Свята — кожнаму дзіцяці

Падчас рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” міністр адукацыі Ігар Карпенка павіншаваў з навагоднімі святамі выхаванцаў Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай школы закрытага тыпу.

Кіраўнік адукацыйнага ведамства краіны не толькі павіншаваў дзяцей і педагогаў з надыходзячым Новым годам і Калядамі, але і азнаёміўся з умовамі пражывання і навучання ў школе. Дарэчы, яны сёння адказваюць усім сучасным патрабаванням. Зараз ва ўстанове вучацца 58 выхаванцаў. Для іх тут ёсць усё неабходнае для атрымання годнай адукацыі, фізічнага і духоўнага развіцця. А з увядзеннем сёлета ў эксплуатацыю новага вучэбнага корпуса магчымасцей для самарэалізацыі дзяцей, якія маю ць патрэбу ў асаблівым выхаванні, у спецустанове стала яшчэ больш. Зараз у распараджэнні выхаванцаў школы басейн, прасторныя актавая і спартыўная залы, пакоі для выхавання, кабінеты для заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах. Умовы пражывання навучэнцаў таксама камфортныя. Падлеткі жывуць у пакоях блочнага тыпу, разлічаных на шасцярых чалавек і аснашчаных асобным санвузлом і душавой кабінай.

Як заўважыў Ігар Карпенка, матэрыяльная база школы значна спрыяе вырашэнню задач па выхаваўчай рэабілітацыі дзяцей.

— Выхаваўчая работа, адукацыйны працэс тут, як і ў іншых падобных установах рэспублікі, ажыццяўляецца на даволі высокім узроўні ў адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай. Аднак у найбліжэйшай перспектыве варта больш увагі ўдзяляць узмацненню прафарыентацыі, рабоце па прафесійным самавызначэнні навучэнцаў. Гурткі, заняткі па інтарэсах, безумоўна, патрэбны, бо яны фарміруюць у выхаванцаў пэўны кругагляд. Але, заканчваючы спецустанову, дзеці павінны разумець, куды яны пойдуць далей, якую прафесію будуць асвойваць, да чаго імкнуцца ў жыцці, — падкрэсліў Ігар Васільевіч.

Пасля экскурсіі па ўстанове міністр прыняў удзел у святочным паказе, падрыхтаваным выхаванцамі і педагогамі спецшколы. Звяртаючыся да прысутных, Ігар Карпенка пажадаў усім здзяйснення самых запаветных жаданняў, а таксама падкрэсліў значнасць акцыі “Нашы дзеці”.

— Гэта — выдатная ідэя, вельмі патрэбнае мерапрыемства. Як міністр я ўдзячны ўсім, хто адгукаецца на заклік стварыць добры настрой для дзетак напярэдадні навагодніх свят. Перакананы, што сумеснымі намаганнямі ўсіх дарослых, не толькі педагогаў, але і грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, прадпрыемстваў, прадстаўнікоў бізнесу, мы зможам падарыць часцінку любові кожнаму дзіцяці, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Пасля заканчэння святочнай сустрэчы выхаванцы спецшколы атрымалі ад Міністэрства адукацыі памятныя падарункі — сталы для настольнага тэніса, якія паспрыяюць развіццю ў дзяцей захапленняў фізкультурай і спортам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *