Новыя гарызонты супрацоўніцтва

Дэлегацыя Мінскай вобласці наведала з рабочым візітам Літоўскую Рэспубліку. У склад дэлегацыі ўвайшлі першы намеснік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч, прадстаўнікі Мінскага абласнога ІРА, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. У краіне-суседцы прадстаўнікі Беларусі азнаёміліся з вопытам літоўскіх калег па арганізацыі прафесійнай адукацыі навучэнцаў.

Візіт быў арганізаваны па ініцыятыве і пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. Гасцей з Беларусі чакала насычаная праграма, якая пачалася сустрэчай за круглым сталом у Міністэрстве адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі. Замежныя калегі расказалі аб рэалізацыі стратэгіі навучання, функцыянаванні і фінансаванні сістэмы прафесійнай адукацыі, міжнароднай ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці ў Літве, асаблівасцях фарміравання дзяржаўнага заказу на прафесійнае навучанне ў Літве, метадах ацэнкі эканамічнай патрэбы ў працоўных кадрах. Беларускія госці даведаліся, што большасць літоўскіх прафтэхшкол абноўлена і забяспечана сучасным абсталяваннем для практычнага навучання, а іх цеснае супрацоўніцтва з работадаўцамі і рэгіянальнымі ўладамі, новыя вучэбныя праграмы даюць выпускнікам найлепшыя перспектывы працаўладкавання. Далей дэлегацыя ад нашай краіны наведала шэраг літоўскіх устаноў, дзе ўсё ўбачыла на свае вочы.

У Вільнюскім цэнтры прафесійнага навучання тэхналогіям і бізнесу былі прадэманстраваны найбольш эфектыўныя падыходы да арганізацыі практычнага навучання, абазначана роля дзяржавы і Еўрапейскага саюза ў фінансавым развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі.

У Вільнюскай школе аўтамеханікі і бізнесу гасцей азнаёмілі з праграмамі па падрыхтоўцы аўтамеханікаў і электрамеханікаў, а таксама паказалі магчымасці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Асаблівую ўвагу прыцягнуў сучасны аўтасэрвіс з поўным цыклам абслугоўвання і аднаўлення легкавых аўтамабіляў. Падчас практычнай работы з навучэнцамі педагогі шырока выкарыстоўваюць электронныя сродкі навучання, у тым ліку распрацаваныя асабіста імі. Акрамя таго, тут дзейнічае камп’ютарызаваная сістэма апытання, ацэнкі і ўліку ведаў вучняў.

Наведаўшы Вільнюскую школу бізнесу ў галіне турызму і гандлю, беларускія спецыялісты звярнулі ўвагу на падрыхтоўку работнікаў у сферы гандлю і лагістыкі. Як і ўстановы адукацыі Мінскай вобласці, Вільнюская школа актыўна прымае ўдзел у Міжнародным конкурсе WorldSkills па прафесіі кухара.

Аб асаблівасцях работы ўстановы адукацыі, размешчанай у сельскай мясцовасці, расказалі ў Аланцкай школе тэхналогій і бізнесу. Яе калектыў захаваў і прымножыў спадчыну вучэбнай базы, якая засталася яшчэ з даўніх часоў. Так, цікавае прымяненне знайшлі гістарычнай сядзібе, якая знаходзіцца на тэрыторыі ўстановы. Зацікавіў спецыялістаў і вопыт па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Падчас візіту ў Каўнаскі цэнтр прафесійнага тэхнічнага навучання прадстаўнікоў Мінскай вобласці азнаёмілі з практыкай выкарыстання ў адукацыйным працэсе модульнай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў і магчымасцямі дыстанцыйнага навучання. Супрацоўнікі цэнтра расказалі, што тут навучэнцы на практыцы вывучаюць поўны цыкл дрэваапрацоўкі — ад зрубленых бярвён да вытворчасці мэблі.

Пытанням арганізацыі практычных заняткаў была прысвечана сустрэча ў Прафесійным вучэбным цэнтры імя караля Міндаўгаса. У гэтай установе ўкаранілі і паспяхова выкарыстоўваюць сучасную практычную базу па аказанні паслуг здароўя і прыгажосці Modus. Заняткі праводзяцца ў спецыяльна абсталяваных студыях прыгажосці, фларыстыкі, артапедычнай студыі, цырульні для сабак. Шмат увагі ў адукацыйным працэсе ўстановы ўдзяляецца выхаванню духоўных каштоўнасцей і развіццю ключавых кампетэнцый.

Падчас азнаямлення з установамі адукацыі Літвы асаблівая ўвага была звернута на практычную падрыхтоўку навучэнцаў. Зацікавіў той факт, што найчасцей яна вядзецца па модульнай сістэме. Паралельна ідзе практычная падрыхтоўка навучэнцаў і іх стажыроўка. У вучэбны план уключаецца 70% гадзін вытворчага навучання ад агульнай колькасці. Навучанне ў асноўным суправаджаецца вырабам прадукцыі, якая выкарыстоўваецца для ўласных патрэб і рэалізоўваецца іншым навучальным установам і мясцоваму насельніцтву.

Цікавы і вопыт правядзення выніковай атэстацыі з прыцягненнем толькі незалежных камісій, што павышае адказнасць навучэнцаў пры здачы выпускных квалiфiкацыйных экзаменаў. Прысваенне ўзроўняў кваліфікацый (разрадаў) адбываецца на вытворчых прадпрыемствах пасля заканчэння навучальных устаноў. Гэта дазваляе правесці ацэнку кампетэнтнасці выпускнікоў незалежнымі кваліфікаванымі зацікаўленымі камісіямі.

Амаль кожны дэлегат звярнуў увагу на распаўсюджанасць у навучальных установах дыстанцыйнага навучання. Яно дае магчымасць атрымаць прафесію навучэнцам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З дапамогай дыстанцыйных форм работы праводзіцца падрыхтоўка і перападрыхтоўка дарослых. Ва ўсіх навучальных установах вядуцца электронныя журналы вучэбных заняткаў.

Візіт беларускіх спецыялістаў у суседнюю краіну завяршыўся сустрэчай з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандрам Міхайлавічам Каралём. Падчас гутаркі з ім узнімаліся пытанні супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Была дасягнута дамоўленасць аб падпісанні пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі і ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Акрамя таго, былі абазначаны асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі дзвюх краін. Кіраўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці падзяліліся сваім станоўчым вопытам у падрыхтоўцы рабочых кадраў, а таксама выказалі шчырую зацікаўленасць у наладжванні супрацоўніцтва з літоўскімі калегамі і ўпэўненасць, што такое ўзаемадзеянне адкрые новыя гарызонты для развіцця ўстаноў адукацыі Беларусі і Літвы.

Дар’я РЭВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *