Бокс – маё жыццё

“Спорт — гэта не толькі здаровы лад жыцця, але і магчымасць рэалізаваць сябе, удзельнічаць і перамагаць у спаборніцтвах. Пры моцным жаданні і належнай рабоце можна дасягнуць пастаўленых мэт”, — лічыць васьмікласнік Данііл Крывіч з сярэдняй школы № 2 Маларыты. Хлопец сур’ёзна займаецца боксам і плануе звязаць з ім далейшае жыццё.

У прыватную школу бокса Маларыты Данііла прывёў бацька 3 гады таму. Нічым асаблівым сярод аднагодкаў хлопчык тады не вылучаўся. Хіба што толькі мэтанакіраванасцю. Трэнеры па боксе Павел Дзячук і Віталь Касцючык заўважылі гэта з самага пачатку заняткаў. Данііл адпрацоўваў неабходныя элементы да таго часу, пакуль не атрымліваўся запланаваны вынік. І так адбывалася кожную трэніроўку. Таму спартыўныя поспехі не прымусілі сябе доўга чакаць. Ужо праз некалькі месяцаў заняткаў боксам хлопчык стаў перамагаць на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

— Цяпер у маёй скарбонцы ўжо 18 баёў, праведзеных на розных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, — гаворыць Данііл Крывіч. — У 16-ці з іх я атрымаў перамогу. Нядаўна заняў 1-е месца ў турніры па боксе сярод дзяцей і моладзі “Здаровая моладзь — здаровая нацыя”, які праходзіў у Маларыце. А апошнюю перамогу атрымаў на адкрытым Міжнародным юнацкім турніры па боксе, прысвечаным памяці рускага палкаводца Аляксандра Суворава.

Спаборніцтва праходзіла 3 дні ў комплекснай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Кобрынскага раёна. У ім удзельнічалі 12 каманд (больш за 150 юных баксёраў) з Расіі, Украіны, Малдовы, Узбекістана і Беларусі. Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўлялі спартсмены з Мінска, Гродна, Салігорска, Брэста, Пінска, Жабінкі, Баранавіч, Кобрына і Маларыты. Наймацнейшыя юныя баксёры вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях па алімпійскай сістэме.

— Данііл выступаў ва ўзроставай катэгорыі 2003 —2004 гадоў нараджэння (52 кг) і заняў 1-е выніковае месца, — расказвае трэнер Павел Дзячук. — Ён правёў тры баі. У першым з іх аднагалосным рашэннем суддзяў атрымаў перамогу ў трэцім раўндзе накдаўнам. У другім баі стаў лепшым, выйграўшы першы раўнд тэхнічным накаўтам. У фінале Данііл перамог баксёра з Украіны накаўтам у першым раўндзе.

Сёння трэніроўкі па боксе хлопец наведвае 6 разоў у тыдзень.

— Але і ў нядзелю я таксама думаю пра бокс, — прызнаецца Данііл. — Гляджу трансляцыі міжнародных спаборніцтваў, адпрацоўваю ўдары і прыёмы. Бокс — маё жыццё. Ён добра дысцыплінуе, загартоўвае характар, з’яўляецца адным са спосабаў пераадолець самога сябе. Бокс — сур’ёзная штодзённая работа, падчас якой неабходна адначасова думаць, аналізаваць і пралічваць кожны свой крок. У гэтым відзе спорту ўсё вырашаюць долі секунды.

Спартыўная мэта Данііла — старанна займацца боксам і ўдасканальваць навыкі, каб стаць майстрам спорту. Цяпер хлопец рыхтуецца да ўдзелу ў першынстве Беларусі па боксе. Перамога ў ім адкрывае дарогу на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе ў наступным годзе.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *