Ззянне творчасці і цудаў

“Калядная зорка” зноў заззяла праменьчыкамі прыгажосці і таленту. Абласная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці прайшла ў Жодзіне.

“Калядная зорка” — конкурс, які адрозніваецца ад усіх іншых асаблівай атмасферай. Калядныя і навагоднія святы дораць нам незабыўны настрой і веру ў цуды. Адчуць усё гэта можна было ў сярэдняй школе № 8 Жодзіна, дзе былі сабраны лепшыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усёй вобласці. Каб трапіць на абласную выставу ў Жодзіна, работы прайшлі адбор у пяці рэгіянальных турах. Экспазіцыя працавала на працягу некалькіх дзён, і наведаць яе змаглі навучэнцы і педагогі Жодзіна, Барысава і Чэрвеня. Жодзінская выстава стала цудоўнай пляцоўкай для зносін творчых людзей.

Навучэнцы ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў прадставілі свае работы ў наступных намінацыях: “Тэкстыль”, “Мастацкі роспіс”, “Мастацкая саломка”, “Кераміка”, “Выцінанка”, “Інтэр’ерная лялька”, “Ёлачная цацка”, “Паштоўка-віншаванне”, “Сувенір-падарунак”, “Сюжэтная кампазіцыя”, “Арт-аб’ект”, “Навагодні касцюм”. Удзельнікі конкурсу з году ў год развіваюць і ўдасканальваюць сваё майстэрства, засвойваюць новыя тэхнікі. Так, сёлета былі прадстаўлены работы ў тэхніках джутавай філіграні, каменных карункаў, вырабы з халоднага фарфору і гіпсу, якія раней не ўдзельнічалі на абласных выставах.

Пяцьдзясят лепшых работ былі вызначаны экспертнай камiсiяй, у склад якой увайшлі спецыялiсты Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Работы канкурсантаў з Мінскай вобласці сталі часткай XX Рэспубліканскай выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. Паглядзець яе можна ўжо зараз у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дар’я РЭВА.
Фота МАІРА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *