У гармоніі са знешнім светам

У 2015 годзе на базе Бярэзінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра быў адкрыты пакой псіхалагічнай разгрузкі “Гармонія”. Такая форма работы ў Бярэзінскім РСПЦ і ў раёне ў цэлым раней не праводзілася.

Работа пакоя накіравана перш за ўсё на ахову нервова-псіхічнага здароўя, аказанне своечасовай кваліфікаванай псіхолага-педагагічнай дапамогі па пераадоленні дзіцячых праблем, звязаных з неспрыяльнымі ўмовамі жыцця (хваляванні, стрэсы, нервова-псіхічнае напружанне).

Асноўная мэта — даць дадатковыя магчымасці для паляпшэння сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей, актывізацыі працэсаў актыўнага прыстасавання да соцыуму.

Задачы, якія вырашае пакой псіхалагічнай разгрузкі, наступныя:

1) Псіхакарэкцыя эмацыянальнай сферы і паводзінскіх парушэнняў:

— навучанне разуменню эмоцый навакольных, уменню распазнаваць і ўсведамляць свае эмоцыі, перадаваць іх сацыяльна прымальнымі спосабамі;

— фарміраванне адэкватнай самаацэнкі;

— памяншэнне страхаў, якія перажываюцца, агрэсіўнасці;

— навучанне спосабам самарэгуляцыі;

— карэкцыя рэзкіх і нематываваных хістанняў настрою, пасіўнасці, запальчывасці, празмернай нясмеласці, сарамлівасці, ранімасці або павышанай крыўдлівасці;

— развіццё здольнасці да адвольнай рэгуляцыі дзейнасці (зніжэнне імпульсіўнасці, няўседлівасці);

— павышэнне ўстойлівасці да стрэсагенных раздражняльнікаў.

2) Стварэнне ўмоў для аптымальнага развіцця вышэйшых псіхічных функцый:

— актывізацыя і развіццё ў дзяцей сенсорных функцый: зрокавага і слыхавога ўспрымання, дотыку і прасторавага ўспрымання;

— развіццё памяці, маўлення, фантазіі, арыгінальнасці мыслення;

— развіццё ўласцівасцей увагі: устойлівасці, канцэнтрацыі, аб’ёму і інш.

3) Развіццё сацыяльна прымальных навыкаў зносін і ўзаемадзеяння з навакольнымі людзьмі:

— развіццё пазітыўных зносін дзяцей і ўзаемадзеяння адно з адным;

— нармалізацыя ўзаемаадносін паміж дзецьмі ў зносінах;

— навучанне ўменню прадбачыць наступствы сваіх дзеянняў;

— навучанне ўменню адаптавацца да зменлівых сацыяльных умоў.

4) Карэкцыя “школьных праблем”:

— развіццё пазнавальнай цікавасці і цікавасці да даследчай дзейнасці;

— павышэнне матывацыі да навучання;

— зняцце стрэсаў у вучэбнай дзейнасці (перыяд падрыхтоўкі да экзаменаў, залікаў, кантрольных).

У сферы адукацыі Рэспублікі Беларусь вызначаны прыярытэтныя мэты і задачы, вырашэнне якіх патрабуе пабудовы адэкватнай сістэмы псіхолага-педагагічнага суправаджэння. Асаблівасцю развіцця сістэмы суправаджэння на сучасным этапе з’яўляецца стварэнне спрыяльных для здароўя навучэнцаў умоў навучання і выхавання (здароўе фізічнае, псіхічнае і сацыяльнае). На нашу думку, адным з прыярытэтных з’яўляецца здароўе псіхічнае, а ва ўмовах сучаснай школы гэта здароўе, якое тычыцца ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Неспакойны рытм жыцця навучэнцаў, педагогаў часта вядзе да павышанага напружання, няўмення расслабіцца, выходзіць са стрэсавага стану. Акрамя таго, інтэнсіўнае навучанне па некаторых прадметах прад’яўляе пэўныя патрабаванні да зняцця псіхічнага напружання. Дзеці больш адчувальныя, чым дарослыя, і ў выніку больш неабароненыя, часцей адчува­юць трывогу і хваляванне. Свет успрымаецца як варожы, ускладняюцца кантакты з навакольнымі, што часта прыво­дзіць да заніжанай самаацэнкі. Сутыкаючыся з масай цяжкасцей, дзеці становяцца няўпэўненымі ў сваіх сілах, зніжаецца іх пазнавальная матывацыя, з’яўляюцца праблемы са здароўем. Ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ўзнікаюць складаныя сітуацыі і праблемы.

Прыярытэтная мэта адукацыі — забеспячэнне высокай якасці, якая не зводзіцца толькі да адукацыі, набору ведаў і навыкаў, але звязана і з выхаваннем, паняццем “якасць жыцця”, якое раскрываецца праз такія катэгорыі, як здароўе, самарэгуляцыя, самадыягностыка.

У цяперашні час неабходна дапамагаць навучэнцам, педагогам у авалоданні навыкамі самарэгуляцыі, самарэалізацыі, паколькі менавіта гэтыя якасці з’яўляюцца залогам здаровага ладу жыцця чалавека.

У пакоі псіхалагічнай разгрузкі педагогі-псіхолагі з дапамогай розных спосабаў ствараюць камфорт і бяспеку. Такія ўмовы спрыяюць паляпшэнню эмацыянальнага стану, зніжэнню трывогі і агрэсіўнасці, зняццю нервовага ўзбуджэння і трывожнасці, нармалізацыі сну, актывізацыі мазгавой дзейнасці, паскарэнню аднаўленчых працэсаў пасля захворванняў. Спецыяльна распрацаванае абсталяванне пакоя дапамагае дзецям вучыцца спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі, вяртаць душэўную раўнавагу і ўмацоўваць здароўе. Для кожнага дзіцяці заняткі ў пакоі з’яўляюцца водгукам на яго ўнутранае імкненне да паўнацэннага развіцця.

Акрамя таго, пакой псіхалагічнай разгрузкі павышае эфектыўнасць любых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека. Заняткі ў пакоі забяспечваюць хуткае наладжванне станоўчага кантакту паміж дзіцем і дарослым, што выклікае давер і павагу дзіцяці да дарослага і настройвае на эфектыўную і выніковую работу.

Работа пакоя псіхалагічнай разгрузкі арыентавана перш за ўсё на аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама дзецям з устаноў адукацыі Бярэзінскага раёна.

Крытэрыямі адбору дзяцей у групу для заняткаў з’яўляюцца:

— пражыванне дзіцяці ў траўміруючых стрэсагенных умовах (сямейная нядробранадзей­насць, экзамены, канфлікты);

— асобасныя асаблівасці дзіцяці (праблемы з кантролем за сваімі паводзінамі і эмоцыямі, школьныя праблемы, парушэнне камунікацыі).

Для работы ў пакоі псіхалагічнай разгрузкі фарміруюцца групы дзяцей:

— з улікам узросту: малодшая група (дзеці ад 4 да 6 гадоў), сярэдняя (ад 6 да 10 гадоў), старэйшая група (ад 11 да 17 гадоў);

— колькасны склад: ад 2 да 5 чалавек.

Таксама праводзяцца заняткі ў індывідуальным парадку.

Вынікамі работы пакоя з’яўляюцца набыццё дзецьмі навыкаў адвольнай самарэгуляцыі, зніжэнне трывожнасці і агрэсіўнасці, фарміраванне ўмення разумець і прымаць эмацыянальны стан і свой, і навакольных, уменне ўзаемадзейнічаць у групе, дасягненне расслаблення, умацаванне фізічнага, псіхалагічнага і духоўнага здароўя, зняцце мышачнага і псіхаэмацыянальнага напружання, павышэнне самаацэнкі, упэўненасці ў сабе, самапрыняцця, стрэсаўстойлівасці.

Для кантролю вынікаў да пачатку і пасля заканчэння цыкла заняткаў праводзіцца дыягностыка дзяцей, якая ўключае эмацыянальны стан дзіцяці, а таксама яго індывідуальныя асаблівасці: самаацэнку, агрэсіўнасць, стыль паво­дзін у канфлікце, трывожнасць, цікавасці і патрэбы, асаблівасці зносін і ўзаема­дзеяння ў калектыве.

Выбар дыягнастычных методык залежыць ад вопыту і пераваг дыягноста. Педагогі-псіхолагі Бярэзінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра выкарыстоўваюць у рабоце:

— методыку вывучэння самаацэнкі Дэмбо-Рубінштэйн у мадыфікацыі Г.М.Пры­ха­жан;

— тэст вызначэння стылю паводзін у канфлікце К.Томаса;

— тэст школьнай трывожнасці Філіпса;

— тэст “Страхі ў доміках” (мадыфікацыя М.А.Панфілавай);

— шкалу асобаснай трывожнасці Г.М.Пры­хажан;

— методыку “Малюнак неіснуючай жывёлы”;

— апытальнік А.Баса і А.Даркі;

— методыку дыягностыкі схільнасці асобы да канфліктных паводзін (паводле К.Томаса);

— методыку “Асобасная агрэсіўнасць і канфліктнасць” (Я.П.Ільіна, П.А.Кавалёва) і інш.

За навучальны год у пакоі псіхалагічнай разгрузкі прайшлі рэабілітацыю 23 выхаванцы прытулку, 10 непаўналетніх, дзеці, прызнаныя тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З трыма непаўналетнімі арганізавана работа па заявах бацькоў.

Вольга КАНАПАЦКАЯ,
дырэктар Бярэзінскага раённага СПЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *