Любімыя словы і святы

Другі год вучні і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы працуюць над праектам “Апрабацыя мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці”. У яго рамках школа дзейнічае як сацыякультурны цэнтр. Мерапрыемствы, якія накіраваны на выхаванне ў навучэнцаў пачуццяў патрыятызму, любові да роднага краю, духоўных каштоўнасцей, з’яўляюцца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу, што і пацвердзіў Тыдзень нацыянальнай культуры.

У першы дзень тыдня вучні 11 класа, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, пад гукі беларускіх мелодый сустракалі вучняў, настаўнікаў, гасцей школы, віншавалі з пачаткам тыдня і ўручалі стужку-закладку з беларускім арнаментам і пажаданнем “Каб любіць наш родны край, сваёй мовы не кідай!” і заклікалі ўсіх размаўляць па-беларуску.

Экспрэс-апытанне “Ці ведаем мы беларускую мову” паказала, што многія вучні добра валодаюць роднай мовай, станоўча да яе адносяцца, а некаторым патрэбна яшчэ папрацаваць над сваім слоўнікавым запасам. У час правядзення інтэрактыўнай гульні “Скарбонка роднай мовы” вучні, настаўнікі пісалі самыя мілагучныя і любімыя беларускія словы, а затым склалі іх у маляўнічы букет “Нашы любімыя словы”.

Вучні пачатковых і сярэдніх класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе малюнкаў “Мая малая радзіма”, у конкурсе фотаздымкаў “Мой родны кут”. Абавязковай умовай гэтых конкурсаў з’яўлялася прадстаўленне сваёй работы на беларускай мове.

На працягу тыдня і перапынкі былі незвычайнымі. Арганізоўваліся гульні “Знаўцы роднай мовы”, гучалі музычныя кампазіцыі не толькі ў выкананні беларускіх майстроў, але і школьных зорачак, выступалі юныя чытачы з вершамі беларускіх паэтаў “Гучы, мая родная мова!”.

Вучням была прадстаўлена магчымасць зазірнуць у бабулін куфэрак і знайсці там надзвычайнай прыгажосці рэчы, якімі карысталіся іх продкі: дываны, ручнікі, сурвэткі, прыгожыя вышыванкі.

Вучні старшых класаў сабраліся ў літаратурнай гасцёўні “Паэзія душы”. Галіна Аляксандраўна Аблажэй, былая загадчыца дзіцячага садка, паэтэса, расказала пра сябе, выказала сваю любоў да літаратуры, а пасля прачытала свае вершы.

А якім цікавым выдаўся “Кірмаш”! У пятніцу ўжо з самага ранку гучала музыка, якая запрашала на выставу-продаж “Асеннія дары”, падрыхтаваную разам з бацькамі. Вучні з кожнага класа вершаванымі закліканнямі прапаноўвалі яблыкі, пірагі, кексы, пончыкі, хрушчы, абаранкі, дранікі і іншыя стравы, якія прыйшліся да густу іх аднакласнікам, настаўнікам і адміністрацыі школы. Вучні пачатковых класаў Аляксей Якаўлеў (2 клас), Марта Міхалоўская (2 клас), Лізавета Грышук (3 клас), Арцём Палубінскі (3 клас), Ілона Трахімовіч (4 клас), акрамя мучных вырабаў, сумесна з бацькамі падрыхтавалі цікавую выставу з садавіны і агародніны. Навучэнцы 5—11 класаў рэалізоўвалі таксама і сувенірную прадукцыю, якую зрабілі са сваімі матулямі.

Тыдзень завяршыўся тэатралізаваным святам “Багач”. Ганна Дзмітрыеўна Шундрык са сваімі вучнямі, апранутымі ў нацыянальныя касцюмы, запрасіла на прадстаўленне не толькі навучэнцаў пачатковай школы, але і іх бацькоў. У выкананні дзяцей гучалі беларускія народныя песні “Саўка ды Грышка”, “Мікіта”, “Чаму ж мне не пець”, “Ох і сеяла Ульяніца лянок”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прынялі ўдзел у беларускіх гульнях і конкурсах “Збяры бульбу”, “А мы проса сеялі”, “Палупі яйкі” і інш. У выкананні фальклорнага калектыву гледачам быў прадстаўлены яркі танец “Крутуха”. Напрыканцы свята кожны госць атрымаў магчымасць пакаштаваць страву са святочнага стала.

Вучням 5—7 класаў у гэты ж дзень была прапанавана гульнявая праграма “Чаму ж нам не пець, чаму ж не гудзець!”. Аксана Мікалаеўна Яфімік са сваім класам правялі цікавыя конкурсы і беларускія гульні, загадвалі загадкі, складалі прыказкі і прымаўкі, спявалі, танцавалі, частавалі гасцей дранікамі.

На “Беларускай вечарыне” было вельмі цікава старшакласнікам. І там гучалі песні, вершы, усе размаўлялі па-беларуску. Праходзілі цікавыя конкурсы: “Млын”, “Дары восені”, “Касцы”, “Напаі каня”, падрыхтаваныя Рамуальдай Казіміраўнай Добыш і васьмікласнікамі. Скончылася вечарына дыскатэкай.

Ірына ЛАМАКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры;
Іна ЦІМАФЕЙЧЫК,
бібліятэкар, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *