Еўрабачанне ў Круцілавічах

Разнастайным і багатым на падзеі ў 2016 годзе было жыццё навучэнцаў і настаўнікаў Круцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, якая знаходзіцца ў адной з маляўнічых мясцін Дзятлаўскага раёна. Знаёмства з гісторыяй і культурай роднага краю, наведванне прадпрыемстваў і ўстаноў раёна і вобласці, сустрэчы са знакамітымі людзьмі свайго СВК “Граніт-Агра”, з прадстаўнікамі розных прафесій, цеснае супрацоўніцтва з сельскім Домам культуры, з бацькамі навучэнцаў — прыярэтэтныя накірункі выхаваўчай работы ў нашай школе. Яшчэ ў канцы мінулага навучальнага года вучні 7 класа прапанавалі ажыццявіць у агульнашкольным масштабе праект “Еўрабачанне ў Круцілавічах”.

Прапанова знайшла падтрымку з боку адміністрацыі і педкалектыва. У гэтым навучальным годзе пачалося яе ажыццяўленне. Каб праект быў глыбока насычаным, меў значны выхаваўчы эфект, неабходна было выканаць арганізацыйную работу: выбраць аргкамітэт, які складаўся з трох навучэнцаў старэйшых класаў, дакладна былі вызначаны мэты (пошук талентаў сярод навучэнцаў, развіццё эстэтычнага густу, пачуцця сяброўства, умення трымацца на сцэне, замацаванне маральных якасцей асобы). Важна, што праект быў даступны ўсім. У выніку ў аргкамітэт было пададзена 20 заяў. Такім чынам, 20 навучэнцаў рознага ўзросту пачалі рыхтаваццца да першага адборачнага тура. На дапамогу прыйшлі бацькі вучняў, супрацоўнікі мясцовага Дома культуры на чале са Святланай Міхайлаўнай Грос. Удзельнікі выбралі сабе песні, вызначыліся з краінамі, якія будуць прадстаўляць, знаёміліся з іх геаграфічным становішчам, насельніцтвам, прамысловасцю, звычаямі, культурай.

У пачатку лістапада прайшоў адборачны тур. Зала, дзе адбыўся конкурс, ледзь змагла змясціць гледачоў. Былі аб’яўлены ўмовы галасавання, як на сапраўдным “Еўрабачанні”. Так былі вызначаны фіналісты — 10 удзельнікаў. Зноў пачалася сур’ёзная праца па падрыхтоўцы да фінала. Цяпер ужо нас падтрымлівалі і аказвалі садзейнічанне Цэнтр культуры Дзятлава, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Станіслававіч Кухарэвіч, кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму, Дом дзіцячай творчасці, мясцовы магазін “Еўраопт” і, як заўсёды, супрацоўнікі мясцовага Дома культуры. Вельмі адказна аднесліся да падрыхтоўкі навучэнцы. Пасля заняткаў ішлі рэпетыцыі па адпрацоўцы вакала і харэаграфіі.

23 снежня зала школы была зноў запоўнена. Да нас завіталі госці: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Сяргееўна Белавус, намеснік начальніка Алена Іванаўна Жадзейка, кіраўнік вытворчага аддзела магазіна “Еўраопт” Інна Уладзіміраўна Бараноўская. Цяпер працавала журы ў трох складах: прафесіяналы, эксперты і самае шматлікае — дзіцячае, усе гледачы, яны ж — балельшчыкі.

З прамовай да ўсіх прысутных звярнуўся дырэктар установы Сяргей Аркадзьевіч Гузоўскі. Ён нагадаў, што песенны конкурс праводзіцца як мерапрыемства, якое завяршае Год культуры ў Беларусі, пажадаў удзельнікам поспеху. Вядучыя — вучань 6 класа Раман Лазовік і вучні 7 класа Ксенія Болтач і Антон Сіневіч — на трох мовах (беларускай, англійскай і рускай) правялі ўступную частку. Прагучалі фанфары і пачалося выступленне фіналістаў. У першым аддзяленні выканалі 5 песень, потым ішла размова аб 125-годдзі з дня нараджэння Максіма Багдановіча, былі прачытаны вершы паэта. У другім аддзяленні выступіляі яшчэ 5 фіналістаў.

Пасля падліку галасоў быў вызначаны пераможца. Ім стала навучэнка 11 класа Вера Сёмуха з песняй “Беларусь сінявокая”. Пад бурныя апладысменты яна, як і належыць па ўмовах “Еўрабачання”, выканала яшчэ раз сваю песню. Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі праекта былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі. Асаблівы ўплыў на пачуцці гледачоў зрабіла апошняя фінальная песня “Мама Беларусь”. З беларускай сімволікай усе ўдзельнікі праекта дружна і весела спявалі песню-прызнанне Радзіме за сваё шчаслівае дзяцінства, за мір у краіне, за клопат аб дзецях, а на экране ішлі слайды, падрыхтаваныя вучнем 10 класа Кірылам Болтачам, пра нашу Беларусь. Вучань 8 класа Мікіта Кучынскі на ўвесь голас заспяваў словы аб нашай Радзіме, самай мілай, самай любімай. Гледачы, стоячы, апладзіравалі, спявалі разам з удзельнікамі праекта.

Так весела і дружна праводзілі навучэнцы нашай школы Год культуры. За тры месяцы, якія доўжыўся праект, яны яшчэ мацней пасябравалі, шмат даведаліся, навучыліся трымацца на сцэне, сталі больш адказнымі, а самае галоўнае — паверылі ў сябе. Супрацоўніцтва з соцыумам, даверлівыя адносіны з дзецьмі і іх бацькамі, творчы і адказны падыход да сваёй працы, імкненне дарыць дзецям радасць, верыць у іх поспех — вось тая пляцоўка, на якой трымаецца адзін з найважнейшых складнікаў школьгага жыцця — выхаванне. Няхай будзе так заўсёды!

Надзея КАНЯВЕГА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 7 класа
Круцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *