Лета па-гайдаўску

Сучасны дзіцячы рух прадстаўлены шматлікімі грамадскімі фарміраваннямі і вызначаецца дынамічнасцю, пэўнай незалежнасцю і асобаснай арыентаванасцю. Патрэба падлеткаў у розных арганізацыях зразумелая. Кожнае дзіця хоча быць упэўненым і патрэбным, мець цікавых сяброў і добры калектыў аднадумцаў, займацца карыснай справай, навучыцца жыць без канфліктаў і самастойна прымаць рашэнне ў любой жыццёвай сітуацыі. Гэтым выхаваўчым і адукацыйным запытам адпавядае дзейнасць Асацыяцыі беларускіх гайдаў. Поспех яе работы залежыць ад таго, наколькі эфектыўна складваецца ўзаемадзеянне дзіцячага грамадскага аб’яднання з установамі адукацыі.

На працягу некалькіх гадоў Брэсцкае абласное аддзяленне АБГ цесна супрацоўнічае з Брэсцкім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. На базе гэтай установы плённа працуе аб’яднанне па інтарэсах “Скаўтынг для дзяўчынак” (гайдынг). Адукацыйная праграма аб’яднання ўключае духоўнае і інтэлектуальнае развіццё дзяцей, іх актыўны ўдзел у грамадскіх справах і валанцёрскай дзейнасці, удасканаленне характару падлеткаў праз сістэму інтэрактыўных заняткаў і трэнінгаў асобаснага росту, навучанне бытавым навыкам і рамёствам шляхам арганізацыі творчых майстэрань, а таксама ўдзел у турыстычных летніках і паходах.
БАЦТіКДіМ з’яўляецца надзейным сацыяльным партнёрам АБГ у рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм і мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё сацыяльна актыўнай асобы, прычым не толькі ў навучальным годзе, але і падчас летніх канікул.
Лета па-гайдаўску — гэта асаблівы кактэйль для аматараў актыўнага адпачынку. Яго рэцэпт вельмі просты: у 100 грамаў рамантыкі трэба дабавіць 50 грамаў смеласці і 2 сталовыя лыжкі начнога экстрыму, разбавіць атрыманую сумесь чыстай крынічнай вадой, напоўніць яе здаровым лясным паветрам і прымаць усё гэта штодзень з песнямі ля вогнішча.

Сённяшняе лета гайды Брэстчыны правялі ў турыстычным палявым летніку каля возера Селяхі ў Брэсцкім раёне. Праграма лагера “Амазонкі-2014: за 6 дзён вакол Еўразіі” грунтавалася на адным з вядучых напрамкаў дзейнасці АБГ (“Я — грамадзянка свету”) і прадугледжвала завочнае падарожжа па самых загадкавых краінах планеты. У летніку ўдзельнічалі дзяўчаты-рэйнджары ва ўзросце ад 14 гадоў, дарослыя лідары і 11—13-гадовыя дзяўчынкі-гайды з Брэста, Пінскага і Івацэвіцкага раёнаў.
Удзельнікам лагера была прапанавана гульнявая сітуацыя: на працягу 6 дзён здзейсніць завочнае падарожжа вакол Еўразіі. Кожны дзень дзяўчаты адкрывалі для сябе новую краіну, знаёміліся з яе гісторыяй, культурай і нацыянальнымі традыцыямі, удзельнічалі ў пазнавальных турнірах, гульнях на мясцовасці з элементамі арыентавання, конкурсах і вячэрніх тэматычных праграмах.
Першай краінай у віртуальным падарожжы стала Англія, дзе больш за 100 гадоў назад узнік рух дзяўчынак-гайдаў, затым Старажытная Грэцыя і Старажытны Егіпет, Індыя, Японія і Беларусь. Гэтыя краіны былі выбраны невыпадкова: па выніках апытання патэнцыяльных удзельнікаў летніка.
Улічваючы гендарную асаблівасць складу ўдзельнікаў лагера, у праграму кожнага дня ўключаліся трэнінгі асобаснага росту, на камандаўтварэнне, развіццё навыкаў эфектыўнай камунікацыі і лідарскіх здольнасцей. Штодзень ладзіліся майстэрні па розных рамёствах: папяровая пластыка ў тэхніцы квілінг, пляценне ў тэхніцы куміхіма і макрамэ, работа з фетрам, выраб цацак у тэхніцы амігурумі, пляценне дэкаратыўных кошыкаў з імітацыяй лазы. А каб летнік быў па-сапраўднаму гайдаўскім, дзяўчаты кожны дзень праходзілі навучанне ў секцыях па фарміраванні навыкаў выжывання ў прыродзе. Задача дарослых лідараў гайдынгу заключалася ў тым, каб даць дзяўчынкам веды пра гісторыю і традыцыі скаўцкага/гайдаўскага руху, навучыць навыкам здаровага ладу жыцця і ўменню прымаць самастойнае рашэнне ў складаных жыццёвых сітуацыях, развіваць у падлеткаў валявыя якасці, выхоўваць працавітасць, цярпімасць, спагадлівасць і любоў да Радзімы.

За час знаходжання ў лесе гайды навучыліся распазнаваць сляды жывёл і птушак Беларусі, працаваць з тапаграфічнай картай, арыентавацца на мясцовасці па компасе і прыродных прыкметах, уладкоўваць турыстычны бівак, раскладваць вогнішча, вязаць турыстычныя вузлы, разбірацца ў лекавых раслінах, а таксама асвоілі асновы шыфроўкі і сігнальную азбуку, прыёмы аказання першай даўрачэбнай дапамогі. Выніковая гульня-выпрабаванне паказала не толькі захопленасць падлеткаў, але і гатоўнасць гайдаў да выжывання ў прыродзе без шкоды яе рэсурсам. А паколькі лагер працаваў пад дэвізам “Здаровая дзяўчынка — здаровая нацыя”, у ім былі і ранішняя музычная зарадка, і рацыянальнае харчаванне, і аздараўленчае плаванне, і актыўныя гульні на прыродзе.
На апошнім лагерным вогнішчы дзяўчынкі далі абяцанне гайда. Гэтае ўсвядомленае рашэнне было абумоўлена жаданнем застацца ў дзіцячай грамадскай арганізацыі і быць карысным грамадству. На зялёных кашулях дзяўчынак з’явіліся новыя нашыўкі. Кожная з іх — гэта чарговая прыступка асобаснага росту, стымул да далейшага развіцця.
Удзельніцы летніка атрымалі нашыўкі за актыўнасць і вытрымку, асобасныя якасці і набытыя ўменні. Традыцыі гайдаўскіх лагераў пераконваюць, што цікавае жыццё дзяцей у грамадскай арганізацыі пачынаецца з цікавай, карыснай і бяспечна арганізаванай калектыўнай дзейнасці.

Алена ДЗМІТРЫЕВА,
метадыст Брэсцкага абласнога ІРА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *