У вялікай еўрапейскай студэнцкай сям’і

Днямі ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы адбылася стартавая канферэнцыя праекта EUROSTUDENT-NIS. Гэтая падзея мае вялікае стратэгічнае значэнне ў плане далучэння нашай краіны да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі — Балонскага працэсу.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі інфармацыйнага пункта Савета Еўропы ў нашай краіне і інфармацыйнага бюро Германскага фонду акадэмічных абменаў (DAAD) у Мінску, прадстаўнікі нацыянальнага офіса праграмы TEMPUS, супрацоўнікі беларускіх універсітэтаў, эксперты. Акрамя таго, для ўдзелу ў стартавай канферэнцыі ў Мінск прыехалі кіраўнікі еўрапейскага кансорцыума EUROSTUDENT з Аўстрыі і Германіі, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і даследчых цэнтраў Украіны, Арменіі, Грузіі, Казахстана і Расіі.
Такім чынам, Беларусь афіцыйна стартавала ў праекце EUROSTUDENT-NIS. Што гэта азначае для нашай краіны, для вышэйшай школы і для беларускага студэнцтва?
“Мы лічым, што ўдзел у праекце EUROSTUDENT дапаможа нам у вырашэнні шэрага актуальных пытанняў, — адзначыў у сваім выступленні на канферэнцыі намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Віктаравіч Якжык. — Супрацоўніцтва і інтэграцыя ў сусветную адукацыйную прастору — адзін з найважнейшых напрамкаў адукацыйнай палітыкі нашай краіны. Удзел у гэтым працэсе азначае павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці беларускіх адукацыйных паслуг, прызнанне высокай кваліфікацыі нашых вучоных і выкладчыкаў. Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі стварае для сістэмы адукацыі Беларусі новае па сваіх характарыстыках і магчымасцях асяроддзе зносін, забяспечвае глебу для дыялогу і супрацоўніцтва ў самых розных галінах. І важнае месца ў гэтым дыялогу належыць праекту EUROSTUDENT”.
Трэба заўважыць, што ад краін СНД у праекце будуць удзельнічаць Беларусь, Украiна, Арменія і Казахстан. Таксама вядуцца перамовы з Расіяй. Вялікую цікавасць да праекта выказала Грузія. Як адзначыла на канферэнцыі прадстаўніца гэтай краіны, палітыка грузінскага Міністэрства адукацыі грунтуецца на розных даследаваннях, як нацыянальных, так і міжнародных, і ў гэтым сэнсе ўдзел у праекце EUROSTUDENT вельмі каштоўны для развіцця.
Такім чынам, згаданыя краіны былі аб’яднаны ў рэгіянальны сегмент EUROSTUDENT-NIS (NIS — Newly Independent States, новыя незалежныя дзяржавы), які з’яўляецца раўназначнай часткай агульнаеўрапейскага даследавання EUROSTUDENT.

Як паведаміў прарэктар па навукова-метадычнай рабоце РІВШ кіраўнік нацыянальнай каманды EUROSTUDENT Ігар Уладзіміравіч Цітовіч, праект уяўляе сабой доўгатэрміновае даследаванне-апытанне студэнтаў еўрапейскіх краін па цэлым шэрагу тэматычных блокаў. Яго вынікам будуць шырокія параўнальныя даныя аб умовах студэнцкага жыцця ў розных кутках Еўропы.
Звесткі EUROSTUDENT утрымліваюць каля 250 ключавых індыкатараў, якія апісваюць такія вобласці, як даступнасць вышэйшай адукацыі, сацыяльна-эканамічныя ўмовы пражывання падчас вучобы, міжнародную мабільнасць, траекторыю атрымання адукацыі, бюджэт часу студэнцтва і г.д. Па кожнай тэме ў цесным супрацоўніцтве з нацыянальнымі даследчымі камандамі і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў будуць распрацоўвацца практычныя рэкамендацыі. Параўнанне сітуацый у розных краінах дазваляе выявіць перашкоды і забяспечыць больш эфектыўнае функцыянаванне нацыянальных сістэм адукацыі і Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў цэлым.
Трэба сказаць, што на гэты час праведзена ўжо чатыры хвалі даследаванняў (апошні раз рэспандэнтамі сталі больш за 200 тысяч студэнтаў), і іх вынікі прызнаны афіцыйнай інфармацыйнай крыніцай Балонскага працэсу. Зараз рэалізуецца пятая хваля, вынікі якой будуць прадстаўлены на наступнай канферэнцыі міністраў адукацыі краін — удзельніц Балонскага працэсу ў маі 2015 года ў Ерэване.
“Даследаванне EUROSTUDENT генерыруе ўнікальную базу даных па ўсіх аспектах студэнцкага жыцця ў Еўропе, — адзначыў Дамінік Ор, кіраўнік міжнароднай каардынацыйнай каманды праекта EUROSTUDENT (Германія). — Вынікамі гэтага даследавання карыстаюцца Еўрапейская камісія, Савет Еўропы, нацыянальныя міністэрствы адукацыі. Справа ў тым, што за апошнія 20 гадоў студэнцтва вельмі змянілася: змянілася іх колькасць, сацыяльная структура, этнічная разнастайнасць. Акрамя таго, адбываюцца сур’ёзныя змены ў змесце і формах атрымання вышэйшай адукацыі. Так, значны ўплыў на сітуацыю аказвае інтэнсіўнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Праект EUROSTUDENT дазваляе фіксаваць усе гэтыя змены”.
Напрыклад, апошнія даследаванні паказалі, што каля 40% еўрапейскіх студэнтаў сумяшчаюць вучобу і працу. Вядома, узнікае пытанне аб эфектыўным размеркаванні часу паміж вучобай, працай і іншымі жыццёвымі абавязкамі (сям’я, спорт, хобі). Эксперты лічаць важным выявіць, наколькі студэнты задаволены гэтым балансам. Бо калі задаволенасць невысокая, то ім даводзіцца нечым ахвяраваць: або якасцю вучобы, або якасцю жыцця. Гэты аспект трэба ўлічваць пры фарміраванні адукацыйнай палітыкі.
І пунктаў, па якіх праводзіцца апытанне студэнтаў, — пад сотню. Адметна, што сітуацыя ў розных кутках Еўропы істотна адрозніваецца. І калі па нейкіх параметрах пэўная краіна “прасядае”, яна заўсёды можа звярнуцца да вопыту той краіны, дзе праблема вырашаецца больш эфектыўна.

Рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Міхаіл Іванавіч Дзямчук адзначыў, што ўдзел у праграме EUROSTUDENT дапаможа беларускім спецыялістам суаднесці развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі з агульнаеўрапейскімі падыходамі і атрымаць адказы на шэраг важных пытанняў, звязаных з сусветнымі тэндэнцыямі ў вышэйшай школе.
“Вынікі даследавання маюць важнае значэнне для тых, хто адказны за фарміраванне адукацыйнай палітыкі і правядзенне рэформ у сістэме адукацыі на нацыянальным і міжнародным узроўні, — заўважыў Аляксандр Хворастаў, дырэктар даследчага цэнтра CEASS Інстытута перадавых даследаванняў (Аўстрыя). — Каштоўныя яны і для даследчыкаў, якія вывучаюць студэнцтва і сістэму вышэйшай адукацыі, а таксама для кіраўнікоў устаноў адукацыі і нават для студэнтаў, якія могуць параўнаць сваё жыццё з тым, што ёсць у іх равеснікаў у іншых краінах”.
Такім чынам, праект EUROSTUDENT стартаваў у Беларусі — і гэта сапраўдная падзея. Бо сёння, каб рухацца наперад, вельмі важна трапіць у струмень, узяць усё самае эфектыўнае і адкінуць усё лішняе, састарэлае. А для гэтага трэба мець аб’ектыўную самаацэнку і пастаянна звяраць свой шлях з сусветнымі тэндэнцыямі.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *