“Калі вы ўбачыце чалавека ў акулярах, не спяшайцеся сказаць яму “Паглядзі!”

Мой суразмоўца — Валерый Леанідавіч Ананьеў, навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, кандыдат сацыялагічных навук. Ён упэўнены, што ў грамадскай думцы склаўся вобраз чалавека з інваліднасцю як непаўнацэннага, няздольнага самастойна забяспечыць сваё існаванне, які мае патрэбу ў пастаяннай пераважна матэрыяльнай, дапамозе з боку дзяржавы. Але на прыкладзе ўласнага жыцця Валерый Леанідавіч, чалавек з інваліднасцю па зроку, змог даказаць, што гэта не так. Галоўную прычыну ўсіх праблем, з якімі сутыкаюцца інваліды, ён бачыць у непрыняцці такіх людзей грамадствам.

— Валерый Леанідавіч, раскажыце пра сваё дзяцінства. Якія ўражанні засталіся ад навучання ў школе?

— Нарадзіўся і ў раннім дзяцінстве я жыў у ГДР па месцы службы таты. Праблемы са зрокам — татальная слепата і катаракта — былі ў мяне з самага нараджэння. У шасцімесячным узросце трапіў у вядомую клініку Шарытэ, дзе нямецкі прафесар зрабіў мне некалькі аперацый і вярнуў амаль 100-працэнтны зрок. Пасля былі яшчэ аперацыі. Але, на жаль, стаць поўнасцю відушчым чалавекам мне не ўдалося. Я бачу настолькі, каб рухацца і жыць самастойна. Магу чытаць у акулярах і з лупай. Зразумела, цяжкасцей, прычым рознага характару, хапае.

Вучыўся ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, якую скончыў у 1980 годзе. За многае ўдзячны яе спецыялістам, дзякуючы якім удалося прайсці сур’ёзную рэабілітацыю і сапраўдную школу жыцця. Многім навучэнцам школы ўдалося выратаваць зрок, у першую чаргу дзецям з больш лёгкімі парушэннямі. Раней у гэтую школу бралі дзяцей, у якіх зрок быў захаваны нават на 80 працэнтаў, пры наяўнасці захворвання, якое прагрэсіравала. Сёння ў такія ўстановы накіроўваюць пераважна дзяцей з цяжкімі парушэннямі. У маім атэстаце толькі адна “чацвёрка” — па чарчэнні, якое мы, хто слаба бачыў, вывучалі па праграме звычайнай школы, усе астатнія адзнакі выдатныя.

— Часта бацькі дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці не могуць вырашыць, у якую навучальную ўстанову аддаць дзіця — у спецыяльную або ў агульнаадукацыйную? З аднаго боку, яны хочуць якасці ведаў, якія дзіця атрымае, з другога — іх непакоіць, як яно прыстасуецца да асяроддзя, у якое трапіць. Што вы скажаце на гэты конт?

—У некаторых выпадках пытанне паўстае рубам: або інклюзія, або адукацыя? Дзіця можа добрую адукацыю атрымаць і ў спецшколе. І не факт, што калі яно будзе вучыцца побач з домам са звычайнымі равеснікамі, то атрымае веды належнага ўзроўню, дастойны камфорт і ўвагу. У гэтым выпадку кажу толькі аб адукацыйным кампаненце інклюзіі — сукупнасці вучэбных навыкаў, уменняў і ведаў. Другі кампанент — сацыяльна-камунікатыўны. Дзіця ў працэсе навучання кантактуе з іншымі вучнямі. І яго поспехі ў вучобе могуць не супадаць з паспяховасцю зносін з равеснікамі. Сапраўдная або рэальная інклюзія — гэта калі два кампаненты — адукацыйны і сацыяльна-камунікатыўны — знаходзяцца на высокім узроўні: дзіця і веды добрыя атрымлівае, і адчувае камфорт ад узаемаадносін у калектыве. Калі адзін кампанент “кульгае”, гэта, на мой погляд, нельга назваць інклюзіяй. Ёсць нават такое паняцце “сацыяльная прыдатнасць да інклюзіўнай адукацыі”.

Калі гаварыць аб шляхах развіцця сістэмы адукацыі для дзяцей з АПФР, думаю, што варта кіравацца наступным пастулатам: сацыяльная інтэграцыя дзіцяці павінна быць на першым плане. Неабходна, каб вучань з абмежаваннямі меў рэальную інклюзію, быў нароўні з усімі дзецьмі ў калектыве, а не своеасаблівай “цацкай” або паказальным вучнем для ўстановы адукацыі са статусам “інклюзіўная школа”. Памылковым з’яўляецца і сцвярджэнне аб тым, што інклюзіўная адукацыя цалкам заменіць сістэму спецыяльнай адукацыі дзяцей з АПФР. Гэтую гіпотэзу пацвярджаюць вынікі даследаванняў, праведзеных сацыёлагамі Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, у тым ліку і мае даследаванні, якія тычацца дзяцей з парушэннямі зроку.

—Ці крыўдзілі вас у дзяцінстве? Кажуць, што дзіцячыя крыўды застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё. Ці сутыкаецеся сёння з няветлівымі людзьмі?

—У дзяцінстве іншы раз крыўдзілі равеснікі, дражнілі “акулярыкам”. Але ў мяне былі добрыя псіхолагі і рэабілітолагі — мае бацькі. Калі аднойчы я падышоў да мамы са сваёй чарговай крыўдай на дзяцей са двара, яна сказала: “Сынок, проста пацярпі, не звяртай увагі, і ўсё пройдзе”. Я вырашыў: “Мяне больш не хвалююць чужыя абразы”. І хутка ўсё стала на свае месцы. Гэтае адчуванне, не рэагаваць на абразу, ідзе са мной праз усё жыццё. Стаўшы дарослым, я таксама неаднойчы чуў у свой адрас нецэнзурныя словы, нетактоўныя пытанні, крыўдныя парады, хтосьці груба адказваў на маю просьбу аб дапамозе, калі я, напрыклад, прасіў назваць кошт тавару ў магазіне. Часцей за ўсё з няветлівасцю сутыкаюся ў сферы абслугоўвання. У некаторых выпадках уступаю ў дыялог з людзьмі, якія паводзяць сябе непрыгожа. Але не для таго, каб пачуць ад іх прабачэнні. Проста імкнуся абараніць правы людзей з абмежаваннямі. Я гавару: “Вы мяне моцна абразілі, указалі на мае праблемы, прымусілі ўсім прысутным сказаць аб маім фізічным недахопе”. Ці задаю пытанне: “А ў вас што, няма жыццёвых праблем? Вам будзе прыемна, калі на іх звернуць увагу незнаёмыя людзі?” Некаторыя ў адказ маўчаць, хтосьці ўсё ж просіць прабачэння. Але ёсць і тыя, хто застаецца пры сваім меркаванні, маўляў, нічога дрэннага я не зрабіў.

Аднойчы ў Нацыянальнай бібліятэцы ў мяне адбыўся канфлікт, зноў жа з-за майго парушэння. Пасля гэтага я патэлефанаваў намесніку дырэктара ўстановы і папрасіў: “Дайце мне 30—40 хвілін для выступлення перад вашымі супрацоўнікамі”. Бібліятэкары мае словы не проста слухалі, яны іх канспектавалі. “Калі вы ўбачыце чалавека ў акулярах, не спяшайцеся сказаць яму “Паглядзі!”. Акуляры — не цацка, — адзначыў я. — Нават цёмныя акуляры чалавек надзявае для таго, каб абараніць сятчатку вока ад светлавой перагрузкі”. Я расказаў супрацоўнікам бібліятэкі аб прыёмах аказання дапамогі людзям з парушэннямі зроку. Даваў ім канкрэтныя заданні, накшталт: “падвядзіце мяне да стала, пасадзіце, каб мне было зручна і г.д”. Папярэдне патлумачыў, як гэта правільна рабіць. Калі мы развітваліся, чуў ад іх толькі словы вялікай удзячнасці за сустрэчу.

— Як вы трапілі ў сацыялогію?

— Кім я толькі ні марыў стаць у дзяцінстве. Нават фотасправу асвоіў. Але ў старшых класах зразумеў, што мары — адно, а рэальнае жыццё зусім іншае. Пасля школы атрымаў накіраванне на работу на прадпрыемства Беларускага таварыства сляпых па вытворчасці святлопрыбораў і ўжо збіраўся пайсці туды працаваць. Але бацька спыніў: “Ты думаеш, табе там будзе цікава? Закруціў дэталь, узяў наступную, зноў закруціў — і так увесь дзень!” Двойчы на агульных падставах спрабаваў паступаць на спецыяльнасць “Філасофія” БДУ. Вусныя выпрабаванні вытрымліваў, а пісьмовыя “завальваў”. Мой почырк прызналі нечытэльным. Пра тое, што ў мяне праблемы са зрокам, ніхто з прыёмнай камісіі не ведаў. Праз год работы на прадпрыемстве для сляпых зрабіў яшчэ адну спробу, і пасля субяседавання мяне прынялі на падрыхтоўчае аддзяленне БДУ. А яшчэ праз год я паступіў на аддзяленне палітэканоміі гістарычнага факультэта ўніверсітэта. Прыйшоў туды з упэўненасцю, што абавязкова стану выкладчыкам. З 3 курса пайшоў у школу маладога лектара і хутка атрымаў права чытаць платныя лекцыі ў Мінску, што давала фактычна другую стыпендыю. У той час у мяне ўжо была сям’я, нарадзілася дзіця, і грошы былі патрэбны. На 5 курсе я быў атэставаны як лектар рэспубліканскай катэгорыі, што давала права чытаць платныя публічныя лекцыі па ўсёй рэспубліцы.

Пасля атрымання дыплома мяне чакалі два нялёгкія гады пошуку работы. Не патрабаваў ніякіх прывілей, гатовы быў працаваць асістэнтам на кафедры і браць на сябе нагрузку нароўні з астатнімі. Але справа не ішла. Пісаў лісты ў Міністэрства адукацыі, прасіў даць мне накіраванне на работу. І ў выніку мяне ўладкавалі загадчыкам кабінета на факультэт павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў тэхнікумаў па гуманітарных навуках. Пасля прапанавалі палову стаўкі выкладчыка па сумяшчальніцтве на кафедры палітэканоміі ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. Праз некаторы час наш фaкультэт павышэння кваліфікацыі рэарганізавалі ў РІВШ, і мая пасада была скарочана. У сацыялогію трапіў выпадкова: адкрылася вакансія ў сацыялагічнай лабараторыі БДУ. Працую ў гэтай сферы ўжо 25 гадоў.

— Што ўваходзіць у кола вашых прафесійных інтарэсаў і абавязкаў? Якія асноўныя праблемы сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў можаце адзначыць?

— Сацыялогія пачынаецца з вызначэння актуальнай задачы, вывучэння праблем, аналізу супярэчлівых сітуацый, рацыяналізацыі паняццяў, распрацоўкі анкет і апытанняў. Гэта прадугледжвае работу з літаратурай, са статыстычнай інфармацыяй, правядзенне экспертных апытанняў, інтэрв’ю і г.д. Мая задача як супрацоўніка цэнтра пісаць справаздачы і аналітычныя тэксты. Для пацвярджэння свайго статусу я павінен удзельнічаць у канферэнцыях, друкавацца ў навуковых часопісах, удзельнічаць у распрацоўках тэм, якімі займаецца наш цэнтр. Зараз, напрыклад, мы сур’ёзна вывучаем каштоўнасныя арыенціры нашага насельніцтва. Заказчыкамі даследаванняў могуць выступаць дзяржаўныя структуры і арганізацыі, напрыклад, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, міністэрствы, міжнародныя арганізацыі (ЮНІСЕФ, ПРААН) і іншыя ўстановы. Інфармацыя, якую мы атрымліваем у выніку, належыць заказчыку, і толькі ён мае права ёй распараджацца, вырашае, можна яе агучыць ці варта пакінуць для ўнутранага карыстання. Вельмі актуальная, і не толькі для мяне, тэма сацыяльных праблем людзей з інваліднасцю. Іх колькасць ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, павялічваецца. Пытанні іх сацыяльнай рэабілітацыі сёння ў ліку найважнейшых. Сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку ў нашай краіне прысвечана мая кандыдацкая дысертацыя.

У сістэме сацыяльнай дапамогі ў нас шмат супярэчнасцей. Так, ёсць імкненне да яе адраснасці, але яно не падмацавана на справе рэальнымі канкрэтнымі механізмамі. Па-ранейшаму ў сістэме сацыяльнай абароны дзейнічае прынцып дапамогі па заяўцы. Заявіў, што маеш патрэбу ў нечым, — ты атрымаеш гэта. Міма мяне не адзін раз праходзіла тое, на што меў права. Аднойчы атрымаў талоны на праезд за тры папярэднія гады, нават не ведаў пра тое, што яны мне павінны быць выдадзены.

Няма дакладных механізмаў і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў — такіх, якія дзейнічаюць у развітых краінах. Калі пры наяўнасці вакансіі чалавека з інваліднасцю не бяруць на работу, хаця ён аб’ектыўна можа яе выконваць, работадавец там або плаціць вялікі штраф, або адказвае перад судом. Падатковыя льготы для работадаўцаў, на мой погляд, вялікай ролі пры гэтым не іграюць. Мы гэта ўжо праходзілі ў 90-х гадах. Былі прадпрыемствы, якія ўладкоўвалі на работу інвалідаў, ім плацілі менш, чым астатнім (маўляў, яны атрымліваюць пенсію ад дзяржавы), парушалі такім чынам іх правы. Калі трымаць інвалідаў станавілася нявыгадным, іх звальнялі. На жаль, сацыяльныя стэрэатыпы пераадолець цяжка. Інваліда ўспрымаюць як няроўнага і няздольнага быць роўным, як чалавека, які мае права на законных падставах быць утрыманцам. У нас пенсія па інваліднасці фіксаваная, выдаецца на рэабілітацыю, незалежна ад таго, працуе чалавек ці не. Ёсць і іншае пытанне: ці заўсёды чалавек з інваліднасцю хоча працаваць? Можа ён рад быць утрыманцам? З такой сітуацыяй сутыкнуліся многія краіны, дзе сацыяльныя выплаты дазваляюць жыць годна і не працаваць. Але там чалавек з інваліднасцю, які пойдзе працаваць, атрымае значна большы заробак, чым пенсія, і пры гэтым будзе вымушаны адмовіцца ад пенсіі. Выбар складаны, і ў кожнага свой.

—Якія высновы вы зрабілі ў сваёй дысертацыі, якія рэкамендацыі можаце даць грамадству?

—Толькі наладзіўшы дакладны ўлік інвалідаў (асобна па зроку, па слыху і г.д.), можна распрацаваць і сістэму адраснай дапамогі. Адраснасць перш за ўсё ў тым, што чалавеку даюць тое, што яму патрэбна, а не стары, прабачце, радыёпрыёмнік, які заляжаўся на складзе. Можна, напрыклад, знайсці магчымасць набыць ноўтбукі ці тэлефоны з навігатарам для невідушчых навуковых работнікаў і г.д. Павінна быць створана і сістэма асістэнцтва для інвалідаў, якія працуюць. Раней мне плацілі так званую дапамогу на чытальніка. Атрымліваў 25 савецкіх рублёў, на якія мог наняць чалавека, які б мне чытаў. У гэтым мне дапамагала жонка. Такая ж сістэма неабходна і на дзяржаўным узроўні, прычым павінна дзейнічаць у розных кірунках работы з інвалідамі.

Наступны рычаг — прапаганда дасягненняў людзей з інваліднасцю, змяненне меркаванняў аб іх ролі ў грамадстве. Праводзячы даследаванне, я цікавіўся ў звычайных людзей, у якой сферы можа, на іх думку, працаваць сляпы чалавек, пытаўся і пра імёны вядомых людзей, якія страцілі зрок, але пры гэтым рэалізавалі сябе ў пэўнай прафесіі. Большасць адказвала, што сляпы чалавек можа стаць музыкантам, паэтам, пісьменнікам або рабочым на заводзе. Многія прыгадвалі беларускага спартсмена з парушэннямі зроку Ігара Бокія. Але ніхто не назваў імён вучоных, канструктараў з парушэннямі зроку (Дзегцярова, Марголіна і інш.). Усім цікаўным магу парэкамендаваць зазірнуць у тыфлалагічны імянны слоўнік пад рэдакцыяй Гудоніса з біяграфіямі вядомых сляпых людзей.

Пытанні сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, на мой погляд, не вырашацца, пакуль не адбудзецца змяненняў у свядомасці грамадства. А грамадства — гэта ў тым ліку мы з вамі, і дырэктар прадпрыемства, і прадавец у магазіне. У грамадстве трэба фарміраваць разуменне таго, што людзі з інваліднасцю такія ж, як і ўсе. Калі такі чалавек прыйшоў у магазін, парадуйся, што ён набудзе тавар, які не трэба будзе несці яму дадому, пакіне грошы ў магазіне. Абслужыце яго як след, і ён прыйдзе да вас зноў.

Калі праводзілася сацыялагічнае даследаванне па гэтай тэме, мы задавалі нашым рэспандэнтам пытанне: што вы будзеце рабіць, калі ва ўстанове, у якую прыйдзеце за пэўнай паслугай, сустрэнеце сляпога супрацоўніка? 8,3 працэнта заявілі, што яны будуць патрабаваць паслугі ад таго, хто бачыць, 23,5 працэнта адказалі, што не ведаюць, што будуць рабіць. Але ўсё ж 68,2 працэнта вырашылі, што будуць мець справу з такім чалавекам. Калі яго ўзялі на работу, значыць, ён справіцца са сваімі абавязкамі. Работадавец прыняў чалавека з парушэннямі зроку на работу, выдаў яму своеасаблівы крэдыт даверу. Калі ўзнікне разуменне таго, што больш выгадна стымуляваць чалавека да карыснай працы, да самарэалізацыі, чым плаціць яму пенсію і адмаўляць пры гэтым у рэалізацыі здольнасцей, то і ў заканадаўстве адбудуцца адпаведныя змены, узнікнуць прававыя гарантыі для людзей з абмежаваннямі і будзе вызначана ступень адказнасці работадаўцаў за непрыняцце іх на работу. Ствараць такія станоўчыя стэрэатыпы можна і праз прапаганду ў СМІ. Толькі не трэба ўзнімаць інваліда на п’едэстал супергероя, які пераадольвае цяжкасці, а ўсе павінны браць з яго прыклад. Не варта рабіць з яго і прыгнечанага, прыніжанага, пакрыўджанага лёсам і людзьмі чалавека.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *