На шляху да больш цеснага супрацоўніцтва

У чацвер адбылася сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з паслом Германіі Петэрам Дэтмарам. Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве нямецкага боку ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны.

Размова пачалася са слоў спачування міністра адукацыі з нагоды трагедыі, якая нядаўна здарылася ў Берліне на калядным кірмашы. У адказ пасол Германіі падзякаваў і адзначыў, што супрацьстаяць тэрарызму можна толькі ў кансалідацыі. “Грамадства павінна быць моцным і згуртаваным”, — заўважыў Петэр Дэтмар.

Што тычыцца супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, то паміж Беларуссю і Германіяй склаліся трывалыя сувязі, якія развіваюцца на розных узроўнях, асабліва актыўна паміж установамі адукацыі. Як заўважыў Ігар Карпенка, сёння паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі краін заключана каля 90 сумесных дагавораў.

“Увесь час адбываецца адукацыйны абмен, працуюць шматлікія праграмы, асабліва па падтрымцы вывучэння нямецкай мовы. Толькі ў вышэйшых навучальных установах каля 22 000 студэнтаў вывучаюць нямецкую мову, 6000 — як другую замежную мову. Акрамя таго, Германія — тая краіна, якая развівае і прасоўвае Балонскі працэс. У нас вучыцца шмат маладых людзей, якія ў будучыні будуць развіваць адносіны паміж нашымі краінамі”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Петэр Дэтмар запэўніў міністра ў тым, што наладжанае эфектыўнае супрацоўніцтва будзе працягвацца, і выказаў падзяку Міністэрству адукацыі за цеснае кантактаванне і рэалізацыю праекта па ўступленні Беларусі ў Балонскі працэс. Пасол таксама адзначыў, што Германія і далей будзе падтрымліваць нашу краіну ў поўным уступленні ў агульную еўрапейскую адукацыйную прастору. Акрамя таго, Петэр Дэтмар задаволены актыўным вывучэннем нямецкай мовы беларускімі школьнікамі і выказаў спадзяванне на працяг такой практыкі.

“Канечне, нямецкая мова не можа канкурыраваць з англійскай, але веданне нямецкай мовы будзе толькі спрыяць палепшэнню сацыяльных, эканамічных зносін. Акрамя таго, валоданне замежнымі мовамі дае магчымасць развівацца і ўключацца ў сусветную прастору”, — сказаў пасол Германіі.

Выгоды міжнароднага супрацоўніцтва адчулі беларускія ўніверсітэты, якія рэалізоўваюць сумесныя адукацыйныя праекты. Актыўнымі ў гэтым кірунку з’яўляюцца ВНУ Гомеля, Магілёва, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Па словах нямецкага пасла, акадэмічнае супрацоўніцтва будзе працягвацца і ўзмацняцца. Ён прапанаваў спыніцца на зместавым напаўненні ўніверсітэцкага ўзаемадзеяння, бо існуе многа перспектыў у развіцці сумесных навуковых праектаў.

“У рэалізацыі паспяховага супрацоўніцтва вельмі добра зарэкамендаваў сябе падыход “знізу ўверх”, калі адносіны спачатку наладжваюцца не на ўзроўні ўніверсітэтаў, а паміж кафедрамі, факультэтамі. А затым, калі ўсталюецца структурнае супрацоўніцтва, універсітэты пачнуць працаваць на аснове дагавораў. Нам шмат чаго трэба будзе зрабіць, але мы з вамі стаім на правільным шляху развіцця для больш цеснага ўзаемадзяння”, — адзначыў пасол Германіі.

“Замежная мова будзе запатрабавана тады, калі будзе створаны трывалы падмурак для эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. І тое, што нашы адукацыйныя праекты развіваюцца ў тым ліку і ў межах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, гаворыць пра многае. Думаю, што ў рамках вывучэння нямецкай мовы было б карысна, каб мы, напрыклад, абменьваліся інфармацыяй пра развіццё ІТ, сучасных тэхналогій прамысловай вытворчасці. Трэба шукаць новыя падыходы, трэба падумаць пра іх кірункі і зместавае напаўненне”, — адказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Акрамя таго, ён прапанаваў аднавіць супрацоўніцтва ў рэалізацыі праектаў па развіцці сацыяльна-педагагічнай службы ў навучальнай установе. Вопыт нямецкіх калег па рабоце педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў быў бы для нас карысным.

“Для нас актуальнай з’яўляецца арганізацыя работы з дзецьмі-аўтыстамі. Нам не хапае навуковай і метадычнай базы, а спецыялісты патрабуюцца, таму было б цікава пазнаёміцца з праграмай падрыхтоўкі такіх спецыялістаў і практычным вопытам дыпламаваных спецыялістаў. Нам у Беларусі трэба ствараць сваю школу па гэтай тэме, каб развівацца і эфектыўна ўзаемадзейнічаць з соцыумам”, — адзначыў міністр.

Ігар Карпенка таксама прапанаваў выкарыстоўваць патэнцыял нашых універсітэтаў для вывучэння нямецкай моладдзю рускай і беларускай моў. Петэр Дэтмар падтрымаў гэтую ідэю. Хаця, магчыма, прапанаваць свае паслугі айчынныя ВНУ змогуць і самі. Плануецца, што ў канцы студзеня 2017 года дэлегацыя беларускіх рэктараў наведае ўніверсітэты Германіі.

Напрыканцы сустрэчы міністр адукацыі Ігар Карпенка павіншаваў пасла Германіі Петэра Дэтмара з надыходзячымі Калядамі і Новым годам і пажадаў спакою і дабрабыту яго сям’і і ўсяму нямецкаму народу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *