Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць іх”

 

21 снежня прэзідэнт краіны прыняў шэраг кадравых рашэнняў. Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі назначана Наталля Качанава, першым намеснікам — Максім Рыжанкоў.

Кіраўнік дзяржавы паставіў перад новымі кіраўнікамі канкрэтныя задачы па рэфармаванні Адміністрацыі прэзідэн­та, аптымізацыі і дэбюракратызацыі работы ўсяго дзяржапарату, узаемадзеянні Адміністрацыі прэзідэнта з галінамі ўлады, у тым ліку на мясцовым узроўні праз памочнікаў прэзідэнта.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць на ідэалагічную і кадравую работу.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы звярнуцца да некаторых пытанняў функцыянавання Адміністрацыі прэзідэнта. “Але перш за ўсё хачу сказаць публічна аб тым (нават не ведаю, як гэта назваць: ці то ўкіды, ці то меркаванні ў СМІ наконт назначэнняў у Адміністрацыі прэзідэнта), што я пачуў гэтыя прапановы і ад нашых апазіцыйна мыслячых грамадзян, і ад так званай апазіцыі, і ад пятай калоны — іх прадстаўнікоў. Усе прапановы я пачуў і пры разгля­дзе кандыдатур, вядома ж, улічыў іх”, — сказаў ён.

Прэзідэнт ахарактарызаваў Наталлю Качанаву як вопытнага дзяржаўнага дзеяча, вельмі адданага дзяржаве чалавека. “Чалавек, які прыйшоў знізу. Для мяне гэта вельмі важна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у Адміністрацыі прэзідэнта патрэбны тонкі і гібкі арганізатар бягучых працэсаў і вырашэння адпаведных пытанняў. “Працуючы ва ўрадзе, вы ўжо ўбачылі тое, што трэба рабіць і чаго рабіць ні ў якім разе нельга. Так ці інакш, вам давядзецца сутыкацца і абапірацца на той вопыт работы, які вы набылі ва ўрадзе”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да Наталлі Качанавай.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў арганізатарскія здольнасці Максіма Рыжанкова, нягледзячы на некаторыя правалы ў спорце. “Гэта, зразумела, не столькі ваша віна. Але мяне падкупляе ваша адказнасць і перажыванне за справу, а таксама энергія, з якой вы працуеце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт разлічвае, што сумесная работа Наталлі Качанавай і Максіма Рыжанкова дасць добры эфект.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць ідэалагічнага складніка ў рабоце Адміністрацыі прэзідэнта. “А культура, спорт, ды і ахова здароўя — гэта галоўная аснова нашай ідэалогіі”, — адзначыў ён. Пры гэтым акцэнт робіцца менавіта на канкрэтных дзеяннях у той ці іншай сферы, а не проста на абмеркаванні ў СМІ, хоць абмеркаванне таксама павінна быць, прычым сумленным і аб’ектыўным.

Яшчэ адзін напрамак для рэфармавання работы — функцыі і адказнасць памочнікаў кіраўніка дзяржавы. “Прэзідэнт, паводле Канстытуцыі, выведзены над галінамі ўлады. І прэзідэнту трэба працаваць з гэтымі галінамі ўлады праз памочнікаў”, — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што павінны быць памочнікі па рабоце з заканадаўчай галіной улады, судовай, па рабоце з банкаўскім сектарам і, магчыма, яшчэ па нейкіх напрамках. “Усе астатнія пасады памочнікаў і іншыя павінны быць скарочаны. Яны сёння адыгралі сваю ролю і практычна не патрэбны”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт бачыць неабходнасць ва ўдасканаленні работы і памочнікаў — галоўных інспектараў у рэгіёнах. “Яны нават з прэзідэнтам рэдка сустракаюцца. Гэта няправільна”, — заўважыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, як і раней, павінна каардына­ваць іх работу, кантраляваць, ажыццяўляць збор прапаноў, інфармацыі. “Але праз галоўнага памочніка або памочніка па асаблівых даручэннях (трэба падумаць, як будзе гэтая пасада называцца) яны павінны збірацца дзесьці раз у месяц ці нават два. Ён павінен ад іх атрымліваць інфармацыю, можа, мінаючы Адміністрацыю прэзідэнта. Не таму, што я не давяраю (некаторыя яшчэ публічна баяцца выказацца). Калі ласка — яшчэ адзін канал выхаду на прэзідэнта”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваіх даручэннях па дэбюракратызацыі і аптымізацыі дзяржапарату: “Мы павінны паказваць прыклад самой Адміністрацыі прэзідэнта. І нам трэба яе рэфармаваць у тым плане, што гэта ўсё ж такі галоўны штаб прэзідэнта”.

“Яшчэ раз падкрэсліваю: дэбюракратызацыя — гэта галоўны клопат Адміністрацыі прэзідэнта. Ідэалогія, кадры, экспертнасць па эканамічным напрамку, прававы напрамак у рабоце прэзідэнта. Плюс работа праз памочнікаў з галінамі ўлады — судовай, заканадаўчай, банкаўскай. Магчыма, яшчэ”, — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць слабым пытаннем у Адмі­ністрацыі прэзідэнта работу са зваротамі грамадзян. “Мы працуем, як у савецкія часы. Зразумела, што Адміністрацыя перагружана гэтымі зваротамі — людзі звяртаюцца сюды як у апошнюю інстанцыю, — адзначыў ён. — І як мы працуем: мы ў асноўным адпраўляем, як у савецкія часы, заявы грамадзян тым, на каго яны часам скардзяцца”.

“Калі чалавек звяртаецца па нейкіх пытаннях да нас і толькі мы павінны і можам вырашыць гэтае пытанне, адфутбольваць нельга. Удзяліце гэтаму напрамку сур’ёзную ўвагу. Калі трэба, памяняйце ўвесь склад, які займаецца гэтай бюракратычнай работай”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у цэлым адзначыў, што Адміністрацыю прэзідэнта трэба рэфармаваць спакойна і разумна. Сутнасць таго, што адбываецца, Аляксандр Лукашэнка назваў абнаўленнем.

“Мы нікуды не дзенемся ад гэтага абнаўлення. Застануцца працаваць толькі тыя, хто будзе прафесіянальны, адукаваны, хто хоча працаваць і варушыцца. Няма вынікаў — няма вялікіх пасад. Гэтае абнаўленне павінна закончыцца адпаведным статусам дзяржаўнага служачага. Мы павінны ўзняць яго на небывалую да гэтага часу вышыню”, — заявіў беларускі лідар.

“Дзяржслужачых павінна быць столькі, колькі трэба, таму што мы ўжо вельмі раздулі гэты інстытут. Астатнія дзяржслужачыя, як і ваенныя людзі, павінны атрымаць самы высокі статус. Але гэта павінен быць аптымальны мінімум у краіне. Лішніх людзей у дзяржапараце быць не павінна”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова прэзідэнт адзначыў, што, як яму дакладваюць, у Беларусі дзяржапарат у разліку на колькасць насельніцтва найбольш мінімальны і аптымальны ў свеце. “Але бачу, што мы яшчэ можам рухацца. Мы планавалі 50 працэнтаў скараціць. Вельмі цяжка будзе на першым этапе. Урад прапануе, і я накіраваў вам гэтыя дакументы сёння. Каля 30 працэнтаў атрымліваецца, нават 33—35 працэнтаў. Гэта добры крок на дадзеным этапе”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што скарачэнне колькасці дзяржапарату не з’яўляецца самамэтай. “У параўнанні з іншымі не так ужо шмат мы грошай на гэта трацім. Галоўнае, што лішнія чыноўнікі, якія адно ў аднаго часам сноўдаюцца пад нагамі, — гэта шкода. Трэба пакінуць столькі, колькі трэба, скараціўшы адпаведныя функцыі, і перанесці гэтыя функцыі на прадпрыемствы”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў прыклад са сферы сельскай гаспадаркі, дзе ўжо няма неабходнасці ў масавым кантролі тых ці іншых тэхналагічных працэсаў з боку чыноўнікаў. “Няма чаго сёння бегаць па калгасах і саўгасах, сеяць і ўбіраць. Гэта пустое правядзенне часу. У раёнах засталося паўтары-дзве гаспадаркі (праблемныя.Заўв. БелТА.), куды трэба ехаць сеяць і ўбіраць. Старшыня райвыканкама і першы намеснік з гэтым справяцца”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў таксама аб сваім даручэнні дасягнуць у 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне $500.

“Яшчэ раз падкрэсліваю: $500 у будучым годзе — сярэдняя зарплата. Пры ўсіх цяжкасцях, чаго б гэта ні каштавала, — запатрабаваў беларускі лідар. — Ад гэтага мы нікуды не дзенемся, таму давайце будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць іх”.

Яшчэ адна тэма, на якой акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, — пазбаўленне ад залішніх праверак бізнесу і навядзенне парадку з нарматывамі ў розных сферах. “Трэба зрабіць нармальныя нарматывы па ветэрынарыі, санітарыі, пажарнай справе і г.д. Нарматываў некалькі. Адпавя­даюць — ідзі працуй, — сказаў ён. — Другое — ніякіх хаджэнняў з праверкамі, асабліва новаадкрытых прадпрыемстваў”. Разам з тым прадугледжваецца ўзмацніць адказнасць кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання за бяспечную работу на прадпрыемствах і кантроль адпаведных пытанняў.

“Не трэба залішне стаяць над людзьмі. Мы зацвер­дзім іх (нарматывы) у прэзідэнта, давядзём да грамадства, і гэта будзе правіла, па якім мы павінны жыць”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *