Жукаву — 120 гадоў: крокі насустрач гісторыі

5—6 снежня ў Мінску прайшла V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асоба ў гісторыі: Г.К.Жукаў і яго роля ў пераломных бітвах Вялікай Айчыннай вайны”, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння савецкага палкаводца. Упершыню за сваю пяцігадовую гісторыю канферэнцыя набыла міжнародны статус. У гэтым годзе яна прайшла ў сценах Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а свае работы прадставілі больш за 60 дакладчыкаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, мінская сярэдняя школа № 83 імя Г.К.Жукава, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларуская Праваслаўная Царква і Мінскае гарадское грамадскае аб’яднанне “Абаронцы памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну”. Падтрымку канферэнцыі аказала Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Хоць канферэнцыі ўсяго пяць гадоў, яна прайшла вялікі шлях развіцця. Глеб Віктаравіч Калачэўскі, дырэктар сярэдняй школы № 83 Мінска, расказаў, што па ініцыятыве школы ў 2012 годзе была праведзена першая канферэнцыя, прысвечаная Жукаву: тады яна мела толькі раённы статус, а ў конкурсе ўдзельнічала ўсяго 17 работ. Усяго праз два гады, у 2014 годзе, канферэнцыя стала гарадской і прыцягнула ўвагу ўжо 85 удзельнікаў. “За пяць гадоў мы знайшлі 263 аднадумцаў: 210 удзельнікаў з Мінска, 44 — з рэгіёнаў Беларусі і 9 — з краін СНД, — падзяліўся дырэктар школы. — Пашырылася геаграфія: гэта Пінск, Магілёў, Гомель, Гродна, Столін, Слонім, Баранавічы і іншыя гарады”. 83-я школа пастаянна супрацоўнічае з сярэдняй школай № 1 імя Раманава г. Жукава Жукаўскага раёна Калужскай вобласці, дзе таксама актыўна захоўваюць памяць пра маршала.

Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная сказала: “Наша 83-я школа на працягу многіх гадоў збірае фрагменты гісторыі ў свой музей, праведзена вялікая пошукавая работа не толькі па зборы гістарычных артэфактаў, але і пошуку інфармацыі і навуковых паплечнікаў за межамі Беларусі. І гэтая канферэнцыя — доказ таго, што маленькая школьная ініцыятыва можа вырасці на ўзровень раёна, горада, краіны і нават выйсці за яе межы. Міністэрства адукацыі актыўна падтрымлівае такія ініцыятывы, таму што гэта і ёсць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”.

Іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла”, які прадстаўляў БПЦ на адкрыцці канферэнцыі, звярнуў увагу на выключную важнасць такіх мерапрыемстваў: “Ёсць добрыя словы пра тое, што традыцыя — гэта лепшы спосаб барацьбы з часам. Працуючы з моладдзю, я сутыкаюся з тым, што многіх гістарычных фактаў, пра якія нам расказвалі ў школе, сучасныя падлеткі не ведаюць. Але менавіта дзякуючы такім мерапрыемствам, не перарываецца нітка жывых чалавечых ведаў і той гістарычнай памяці, якая з’яўляецца залогам стабільнага развіцця грамадзянскай супольнасці. І мы павінны ўсяляк пазбягаць фальсіфікацыі гісторыі. Мы павінны вывучаць гісторыю і рабіць аб’ектыўныя высновы для таго, каб свядома будаваць сваё жыццё”.

З мэтай прыцягнення ўвагі да юбілейнай даты ў гэтым годзе ў рамках канферэнцыі арганізавалі завочны конкурс “Вялікая памяць аб вялікім палкаводцу”. У ім прыняла ўдзел 461 работа, прычым толькі 33 з іх — з Мінска, а астатнія з рэгіёнаў. Усяго 223 малюнкі, 32 фота, 206 твораў. Лепшыя работы былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі. Узнагароды за лепшыя малюнкі заваявалі Арына Грынёва з Абчугскай сярэдняй школы Крупскага раёна, Аліна Цюранок з сярэдняй школы № 2 Хойнікаў і Настасся Завугольнік з сярэдняй школы № 4 Баранавіч. Дыплом за лепшае фота атрымаў Уладзімір Трыпуцін, трэцякурснік Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. А за самыя таленавітыя сачыненні-эсэ ўзнагародзілі Паліну Казлянок з сярэдняй школы № 3 Вілейкі, Дар’ю Чашун з Рудскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна і Станіслава Гарадкоўскага з барысаўскай гімназіі № 1.

Удзельнікі канферэнцыі наведалі 83-ю сталічную школу: там працуе музей, дзе прадстаўлены асабістыя рэчы самога Жукава, перададзеныя школе Марыяй Георгіеўнай Жукавай, дачкой маршала. У бібліятэцы гасцям прадэманстравалі збор рэдкай літаратуры пра жыццё палкаводца, а яшчэ прадставілі электронныя гульні пра Вялікую Айчынную вайну, распрацаваныя ў школе.

Самай урачыстай часткай мерапрыемства стаў мітынг у сталічным скверы імя Г.К.Жукава з удзелам роты ганаровай варты. Удзельнікі канферэнцыі ўсклалі кветкі да помніка маршала. А завяршылася экскурсія па горадзе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе прайшло падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых дакладчыкаў дыпломамі Міністэрства адукацыі. Пераможцай у секцыі “Роля Г.К.Жукава ў ваеннай навуцы і мастацтве” стала Вольга Сірошык з сярэдняй школы № 8 Брэста. Лепшы даклад на тэму “Рэлігійныя і культурныя каштоўнасці ў жыцці маршала” прадставіла Марыя Булак з сярэдняй школы № 2 Слоніма, а ў секцыі “Вобраз Г.К.Жукава ў сучасным жыцці” перамогу прысудзілі Цімафею Лузану з гімназіі № 146 Мінска. За лепшую работу на тэму “Мемарыялізацыя памяці Г.К.Жукава” дыплом атрымаў вучань сталічнай сярэдняй школы № 49 Кірыл Таўкун.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *