Падабаецца — не падабаецца, але без самаразвіцця не справіцца

Неяк увечары, пераключаючы тэлевізійныя каналы, раптоўна заўважыла знаёмы твар. Спынілася і здзівілася. З экрана даносілася песня ў выкананні Інесы Зубрылінай у пары з Аляксандрам Сухаравым. “Ну і справы! І голас прыгожы мае!” — мільгацелі думкі ў галаве. Даслухаўшы песню, а гэта была песня групы “Эківокі” “Падабаецца — не падабаецца”, падумала, што трэба пазваніць і павіншаваць. Але затым узнікла іншая ідэя: акрамя павіншаваць, пагаварыць пра самаразвіццё сучаснага педагога, яго віды і формы. Ну і, зразумела, было вельмі цікава даведацца пра матывацыю Інесы Уладзіміраўны прыняць удзел у праекце канала СТБ “Дзве зоркі”.

— Інеса Уладзіміраўна, можа, каму і не падабаецца, але мне вашы спевы прыйшліся па душы. А як вы трапілі ў гэты праект?

— Дзякуй. Пачалося ўсё з таго, што я ехала ў маршрутцы з камандзіроўкі. Тут мне тэлефануюць з канала СТБ, гавораць, што праглядзелі СМІ і высветлілі, што я многа дзе выступаю, гавару пра прэстыж педагагічнай прафесіі, пра тое, што яе трэба максімальна піярыць, што неабходна ствараць перадачу пра школу і г.д.

— Так, — адказваю ім, — сапраўды, і гавару і прызываю.

—Дык мы можам дапамагчы зрабіць першы крок.

— Якім чынам? — пытаюся я.

— У вас жа ёсць музычная адукацыя?

— Так, я закончыла музычную школу.

— Спяваеце?

— Так, спяваю і на піяніна іграю.

— Добра, — і паклалі трубку.

Праз некаторы час мне патэлефанаваў прадзюсар праекта і паведамiў, што ў пары з Аляксандрам Сухаравым я буду ўдзельнічаць у шоу “Дзве зоркі на СТБ”, а ў мяне на той момант, акрамя шоку, высокая тэмпература і голасу зусім няма. Але, як гаворыцца, з падводнай лодкі не ўцячэш. Так я стала ўдзельніцай музычнага шоу, на якое прыйшла з ідэяй папулярызацыі настаўніцкай прафесіі.

Спевы, канечне, не звязаны з прафесійнай дзейнасцю. Гэта хутчэй выклiк сабе, і напачатку я мучылася над пытаннямі “Навошта мне гэта трэба?”, “Навошта ўвязалася?”. Але затым зразумела, што гэта можа стаць цудоўным сродкам пазбаўлення ад прафесійнага выгарання. Калі ты ўвесь час трымаеш планку, прычым досыць высокую, і твае ўрокі ўспрымаюцца як шоу “Настаўнік года”, дзе ты павінен быць ідэальным і табе не даруюць ніводнага, нават мінімальнага, промаху, безумоўна, гэта вельмі цісне псіхалагічна, прычым перш за ўсё на маiх вучняў.

Пасля конкурсу прайшло пяць гадоў, але сказаць, што маё жыццё сёння менш насычанае, чым адразу пасля конкурсу, я не магу.

Мая сённяшняя дзейнасць спалучае педагогіку з андрагогікай, працую я i з дзецьмi, і з дарослымi, i з настаўнiкамi, таму самой трэба ўвесь час развівацца, што, канечне, ня­проста. У сувязі з гэтым удзел у праекце на СТБ для мяне стаў своеасаблiвым чэленджам (challenge) — рызыкоўнай справай, калі ідзеш і думаеш: атрымаецца ці не. Разам з тым было вельмі прыемна трапіць у творчую атмасферу, што для мяне не ў навіну. Заўсёды цікава пагутарыць з людзьмi, якiх часцей за ўсё бачыш на экране.

Яшчэ мне вельмі пашанцавала з партнёрам. Аляксандр Сухараў, таленавiты выканаўца ўласных песень, не пазіцыяніруе сябе суперзоркай, чалавек ён вельмі шчыры i адкрыты. Да таго ж працуе з дзецьмі, з’яўляецца кіраўніком музычнай студыі, што яшчэ больш нас зблізіла і пазбавіла лішняй нервознасці і няўпэўненасці. Таму з першай ноты i з першай ­усмешкi я зразумела, што гэта свой чалавек. І вельмi ўдзячна лёсу за гэтае знаёмства.

У праекце ўдзельнічае 14 пар і кожная спявае розную колькасць песень. Мы з Аляксанд­рам удзельнічалі ў выпусках, прысвечаных беларускiм шлягерам i песням з любiмых кінафiльмаў. Спяваць ужывую і пад аркестр ня­проста, але мы старалiся. У канцы праекта бу­дзе галасаванне, таму, дарагiя калегi, акцыя “падтрымай настаўніка” наперадзе! (Смяецца.) Спадзяюся на вашу падтрымку. Пакуль на YоuTube наш ролік мае найбольш праглядаў. Хацелася б верыць, што тых, каму падабаецца, больш. Тым не менш, як гаворыцца ў аднайменнай песні: “Падабаецца — не падабаецца”. Тут у кожнага сваё меркаванне.

— Можна сказаць, што гэта для вас своеасаблівая прыгода? 

— Так, для мяне гэта своеасаблівая прыгода, якая сведчыць пра тое, што настаўнікі — людзі ўніверсальныя, якія могуць быць і пажарнымі, і медсёстрамі, і кухарамі, і артыстамі.

Ведаеце, калі я абмяркоўвала свой удзел у гэтым музычным праекце з баць­кам, то ён сказаў наступнае: “А ты ўяві рэаліці-шоу “Зайдзі ў клас”, у якім вядомым людзям далі б магчымасць выбраць клас, прадмет і паспрабаваць нечаму навучыць дзяцей за 45 хвілін. Думаю, што наўрад ці б хто зга­дзіўся”. І я з ім згодна. У нас існуе стэрэатып: а што там настаўнік, хіба ў яго цяжкая праца? У кожнага ж у жыцці настае момант, калі ён садзіцца за стол і гаворыць свайму сыну ці дачцэ: “Ну, давай, я зараз табе ўсё растлумачу”. Але, як правіла, надоў­га цярпення не хапае, потым настаўніку даво­дзіцца яшчэ і тлума­чыць нанава. ­Акрамя таго, сёння, каб утры­маць увагу дзяцей, трэба вельмі пастарацца. Адна справа — уздзейнічаць на людзей дарослых і мець на ўвазе пэўныя піяр-тэхналогіі, i зусім iншая справа, калі мы гаворым пра прыцягненне ўвагі, матывацыю, ацэнку дзейнасцi ў адносінах да дзяцей. Паспрабуйце паставіць адзнакі аб’ектыўна! Гэта вам не судзіць у журы на шоу, дзе няма нi крытэрыяў, нi зваротнай сувязi.

— Я, напэўна б, не адважылася, хоць і маю педагагічную адукацыю…

— Вось і я пра тое. Хай бы паспрабавалі нашы вядомыя музыканты, палітыкі або грамадскія дзеячы пастаяць каля дошкі 45 хвілін. Ды так, каб іх слухалі!

— Інеса Уладзіміраўна, мы многа гаворым пра самаразвіццё настаўніка, пра неабходнасць яго самаадукацыі. У якім напрамку, на вашу думку, можна і неабходна рухацца сучаснаму педагогу?

— Для таго каб прафесійнае самаразвіццё было якасным, трэба пастаянна рэфлексаваць тое, што ты робіш. На кожным уроку мы рэфлексуем работу сваiх навучэнцаў. А сваю чаму не? Рабіць гэта неабходна абавязкова па той простай прычыне, што калі нешта не атрымалася, то гэта азначае, што я, настаўнік, нешта не прадугледзела, магчыма, зрабіла стаўку на памылковую стратэгію, тэхналогію або прыём. І калі ты аналізуеш гэтыя памылкі, то пастаянна імкнешся да самаўдасканалення. Як ювелір увесь час удасканальвае сваю работу, так і настаўнік, азіраючыся на памылкі і няўдачы, ідзе да свайго ідэалу.

Асабіста мне рабіць гэта даводзіцца пастаян­на таму, што, па-першае, мінімум два разы на месяц я даю адкрытыя ўрокі, на якіх прысутнічае вялікая колькасць настаўнікаў і метадыстаў; па-другое, сумяшчаючы работу ў гімназіі з асноўнай працай у Інстытуце павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў лінгвістычнага ўніверсітэта, мне штотыдзень даво­дзiцца працаваць з новай групай настаўнікаў — удзельнiкаў розных тэматычных праграм павышэння квалiфiкацыi. Разумеючы, што ўсю тэарэтычную інфармацыю я павінна максімальна звязаць з практыкай і пры гэтым ні ў якім разе не паўтарыцца, адчуваю, што ўвесь час неабходна падымаць планку, таму само жыццё прымушае не спыняцца на дасягнутым i пастаянна развiвацца. Акрамя таго, дысертацыя, над якой я працую, таксама звязана з арганізацыяй прафесійнай дзейнасці. У ёй я мадэлюю інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе настаўніка-метадыста, якое складаецца з пэўнай колькасцi вектараў, адным з якіх з’яўляецца самаадукацыя.

Сустракаючыся з настаўнікамі на розных семінарах і майстар-класах, я ўвесь час імкнуся паказаць і на ўласным прыкладзе, і на тэндэнцыях, якія вельмі ярка выражаны ў сучаснай адукацыі, рэальныя траекторыі прафесiйнага развіцця. Гэта перш за ўсё дыстанцыйнае навучанне, розныя анлайн-курсы. Сёння, дзякуючы СМІ і інтэрнэту, магчымасці педагогаў значна пашырыліся. Галоўнае, каб у іх было жаданне развівацца і ўдасканальвацца.

Разам з тым ёсць яшчэ адзін момант. Калі ты рэфлексуеш сваю дзейнасць і разумееш, што ў цябе нешта западае i не атрымліваецца, то, шукаючы адказ, можна, напрыклад, пайсці на ўрок да вопытнага калегі і паглядзець, як ён спраўляецца з падобная праблемай. Але не факт, што ўдалы прыём аднаго настаўніка бу­дзе працаваць на тваіх вучнях і ў тых умовах, у якіх працуеш ты. Ён можа проста не класціся на душу, бо ў кожнага свой тэмперамент, харызма і г.д., таму трэба шукаць сваё.

— Кожны настаўнік павiнен займацца самаадукацыяй, і ў кожнага ёсць свая тэма. Ці актуальна сёння такая форма педагагічнага развіцця?

— Сёння яна актуальная як ніколі. Напрыклад, у апошнi час мы шмат гаворым пра кампетэнтнасны падыход, пра тое, што ў 2018 годзе наша краіна прыме ўдзел у даследаваннях РІSА (дарэчы, нядаўна з’явіліся вынікі апошняга манiторынгу, што стала тэмай для абмеркавання ў педагагічнай супольнасці). Нам у іх удзельнічаць, і мы разумеем, што гэта пэўны выклік і сістэме, і кожнаму настаўніку.

Днямі я абмяркоўвала гэта з калегамі, а месяц назад у нас быў чарговы рэспублікан­скі семінар настаўнікаў-метадыстаў, дзе для яго ўдзельнікаў я праводзіла заняткі па прафесійным развіцці. Мы прааналізавалі патрабаванні, якія прад’яўляе настаўнікам сусветная супольнасць, магчымасцi выкарыстання настаўнікаў-робатаў, а таксама шэраг заданняў, падобных да РІSА, PIRLS, TIMSS. Усё гэта вельмi важна, бо нам неабходна сённяшніх дзяцей рыхтаваць да заўтрашняга жыцця. А жыццё заўтра будзе зусім іншым, і тыя хуткасць і тэмп, з якімі ўсё вакол развіваецца, прымушаюць нас зразумець, што без адпаведнай падрыхтоўкі мы не абы­дземся.

Але ж нас, педагогаў, да гэтага ніхто не рыхтаваў. І калі пачынаем задумвацца над тым, ці магу я, настаўнік, зрабіць тое, што патрабуецца ад дзіцяці, узнікаюць сумненнi. І ты разумееш, што як прадметнік ты многае можаш і ўмееш, а калі гаворка ідзе пра надпрадметныя кампетэнцыі, якія перш за ўсё патра­буюць уменнi мадэляваць веды з розных сфер (што якраз сёння і неабходна), то разумееш, што адзін у полі не воін. І калі ты ўсведамляеш, што школа — гэта тваё месца на ўсё жыццё, то ты вымушаны вырашаць пастаўленыя задачы. Вось тут мы з вамі вяртаемся да той самай рэфлексіі: калі я разумею, што не адпавядаю да канца тым патрабаванням, якія сёння прад’яўляюцца настаўніку, неабходна прыкласцi намаганні для прафесійнага росту.

— Мне падаецца, што ўмовы для прафесійнага росту ў нас створаны.

― Так, у нашай краіне сфера дадатковай педагагічнай адукацыі развіта добра. На базе лінгвістычнага i педагагiчнага ўніверсітэтаў ёсць асобныя інстытуты, працуюць рэгiянальныя iнстытуты развiцця адукацыi, АПА, НIА. Вялікі плюс нашай сістэмы адукацыі ў тым, што нашы настаўнікі кожныя пяць гадоў (настаўнікі замежных моў — кожныя тры гады) маюць права бясплатна павышаць сваю кваліфікацыю (на постсавецкай прасторы такога ўжо нідзе няма), прычым з умовай самастойнага выбару тэмы ў залежнасцi ад сваiх прафесiйных патрабаванняў.

Напрыклад, на базе IПКiПК МДЛУ штогод рэалiзуецца больш за 80 розных практыка-арыентаваных праграм павышэння квалiфiкацыi i тэматычных семiнараў, дзе прадугледжана максімальнае пагружэнне не толькi ў замежную мову, але i ў дакладную праблему выкладання. І я вельмі рада за нашых настаўнікаў-замежнікаў, бо, маючы магчымасць павы­шаць сваю кваліфікацыю раз на тры гады, многія да нас прыхо­дзяць па 3—4 разы на год. Яны апрабоў­ваюць тыя ідэі, якімі мы з імі дзелімся, а потым пры­хо­дзя­ць з пытаннямі, бо хочуць прафесiйна расці i развiвацца.

Пры жаданні можна пастаянна прафесiйна развівацца. Для гэтага ёсць усе магчымасці — ад вялікай колькасці прафесійнай літаратуры, праграм павышэння квалiфiкацыi, майстар-класаў калег да шматлікіх інтэрнэт-парталаў, сеткавых супольнасцей, у тым ліку і нашага сеткавага аб’яднання беларускіх настаўнікаў-метадыстаў “Суполка”, групы “Iмкненне” на Facebook. Гэта прыклады сеткавага ўзаема­дзеяння, якое спрыяе развіццю педагогаў. Асабіста мы збіраемся толькі два разы на год: падчас каляднага фестывалю і на семінары ў лістапа­дзе. На працягу навучальнага года мы працуем дыстанцыйна.

Нягледзячы на тое, што настаўнікі-метадысты маюць самую высокую прафесійную катэгорыю, ім усё роўна трэба развівацца. І мне як старшыні асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў бывае няпроста скласці праграму, бо ў склад асацыяцыі ўваходзяць 130 чалавек, якія выкладаюць розныя прадметы, але абмяркоўваем мы праблемы надпрадметныя. Тут вельмі дапамагае прынцып “роўны вучыць роўнага”. Мы актыўна дапамагаем i падтрымліваем адно аднаго. Прыемна, што да самаразвіцця імкнуцца i маладыя настаўнікі.

На жаль, у нас няма фiнансавых магчымасцей актыўна ўдзельнiчаць у мiжнародных форумах, хаця я пераканана: нам ёсць чым падзялiцца з замежнымi калегамi. Недахоп падобных зносiн вырашаецца за кошт вэбінараў, анлайн-трансляцый i сустрэч, што дазваляе быць у трэндзе. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што галоўным рухавіком самаразвіцця і самаадукацыі з’яўляецца жаданне настаўніка, разуменне, што гэта яму неабходна.

— Ведаеце, іншым разам узнікае адчуванне, што не вельмі хочуць нашы настаўнікі развівацца.

— Усё залежыць ад кожнага iндывiдуальна i ад калектыву, у які трапляе чалавек, ад адміністрацыі. Ёсць адміністратары, якія выконваюць чыста чыноўніцкія функцыі. Яны пільна сочаць не за прафесiйным ростам сваiх калег, а за рэйтынгамі, працэнтамі і маніторынгамі, ставяць планкі па перамогах на алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, заганяючы настаўнiка ў рамкi бясконцых паказчыкаў. Але ж адораныя дзеці —гэта прыблiзна толькі 3 працэнты школьнікаў. А што рабіць з астатнімі? Меркаваць пра школу па колькасці дыпломаў насамрэч нельга. Такога няма ні ў адной краіне.

З другога боку, ёсць навучальныя ўстановы, адміністрацыя якіх найперш клапоціцца пра прафесіяналiзм сваіх педагогаў. Напрыклад, Рэчыцкі раённы ліцэй, дзе працуе каманда аднадумцаў, якая пастаянна імкнецца да самаразвіцця. Ды i многiя iншыя, з якiмi я знаёмлюся падчас сваiх асабiстых семiнараў i майстар-класаў, а таксама ў рамках акцый клуба “Крыштальны журавель”.

Ёсць надзея на новае пакаленне настаўнікаў, якія здолеюць пабудаваць сістэму з іншымі прыярытэтамі. Дарэчы, конкурс “Настаўнік года” —гэта таксама адзін са сродкаў адкрыцця неардынарных прафесiяналаў. Настаўнiк — прафесiя масавая, i нават у конкурс могуць трапiць выпадковыя людзi, але час расстаўляе ўсё на свае месцы. Да фінішу даходзяць сапраўдныя майстры, мэтанакіраваныя i здольныя да асобаснага росту людзi. Спадзяюся, што чарговы конкурс выявіць новых зорак беларускай школы, якія выйдуць за межы свайго прафесійнага асяроддзя і прадэманструюць сваю педагагічную вышыню ўсяму грамадству не толькi перад дошкай, але i на сцэне папулярных тэлевiзiйных шоу.

— Вялікі дзякуй, Інеса Уладзіміраўна, за гутарку! Поспехаў вам у тым ліку і на музычным алімпе!

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *