Гомельскія агеньчыкі

Сёння працягваем публікаваць матэрыялы ў рубрыцы “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, прысвечанай героям — яркім творчым калектывам, іх мастацкім кіраўнікам і ўдзельнікам — Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”. І гэтым разам мы выправіліся ў Гомель, а дакладней, у Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

Гэты адрас мы выбралі невыпадкова. ГАДНіРУПД з’яўляецца не толькі кузняй уласных магутных творчых калектываў (такіх, напрыклад, як ансамблі танца “Асарці” і Fools Funny Crew), але ў пэўнай ступені і цэнтрам, мозгам усёй самадзейнай творчасці ў сістэме прафтэхадукацыі Гомеля і Гомельскай вобласці. Сёння ў ГАДНіРУПД працуе таленавітая каманда: дырэктар Ірына Аляксееўна Кузьміцкая, мастацкі кіраўнік Аксана Сямёнаўна Куцакова, рэжысёр Наталля Васільеўна Чыжова, віджэі браты Аляксей Уладзіслававіч і Максім Уладзіслававіч Яшчанкі. Яны ведаюць, што рабіць і як рабіць для таго, каб самадзейная творчасць навучэнцаў прыносіла ім карысць і задавальненне, станавілася ўсё больш арыгінальнай і прыцягальнай для гледача. Невыпадкова, дарэчы, тут асабліва актыўна развіваюць менавіта сучасныя кірункі маладзёжнай культуры.

Народны ансамбль эстраднага танца “Асарці” (Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі): я гэта магу, і я гэта зраблю

Народны ансамбль эстраднага танца “Асарці”, безумоўна, з’яўляецца брэндам Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Ён радуе гледачоў сваёй творчасцю ўжо больш за 20 гадоў. Калектыў працуе ў розных жанрах. У рэпертуары ансамбля — беларускія народныя танцы (“Крутуха”, “Мітусь”, “Рэчанька” і інш.), танцы народаў свету, уласныя праграмы, спектаклі і міні-спектаклі. Ансамбль “Асарці” неаднаразова прызнаваўся пераможцам на розных рэспубліканскіх і абласных фестывалях і конкурсах. А ў 2015 годзе на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” калектыў здабыў сваю чарговую перамогу (дыплом І ступені) за вельмі арыгінальны нумар “Беларускі калейдаскоп”, які складаўся з 5 харэаграфічных фрагментаў рознай стылістыкі і традыцый: неакласічнай “Зоркі Венеры”, народных “Крутухі” і “Мітуся”, фірменнай гомельскай “Лявоніхі” (пастаўленай яшчэ слынным гомельскім харэографам народным артыстам Беларусі Аляксандрам Аляксеевічам Рыбальчанкам) і сучаснай “Дудкі”.

Калектывам нязменна кіруе таленавіты педагог-харэограф Ала Аляксееўна Сцепаненка, вучаніца незабыўнага Алега Сцяпанавіча Коваля, легендарнага кіраўніка ансамбля танца “Палескія зоры”. Менавіта ў “Палескія зоры” да Алега Сцяпанавіча Ала Аляксееўна трапіла яшчэ студэнткай Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту (сёння — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту), і з таго моманту танцавальнае мастацтва стала сэнсам яе жыцця. У 1990 годзе, перад гэтым тры гады адпрацаваўшы інжынерам-канструктарам, яна цалкам сышла ў харэаграфію: у Палацы культуры ДБК стварыла ансамбль танца “Асарці”, а ўжо ў 1995 годзе калектыў абараніў званне “народны”. З 2000 года ансамбль паспяхова працуе пад дахам Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

Паслухаем некаторыя з правіл жыцця Алы Аляксееўны.

“Я зусім не шкадую, што маю дыплом аб вышэйшай адукацыі ў Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. “Тэарэтычная механіка”, “Будаўнічыя матэрыялы” і іншыя прадметы, якія я засвойвала ў інстытуце, — усё гэта дае паняцце пра трываласць матэрыялаў. А чалавечы матэрыял — гэта самы бясцэнны матэрыял з усіх, якія ёсць”.

“Сваім выхаванцам я іншым разам кажу, што мы збіраемся тут для таго, каб навучыцца прыгожа і гарманічна жыць. Калі мы сёння жывём у прыгожым танцы, мы і жыццё пражывём у прыгожым танцы. Жыццё — гэта той жа танец, рух і хуткасць”.

“Апошнім часам я стараюся ўдзяляць вялікую ўвагу сучаснай харэаграфіі, а гэта зусім адрозны ад народнага ці класічнага танца кірунак, дзе харэограф можа выбудоўваць якую заўгодна аўтарскую канцэпцыю. Але пры гэтым я выдатна разумею, што ўсё адно будуць заставацца дзве асновы — народны і класічны танец. Без класічнага танца нельга станца­ваць народны, а без ведання народнага танца не атрымаецца ніякай стылізацыі”.

“Так, мы перамаглі на “АРТ-вакацыях” з “Беларускім калейдаскопам”. Але чаму менавіта калейдаскоп, гэтая знаёмая кожнаму з нас з дзяцінства цудоўная цацка з рознакаляровымі шкельцамі, гэтая вясёлая рознакаляровая геаметрыя? Ды таму, што харэаграфія — гэта таксама своеасаблівая геаметрыя. І маёй задачай было паказаць розныя геаметрычна-харэаграфічныя малюнкі ў адной цэльнай кампазіцыі”.

“У “Беларускім калейдаскопе” быў задзейнічаны ўвесь ансамбль. Я вельмі люблю, калі яны ўсе разам на сцэне. Гэта заўсёды выглядае вельмі маляўніча”.

“Па відэазапісах стараюся нічога не рабіць. Нават вядомае і звыклае па магчымасці трансфармую ў сваё. Але, напрыклад, крок у “Лявонісе”, падскок у “Крутусе” — гэта канон, закон, вучэбны матэрыял, які апісаны ва ўсіх падручніках па народным танцы. І што-небудзь мяняць тут было б проста неразумна. Але па-свойму аформіць сюжэтна, па-свойму паднесці публіцы можна ўсё што заўгодна”.

“Для таго каб захаваць калектыў, нельга губляць сувязі са сваімі былымі выхаванцамі. Я навучылася гэтаму ад Алега Сцяпанавіча Коваля, калі мы, выпускнікі “Палескіх зор”, танцавалі на сумесных канцэртах з дзейнымі ўдзельнікамі ансамбля. Тое самае імкнуся практыкаваць і ў сваім ансамблі “Асарці”. Адразу пасля Новага года мы будзем рыхтаваць канцэрт  “Асарці” паміж мінулым і будучыняй”, на які, спадзяюся, прыедуць тыя, хто ў розны час танцаваў у ансамблі. А многія мае колішнія выхаванцы сталі прафесійнымі танцорамі і сёння выступаюць у складзе такіх вядомых калектываў, як “Крыжачок”, “Дошкі”, “Скрозь”, “Кустурыца” і інш. Як і шмат гадоў назад, яны выйдуць на родную сцэну і пачнуць танцаваць. І сённяшнія дзяўчаты і юнакі — удзельнікі ансамбля “Асарці” — падзівяцца іх майстэрству. Гэта вельмі важна, каб маладняк бачыў, што любяць іх папярэднікі, што яны помняць і цэняць. Тады моладзь будзе да нечага цягнуцца”.

“Мая формула як залог поспеху — “Я гэта магу, і я гэта зраблю”. Гэта нашы з дзецьмі два галоўныя дзеясловы. Каб увасобіць іх разам з імі ў жыццё, трэба ў дзяцей найперш верыць і ніколі ім не хлусіць”.

“Ёсць так званыя сляпыя трэніроўкі. Я неяк прапанавала дзецям: “А вось заўтра раніцай, калі прачняцеся, вазьміце і, не ўстаючы з ложка, завяжыце сабе вочы, паспрабуйце зрабіць усе ранішнія працэдуры з завязанымі вачыма. Ды хоць бы проста ўстаньце з завязанымі вачыма, прайдзіце на кухню і паспрабуйце зварыць сабе каву… Тады вы зразумееце, што такое шчасце. Мы з вамі ходзім, бачым, чуем, размаўляем. Мы ўжо з вамі шчаслівыя людзі”.

Народны калектыў брэйк-данса Fools Funny Crew (Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі): брэйк не мае ніякіх межаў

Яшчэ адзін творчы брэнд Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі — народны калектыў брэйк-данса Fools Funny Crew (з англійскай можна перакласці як “Каманда вясёлых дзівакоў”), адзіная ў краіне брэйк-данс-каманда, якая мае званне “народны”. Яе ў 2007 годзе стварыў Валянцін Віктаравіч Ісакаў, тады яшчэ студэнт, а сёння добра вядомая фігура ў творчым асяроддзі Гомеля. Валянцін Віктаравіч, можна сказаць, чалавек унікальны: мае тры — хоць і завочныя – вышэйшыя адукацыі (Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Маскоўскі інстытут культуры); акрамя харэаграфічнай творчасці, піша вершы (выдаў два зборнікі паэзіі), пастаянна ініцыіруе ўсё новыя і новыя творчыя праекты, паспяхова ўдзельнічае ў розных фестывалях, у тым ліку такім прэстыжным форуме, як Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску IFMC, адкуль неаднойчы прывозіў дыпломы лаўрэата. І хоць сёння як творцу Валянціна Ісакава больш займае менавіта сучасная харэаграфія, у якой ён змешвае класіку, кантэмпарары, брэйк-данс і іншыя танцавальныя кірункі, яго творчая кар’ера пачыналася менавіта з брэйкінга. І на “АРТ-вакацыях-2015” кампазіцыя “Музыка дажджу” ў выкананні хлопцаў з Fools Funny Crew прынесла ім перамогу ў намінацыі “Спартыўны танец”, а не ў якой іншай.

Я слухаў гэтага надзвычай цікавага маладога чалавека — Валянціна Ісакава — і, як і ў папярэднім выпадку з кіраўніком ансамбля “Асарці” Алай Аляксееўнай Сцепаненка, рабіў для сябе “нарэзкі”, якія б сведчылі пра яго правілы жыцця.

 “Я скончыў гомельскую сярэднюю школу № 61 з тэатральным ухілам, дзе тэатральнае мастацтва ў нас выкладаў прафесійны акцёр тэатра. А пасля школы паступіў у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, які з усіх гомельскіх устаноў вышэйшай адукацыі знаходзіўся найбліжэй да дома. Ужо на першым курсе зразумеў, што гэта не маё. Потым у маім жыцці з’явіліся два ўніверсітэты, ужо “мае”: БДУКіМ, дзе я набыў прафесію рэжысёра, і Маскоўскі інстытут культуры, дзе я асвоіў спецыяльнасць балетмайстра”.

“Я захапіўся брэйкам падчас так званай другой хвалі брэйк-данса ў канцы 90-х, яшчэ калі вучыўся ў школе. Памятаю, мы танцавалі проста ў холе на трэцім паверсе школы. Вучыліся рухам па касетах, дакладней, па адной касеце — Battle of the Year in Hannover. Тая касета была перазапісана разоў 20, і можна ўявіць, якой якасці быў там запіс. Але ва ўсім гэтым была свая рамантыка”.

“Калі мяне фактычна адразу пасля заканчэння школы запрасілі працаваць у Доме  настаўніка (так па традыцыі гамяльчане называ­юць сённяшні Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў уста­ноў прафесійнай адукацыі) і весці гурток брэйк-данса, натуральна, у мяне не было яшчэ ніякай методыкі. Адзінае, што я адразу зразумеў: спачатку трэба займацца з хлопчыкамі мышцамі, рабіць так званы мышачны гарсэт, каб потым не было траўм, бо брэйк — гэта найперш сілавы танец. І, дзякуй богу, за 10 гадоў існавання Fools Funny Crew выпадкаў, каб нехта нешта сабе зламаў, не было”.

“Цяпер, безумоўна, у мяне ёсць гадамі выпрацаваная методыка, праграма, калі дзеці праходзяць 100 базавых дарожак брэйк-данса (так званы фаўндэйшн, базу). Гэта як алфавіт: калі ты не ведаеш алфавіта — ты не можаш размаў­ляць. Калі ты не ведаеш фаўндэйшн — ты не можаш танцаваць брэйк. І, дарэчы, калі танцуе нейкі брэйк-дансавы калектыў, вельмі лёгка вызначыць, ведаюць яны базу ці не”.

“Здавалася б, брэйк-данс, як і наогул увесь хіп-хоп, — агрэсіўны кірунак маладзёжнай культуры. Але першакрыніцай брэйка быў батл — спаборніцтва, калі ў далёкіх 60-х у амерыканскіх гарадах падлеткі пачалі спаборнічаць у танцы на права быць гаспадарамі ў тым ці іншым раёне горада. Яны не страляліся, не рэзалі адно аднаго нажамі, а хацелі даказаць сваё першын­ство праз танец. Гэта, мне здаецца, вельмі прывабны момант у гісторыі брэйка. А наогул, у брэйк-культуры мне найбольш імпануюць не батлы, а так званыя джэмы, калі танцоры збіраюцца ў адным коле і пачынаюць па чарзе танцаваць, ні з кім не спаборнічаючы. Гэта такі моцны развіццёвы момант”.

“Адбіраючы танцораў, я заўсёды кіруюся трыма крытэрыямі: прыродныя задаткі, музыкальнасць і здольнасць да навучання. Апошні крытэрый, дарэчы, самы важны. Я ведаў многіх маладых прыгожых і моцных людзей, у якіх было ўсё для заняткаў брэйкам, але не было натхнення і здольнасці да навучання. Яны ўрэшце прайгравалі тым, хто хацеў і ўмеў вучыцца”.

“Безумоўна, брэйк-данс класічнага — амерыканскага — узору надзвычай відовішчны і магутны. Але калі ты змешваеш нейкія іншыя віды харэаграфіі з элементамі брэйкінга, то танец становіцца больш глыбокім”.

“Некаторыя памылкова думаюць, што брэйк-данс — гэта нейкі канон, нейкія навек застылыя і ва ўсіх аднолькавыя фрызы, кручэнні на спіне і галаве, стойкі на руках і г.д. Гэта не так. Тут як у паэзіі ці музыцы: ты засвоіў Пушкіна і Лермантава, Моцарта і Бетховена, а потым шукай сябе, стварай сябе. І брэйк у гэтым сэнсе — самы свабодны танец. У ім няма ніякіх межаў. Абсалютна ніякіх межаў”.

Група сучаснай пластыкі (паркур) Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў: ад страху — да захаплення

Педагог-арганізатар Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Наталля Юр’еўна Мацюшэнка прызнаецца, што да прыходу на работу ў гэтую ўстанову адукацыі мела вельмі цьмянае ўяўленне пра такі кірунак маладзёжнай культуры, як паркур. Калі ў верасні запытала ў хлопцаў, чым яны любяць займацца ў вольны час, і пачула ў адказ незнаёмае слова “паркур”, толькі паціснула плячыма. А калі папрасіла іх прадэманстраваць гэты самы паркур, калі яны пачалі паказваць ёй неверагодныя акрабатычныя трукі, ёй стала проста страшна… Страшна за дзяцей, якія, ёй здавалася, маглі зламаць у любы момант шыю, пазваночнік ці проста моцна пакалечыцца. З іншага боку, гэта было вельмі захапляльнае відовішча, такое, якога Наталля Мацюшэнка да гэтага ніколі не бачыла. Нагадаем нашым чытачам, што паркур — гэта адносна нядаўна народжанае мастацтва рацыянальнага пераадолення перашкод (сцен, парапетаў, парэнчаў і інш.) у гарадскім асяроддзі; ва ўмовах памяшкання паркур мае на ўвазе найперш дэманстрацыю складаных акрабатычных нумароў, спрыт і хуткасць рухаў.

Сваім азартам і захопленасцю хлопцы-паркуршчыкі з Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў пераканалі педагога-арганізатара ў неабходнасці развіцця свайго любімага мастацтва ў сценах установы. У сваю чаргу Наталля Мацюшэнка знайшла падтрымку гэтай ідэі ў дырэктара ліцэя Сяргея Адамавіча Семяніцкага (“А што тут такога? Няхай займаюцца, калі ім падабаецца! Гэта ж лепш, чым бадзяцца абы-дзе без справы!”), паклапацілася пра арганізацыю зручнага для хлопцаў графіка наведвання спартыўнай залы. І першы поспех мазырскіх паркуршчыкаў не прымусіў сябе доўга чакаць: на “АРТ-вакацыях-2015” яны заваявалі дыплом І ступені ў намінацыі “Калектыў сучаснага арыгінальнага жанру”. Нешта цікавае і абсалютна новае абяцаюць паказаць і на сёлетнім фестывалі ма­стацкай творчасці навучэнцаў.

А тым часам Наталля Юр’еўна стала за апошнія гады сапраўднай заўзятаркай паркура. Глядзіць на трэніроўках і на паказальных выступленнях на сваіх паркуршчыкаў ужо без страху, а толькі з захапленнем. І… не адпускае іх.

Апошнія словы не мае. Літаральна так сказаў мне адзін з мазырскіх паркуршчыкаў Алег Пятрухін, які прыйшоў на сустрэчу са мной разам з Наталляй Юр’еўнай: “Яна заўсёды з намі. Трымае нас усіх разам і не адпускае ад сябе…”

Вакальна-інструментальны ансамбль “Трыб’ют” Жлобін­скага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа: з каморы — на сцэну

“Мне вельмі важна, каб дзеці паверылі ў сябе і пры гэтым заставаліся сабой, — гаворыць педагог-арганізатар Жлобінскага дзяр­жаўнага прафесійна-тэхнічнага ка­леджа Галіна Мікалаеўна Драздова. — І сваю галоўную задачу бачу ў тым, каб дапамагчы дзецям раскрыцца, бо часцей за ўсё самі яны ніколі не ска­жуць, маўляў, я ўмею спяваць ці я ўмею танцаваць. І толькі праз пэўныя трэнінгі, асабі­стае кантактаванне іх таленты пачынаюць гаварыць самі за сябе, і тады ўжо ўсё залежыць ад педагога: ці зможа ён прыцягнуць навучэнцаў да сацыякультурнай дзейнасці, ці зможа ён падштурхнуць іх да канкрэтнай творчасці, ці зможа раскрыць патэнцыял сваіх выхаванцаў… А калі ўжо нейкія вынікі дасягнуты, ні ў якім разе нельга дапусціць, каб таленавіты навучэнец пачаў ленавацца, каб ён спыніўся ў сваім творчым развіцці. Я, напрыклад, заўсёды кажу падлеткам: “Выпадкова ніколі не атрымаецца нічога добрага. Каб атрымалася, трэба пастаянна над сабой працаваць”. Тут прынцыпова яшчэ тое, каб навучэнцы разумелі, для чаго яны выхо­дзяць на сцэну. Я ім кажу: “Калі табе ёсць што людзям сказаць — скажы ім. Калі няма, тады не выходзь на сцэну. Вы выступаеце не для журы, не для таго, каб педагогі пабачылі, якія вы добрыя… Вы робіце гэта найперш для сябе. Ваша творчасць патрэбна ў першую чаргу вам самім, а не каму-небудзь іншаму”.

А гісторыя вакальна-інструментальнага ансамбля “Трыб’ют” пачалася з… каморы. Так у Жлобінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы называюць маленькі пакойчык-студыю, куды аднойчы выкладчык спецдысцыплін Дзмітрый Аляксандравіч Марозаў прывёў двух навучэнцаў — Уладзіслава Сцяпанава і Мікалая Новікава, даведаўшыся пра тое, што яны не абдзелены музычным талентам і іграюць на інструментах. А потым ужо самі Уладзіслаў і Мікалай прывялі ў камору яшчэ двух на курс маладзейшых хлопцаў — Максіма Сасноўскага і Міхаіла Шаронава. І неўзабаве ў снежні 2012 года, калі ішла падрыхтоўка да “АРТ-вакацый-2013”, была ўтворана група “Трыб’ют”, якая выканала на конкурсе аўтарскую песню “Нябёсы” і атрымала дыплом І ступені па выніках абласнога агляду. Гэты поспех вельмі натхніў хлопцаў. Яны пачалі збірацца на рэпетыцыі практычна штодня, нават падчас летніх канікул, балазе ўжо не трэба было туляцца недзе на вуліцы і шукаць свабодныя альтанкі, каб патрэнькаць на гітары, а можна было ў любы зручны час прыйсці ў камору, дзе была сякая-такая апаратура. Дарэчы, многія інструменты, у тым ліку гітары, старэнькі сінтэзатар, яны набылі на свае сродкі. І на “АРТ-вакацыях-2015” музыканты з “Трыб’юта” прымножылі свой поспех. За выкананне аўтарскай песні “На ўчастку цёмнага дня” яны атрымалі дыплом І ступені ўжо на рэспубліканскім узроўні.

Пазалетась Уладзіслаў Сцяпанаў і Мікалай Новікаў закончылі вучобу ў каледжы, летась выпусціліся Максім Сасноўскі і Міхаіл Шаронаў… Цяпер у кожнага ўжо свая работа, свае праблемы і поспехі, сваё жыццё. Збірацца ў скла­дзе “Трыб’юта” ім ужо не так проста, хаця час ад часу яны для гэтага знаходзяць хвіліны каштоўнага дарослага часу. Але яны ніколі не забудуць, як падчас вучобы ў Жлобінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы шчасліва жылі агульнай творчасцю: разам пісалі музыку і словы, разам радаваліся знойдзеным удалым мелодыям і аранжыроўкам, разам… выходзілі з каморы на сцэну.

Валанцёрскі атрад “Альбатрос” Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў: паглядзець на жаданні навучэнцаў, а не на свае

Педагог-арганізатар Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Дар’я Паўлаўна Васільцова расказвае, што прыйшла на работу ў гэтую ўстанову адукацыі адразу пасля вучобы ў педагагічным каледжы і першыя часы адчувала пэўны дыскамфорт: “Я вучылася разам з таленавітымі людзьмі… А тут адразу зразумела, што з гэтым будуць праблемы. Недзе паўгода я мэтанакіравана шукала таленты, але з гэтага мала што атрымлівалася. І тады я вырашыла памяняць акцэнты: шукаць не таленты, а актывістаў, навучэнцаў, якім проста хацелася займацца нечым цікавым. Іншымі словамі, я паглядзела ў першую чаргу на іх жаданні, а не на свае. І — цуд! — такая група актывістаў вельмі хутка набралася. Цяпер вакол мяне каля 20 актыўных маладых людзей, якія робяць творчую пагоду ў ліцэі”.

“З часам у мяне выпрацавалася дакладная формула маёй работы з дзецьмі, — працягвае Дар’я Паўлаўна. — Яна гучыць так: “Якая я прыйду да дзяцей, такімі яны прыйдуць і да мяне”. Іншымі словамі, калі я прыйду да іх з энергіяй, з нейкімі цікавымі ідэямі, то і яны да мяне прыйдуць з гэтым жа. І так мы будзем зараджаць адно аднаго”.

Так, у выніку такога энергетычнага ўзаемаабмену два гады назад нара­дзіўся вельмі арыгінальны нумар “Свет матылькоў” (1 месца на “АРТ-вакацыях-2015” у намінацыі “Арыгінальны жанр”): у поўнай цемрадзі па сцэне хадзілі, бегалі, танцавалі дзяўчынкі са святлодыёднымі крылцамі, і стваралася ўражанне, што там лётаюць вясёлыя матылькі. Дарэчы, для таго нумара наўмысна было вырашана прыцягнуць дзяўчынак з рознымі цяжкімі хваробамі — пры святле ў іх бы нічога не атрымалася, яны маглі б проста разгубіцца. А ў цемнаце, дзякуючы святлодыёдам, іх душы, таксама не чужыя мастацтву, якраз і засвяціліся.

На “АРТ-вакацыі-2017” Дар’я Паўлаўна Васільцова разам са сваімі вернымі памочнікамі з валанцёрскага атрада “Альбатрос” рыхтуе нумар, які арыгінальна раскажа пра начную работу будаўнікоў. Што канкрэтна будзе ўяўляць сабой гэты нумар? Няхай гэта застанецца інтрыгай…

Танцавальны калектыў Royal Project Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі: больш за 2000 эфектаў

Калектыў Royal Project быў створаны ў 2009 годзе. Тады, яшчэ будучы школьнікам, сённяшні трэцякурснік Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Арцём Лабудзеў любіў наведваць начны клуб Plaza, дзе і знайшоў многіх сваіх сяброў, як і ён сам, улюбёных у танец маладых людзей. Неўзабаве ўтварылася танцавальная група, якая, па словах Арцёма, танцавала ўсё што заўгодна: хіп-хоп, брэйк, тэктонік — хутчэй за ўсё, нейкую субстанцыю танца. Потым, калі Арцём стаў арт-дырэктарам клуба Plaza, яму і яго сябрам было ўжо мала проста танца­ваць. Захацелася большага. І гэтым большым сталі святлодыёдныя касцюмы (дарэчы, вельмі нятаннае задавальненне!), якія яны набылі на кітайскіх і еўрапейскіх сайтах. Так нарадзіўся ўжо сапраўдны Royal Project — каралеўскі праект, калі хлопцы, апранутыя ў гэтыя касцюмы, танцуюць на сцэне, а нехта кіруе ўсёй колерамузыкай на камп’ютары па Wi-Fi. Па словах Арцёма, кожны з касцюмаў пры ўмелым кіраванні можа выдаць да 2000 эфектаў.

Сваімі касмічнымі эфектамі Royal Project ужо зрабілі фурор на “АРТ-вакацыях” у 2015 годзе. Сёлета, запэўнівае Арцём Лабу­дзеў, будзе яшчэ больш крута.

Гомельскія агеньчыкі разліюць сваё святло на ўсю краіну…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Гомельскага абласнога дома
навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *