Мары здзяйсняюцца на беларускай зямлі

Юны журналіст з Расіі 11-гадовы Яўген Грышын сустрэўся з малодшым сынам Прэзідэнта Беларусі Мікалаем Лукашэнкам, паразмаўляў з кіраўніком дзяржавы на хакейнай трэніроўцы і наведаў Галоўную ёлку краіны. Падрабязнасці знаходжання хлопчыка ў Беларусі паказалі ў спецыяльным рэпартажы на тэлеканале “Беларусь 1”.

Юны расіянін прыляцеў у Беларусь з пасёлка Арцёмаўскага, што знаходзіцца пад Уладзівастокам. Хлопчык вельмі хоча стаць рэпарцёрам, і яго прафесійнай марай было зрабіць відэасюжэт пра Беларусь для свайго канала навін у інтэрнэце, які ён запусціў 1,5 года назад.

Шчаслівая выпадковасць дапамагла яму ажыццявіць сваю мару: на адной са здымак у Маскве ён сустрэўся з беларускімі журналістамі, якія параілі звярнуцца ў прэс-службу Прэзідэнта Беларусі. І вось праз месяц Жэню Грышына чакаў навагодні сюрпрыз.

У Беларусі 11-гадовы журналіст адразу ж уключыў камеру на сваім тэлефоне, каб зняць некалькі рэпартажаў пра сталіцу. Хлопчык падрабязна вывучыў выдатныя мясціны Мінска, пабываў з экс­курсіяй у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведаў Белтэлерадыёкампанію, фабрыку “Камунарка”.

“Беларусь вельмі прыгожая, у вас ёсць шмат выдатных мясцін”, — падзяліўся ён сваімі ўражаннямі.

Але галоўным пунктам навагодніх канікул у Беларусі для Жэні Грышына стала сустрэча з малодшым сынам прэзідэнта краіны. Мікалай Лукашэнка запрасіў 11-гадовага журналіста ў госці і расказаў яму аб сваіх захапленнях, занятках музыкай, удзеле ў грамадскім жыцці школы і будучай прафесіі. “Я яшчэ не вырашыў. Можа, стану ўрачом: гэта вельмі добра — дапамагаць людзям. Можа, разгледзеў бы і ваенную кар’еру. Яшчэ я не паспеў вызначыцца, час ёсць”, — адзначыў Мікалай.

Яўген Грышын пабываў і на хакейнай трэніроўцы ў сына Прэзідэн­та Беларусі, у час якой яму ўдалося не проста паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе спорту, але і сустрэцца з кіраўніком дзяржавы.

Наведванне самага маштабнага навагодняга паказу ў Беларусі — Галоўнай ёлкі краіны — стала тэмай для асобнага рэпартажу юнага журналіста. Назіраючы за спектаклем, хлопчык нават не думаў, што тут здзейсніцца яшчэ адна яго запаветная мара: кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка ў гонар свята падарылі Яўгену прафесійную камеру, пажадаўшы яму ўдачы ў журналісцкай справе.

“Вядома, такое жаданне было ў мяне, але я ніяк не мог уявіць, што менавіта сёння мары здзейсняцца і мне падораць прафесійную камеру. Цяпер я паверыў, што цуды на самай справе адбываюцца”, — заявіў Жэня Грышын.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *