

Пытанні для абмеркавання:

— Як вы лічыце, чаму большасць нашых асацыяцый да слова “стрэс” мае негатыўную афарбоўку?

— Чаму да слова “стрэс” былі названы і пазітыўныя асацыяцыі?

Практыкаванне “Скульптура стрэсу”

— А зараз я прапаную падзяліцца на дзве групы. Кожная з груп займае месца ў памяшканні, якое аддалена ад іншай групы. Вам трэба з выкарыстаннем усіх удзельнікаў сваёй групы зрабіць адну скульптуру пад назвай “Стрэс”. На выкананне гэтага задання адводзіцца 5—7 хвілін.

Пасля сігналу вядучага аб заканчэнні задання першай групе прапануецца паказаць сваю скульптуру, а ўдзельнікам другой групы даецца заданне:

— Уявіце, што вы прыйшлі ў музей скульптур, звязаных з жыццём чалавека. Што вы адчуваеце і думаеце, калі разглядаеце гэтую (зробленую першай групай) скульптуру? Што вы разумееце, бачачы гэтую работу? Што ў гэтай скульптуры здаецца вам самым важным?

Далей групы мяняюцца месцамі: адна — дэманструе “скульптуру”, а другая ўяўляе сябе ў музеі і абмяркоўвае ўбачанае.

Практыкаванне “Лімба”

— Давайце патанцуем! Танец — адзін са спосабаў барацьбы са стрэсам. Зараз мы выканаем практыкаванне “Лімба”. Лімба — гэта каўбойскі танец-гульня, які заключаецца ў праходзе чалавека пад загадзя ўстаноўленай рэйкай. Пад музыку ўдзельнікі танца павінны праходзіць пад рэйкай, вышыня якой робіцца ўсё ніжэй­шай. Прайграе той, хто звальвае няўстойліваю рэйку. Слова “лімба” з’явілася ў канцы XVI стагоддзя. У некаторых афрыканскіх плямёнах гэты танец азначае перамогу жыцця над смерцю.

Пытанні для абмеркавання:

— Якія эмоцыі ў вас узніклі пры выкананні гэтага практыкавання?

— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся?

Па-чацвёртае, актуалізацыя ў вучняў унутраных механізмаў самаразвіцця. Ажыццяўляецца праз рэалізацыю прынцыпу актыўнасці асобы, які прадугледжвае наяўнасць у падлеткаў магчымасці самім абумоўліваць свае паводзіны, праяўляць ініцыятыву, уплы­ваць на падзеі, якія адбываюцца пры рабоце пляцоўкі. Гэта робіць вучняў не аб’ектамі, а суб’ектамі ўласнага развіцця. Абмеркаванне пажаданняў вучняў адносна наступных заняткаў — традыцыйны элемент заключнай часткі любых заняткаў. Падлеткам даецца магчымасць праявіць ініцыятыву, паўплываць на планаванне работы пляцоўкі, на выбар форм работы. Задачай кіраўніка пляцоўкі, педагога-псіхолага пры гэтым з’яўляецца накіраваць ініцыятыву вучняў у пазітыўнае рэчышча, адабраць для наступнай працы найбольш рацыянальныя і сацыяльна прымальныя прапановы.

Сюды можна аднесці і практыкаванні творчага характару, якія прадугледжваюць свабоду мыслення, пазбаўленне ад моўных шаблонаў і стэрэатыпаў.

Па-пятае, фарміраванне ў вучняў ведаў па псіхалогіі чалавека для свядомага кіравання сваім развіццём (дыспут “Што такое асоба”, круглы стол “Што такое эмоцыі і пачуцці і навошта яны нам патрэбны”).

Па-шостае, аказанне дапамогі падлеткам у распрацоўцы ўласнай праграмы самаразвіцця. Пры рэалізацыі гэтай задачы работа вядзецца ў двух кірунках:

  1. Развіццё пазітыўных якасцей асобы, псіхічных працэсаў пры дапамозе педагога-псіхолага (трэнінгі “Эфектыўны самакантроль”, “Канфлікты. Шляхі іх вырашэння”, “Як выхаваць у сабе сілу волі” і інш.).
  2. Індывідуальная работа з вучнямі, дзе педагог-псіхолаг, строга выконваючы прынцып ананімнасці, дапамагае скласці ўласную праграму самаразвіцця, пераадолець цяжкасці ў самавыхаванні кожнаму дзіцяці паасобку, праводзіць індывідуальную дыягностыку (“Шкала безнадзейнасці Бека”, “Шкала трывожнасці Тэйлара” і інш.), каб не дапусціць непажаданых вынікаў у паводзінах.

Змест работы таксама падбіраецца з улікам актуальнага праблемнага поля горада, вобласці, краіны ў цэлым. Напрыклад, пры росце колькасці дзяцей, пастаўленых на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх за распіццё алкагольных напояў, у работу пляцоўкі былі ўключаны заняткі “Прававыя наступствы ўжывання алкагольных напояў непаўналетнімі ў Рэспубліцы Беларусь”, “Складнікі здаровага ладу жыцця”. Падобныя заняткі прызначаны для таго, каб накіраваць развіццё і самаразвіццё падлеткаў у сацыяльна прымальнае рэчышча.

У адпаведнасці з сучаснай тэндэнцыяй да спецыя­лізацыі, на заняткі пляцоўкі запрашаюцца вузкія спецыялісты: прадстаўнікі ІСН — для прававой асветы, медыцынскія работнікі — для валеалагічнай, прадстаўнікі Праваслаўнай царквы — для духоўна-маральных гутарак, паспяховыя людзі — для таго, каб паказаць дзецям на канкрэтным прыкладзе, як самаразвіццё можа прывесці да поспеху ў жыцці. Прафесіяналы ў сваёй галіне, якія валодаюць адпаведнымі пасадамі і статусам, істот­ным чынам узмацняюць выхаваўчы эфект заняткаў.

Як правіла, заняткі праходзяць па суботах у шосты школьны дзень і ў час канікул, што спрыяе паляпшэнню кантролю за занятасцю непаўналетніх у вольны час.

Такім чынам, “Пляцоўка самаразвіцця асобы” ўяўляе сабой такую форму занятасці, вынікі якой прыносяць карысць як самім падлеткам, так і грамадству ў цэлым. Дасягненне поспеху ў жыцці з’яўляецца магутным стымулам да самаўдасканалення і самаразвіцця непаўналетніх, а іх сацыяльная накіраванасць зніжае рызыку ўзнікнення антыграмадскіх паводзін, якія ідуць у разрэз з заканадаўствам і прынцыпамі гуманізму.

Юрый ВЛАДЫКА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 4 Навагрудка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *