У гасцях у Зюзі

Апошнія пераднавагоднія дзянькі, а мы так і не дачакаліся ад зімы сапраўднага снегу, сіноптыкі ледзь не штодзень раяць замест санак браць на вуліцу парасоны. І таму зноў на дапамогу прыходзіць выстава-конкурс Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Юныя творцы з дапамогай кветак і фантазіі з лёгкасцю настройваюць на зімова-навагодні лад усіх жадаючых.

Звыклым маршрутам па святочны настрой

Сотні маленькіх (і не вельмі) ног ужо з першых дзён зімовых канікул заварочваюць з фае экалагічнага цэнтра ў галерэю “Прырода і творчасць”. Тут іх чакаюць амаль дзве з паловай сотні твораў мастацтва — лепшых работ юных аўтараў з усёй краіны. Тут няма аднолькавых, няма нават падобных: у кожнай — выключна фантазія і арыгінальнасць аўтара.

Работы прадстаўлены ў пяці намінацыях. Патрэбны антураж закліканы былі стварыць інтэр’ерныя кампазіцыі “Хутка, хутка Новы год!” — з-за частых фотаўспышак на іх фоне дзеці называюць іх фотазонамі. Часта спыняюць наведвальнікаў каля сябе ўпрыгажэнні “Ёлачнае калье”. У намінацыі “Навагодняя прыгажуня” спаборнічалі ў арыгінальнасці самі ёлкі. Але асабліва мнагалюдна каля экспанатаў новых намінацый: этнаграфічных лялек “У госці да Зюзі” і фларыстычных цацак “Сімвал года”. Дарэчы, выпадкова ў фінал трапілі 49 ёлак, 49 пеўняў, 49 міфалагічных вобразаў.

Кожны раз, пашыраючы межы конкурсу і аб’яўляючы новыя намінацыі, арганізатары рызыкуюць паставіць членаў журы — прафесійных фларыстаў — у тупік. Ужо больш за 10 апошніх гадоў сярод іх Лора Белабровік — выкладчык, фларыст-дызайнер міжнароднага класа, чэмпіён Беларусі па фларыстыцы, і Мікалай Даніловіч, майстар-фларыст, прызёр і пераможца міжнародных конкурсаў. Так, сёлета вылучыць лепшых ім было вельмі няпроста.

— Кожны год я думаю: “Ну што яшчэ могуць прыдумаць дзеці? Ну чым яшчэ яны могуць нас уразіць? Сёлета ж мы не маглі выбрацца з галерэі: здаецца, усё прайшлі, усё разгледзелі, усё адзначылі, вяртаемся — зноў знаходкі. Як мы іх маглі не заўважыць? І так некалькі кругоў, — дзеліцца ўражаннямі Лора Белабровік.

Для Мікалая Даніловіча сёлетні конкурс стаў напамінам пра забытае: “Мне спадабалася, што дзеці пачалі іншымі вачыма гля­дзець на прыродны матэрыял, зноў і зноў знаходзяць, як яго выкарыстаць. Нават мы часам забываемся пра нейкі матэрыял, але нам дзеці гэта напамінаюць. Напрыклад, сёлета было шмат плеценых ёлак і пеўняў, былі арыгінальныя вобразныя лялькі з кукурузных лістоў”.

— Асабіста мяне асабліва ўразіла колькасць ідэй, — працягвае Лора. — Я сама з дзяцінства прымаю ўдзел у конкурсах па зімовай фларыстыцы, ужо некалькі гадоў запар арганізоўваю конкурсы ёлак для дарослых фларыстаў, але столькі арыгінальных ідэй, як на гэтым конкурсе, няма больш ні­дзе. І таму пазычаюць гэтыя ідэі ў дзяцей нават дарослыя фларысты і педагогі. Так, часам у дзяцей яны недзе недапрацаваныя, сыраватыя, але яны ўражваюць і натх­няюць”.

Узнагароды — лепшым

Асабліва шмат ідэй было ў намінацыі “Ёлачнае калье”. Гэта наборы ёлачных упры­гажэнняў (не менш за 5 штук) у святочна аформленай каробцы-ўпакоўцы — шары, гірлянды, цацкі, выкананыя з прыроднага і дапаможных матэрыялаў: паперы, металу, драўніны, тканіны, шкла, керамікі, фетру і інш.

Першае месца заслужылі цацкі, якія ювелірна аздобілі пялёсткамі кветак выхаванкі аб’яднання па інтарэсах “Настальгія” Аляксандра і Кацярына Цітовы з Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Увогуле, прызёрамі сталі не проста шары, а разнастайныя зоркі, званочкі, анёлкі, казачныя героі, лялькі…

“Прэтэндаваць на перамогу, беручыся ствараць шары, складана. Гэта вельмі прывычная форма, каб прыдумаць нешта арыгінальнае”, — патлумачыў такі выбар журы Мікалай Даніловіч.

Арыгінальнымі былі і самі ёлкі. На гэты раз журы адзна­чыла іх дынаміку — некаторыя з іх можна відазмяняць, круціць іх дэталі, як флюгеры. Самай арыгінальнай журы палічыла навагоднюю прыгажуню Аляксандра Жмайліка з Ваўкавыскага РЭБЦДіМ Гро­дзенскай вобласці. На другім месцы аказалася “Ёлачная карусель” Соф’і Мармыш, выхаванкі эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна (Мінская вобласць), а таксама ёлка выхаванак Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска (Гомельская воб­ласць). Завяршылі тройку прызёраў ёлкі аўтарскіх калектываў з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, Беліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Сенненскага раёна (Віцебская вобласць) і Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Фларыстычных калектыўных інтэр’ерных кампазіцый, улічваючы іх памеры, было прадстаўлена найменш — па адной з кожнай вобласці. Пераможцай стала кампазіцыя Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Ажывілі сцішаную экспазіцыю сімвалы новага года — пеўні. Хоць іх “ку-ка-рэ-ку” не чуваць, але здаецца, што яно вось-вось вырвецца — настолькі рэалістычнымі атрымаліся пеўні. Гэта аб’ёмныя цацкі практычна натуральных памераў, створаныя з прыродных матэрыялаў: сухацветаў, бяросты, сена, саломы, кукурузы, шышак, арэхаў, ягад і нават пер’я.

Безумоўную перамогу пакінуў за сабой певень з абласнога Цэнтра творчасці Магілёва (аўтар Лізавета Ляцко). Журы ён падкупіў тым, што поўнасцю зроблены з фларыстычных матэрыялаў і мае характар. Толькі яму далі абысці сябе сапернікі з каляровымі хвастамі з Віцебскага гарадскога ЦДАДіМ і сярэдняй школы № 14 Ліды. На трэцюю прыступку ўскочылі пеўні выхаванцаў Вілейскага раённага ЦДАДіМ, Барысаўскага цэнтра турызму і экалогіі Мінскай вобласці, Ельскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці.

Актыўна адгукнуліся хлопчыкі і дзяўчынкі Беларусі на прапанову спалучыць фларыстыку і этнаграфію ў намінацыі “У госці да Зюзі”. Праўда, пры ўсім багацці і разнастайнасці экспазіцыі нельга не адзначыць, што многія ўдзельнікі на сваіх шыльдах пераблыталі Зюзю з птушкай, указваючы на шыльдах “У госці да Зязюлі” (а можа, гэта яны наўмысна, каб Зюзя “адпомсціў” усім нам снегам і маразамі?).

Некаторыя зрабілі свайго героя зусім не зімовым, а часам, наадварот, летнім, упрыгожыўшы яго ахапкамі кветак і матылькамі, хаця ў беларускай міфалогіі ён — бог зімы, свайго роду беларускі Дзед Мароз: яго дыханне — моцная сцюжа, яго слёзы — ле­дзяшы, іней — змерзлыя словы, а валасы — снежныя аблокі. Зімой ён бегае па палях, лясах, вуліцах і стукае сваім кіем. Ад гэтага груку траскучыя маразы скоўваюць рэкі, ручаі, лужыны льдамі. Ён вельмі не любіць тых, хто скардзіцца на сцюжу, і дорыць здароўе толькі вясёлым, бадзёрым людзям. Сам, дарэчы, таму і босы.

Урэшце, у госці да Зюзі завіталі і такія персанажы, як Завея, Балотнік, Жыжаль, Жыцень, Еўнік, Зазоўка, Хапун, Русалка, Лесавік, Кікімара, Балотнік, Лёля, Вужалка і інш.

— Гэтыя героі вельмі характарныя, у іх быццам жывыя твары, вочы, — гаворыць Мікалай Даніловіч. — Нам было цікава пагля­дзець на іх вачыма дзяцей, адчуць іх адносіны. Вось, напрыклад, Балотнік з аб’яднання па інтарэсах “Экавясёлка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава нездарма зроблены такім: у ім спрачаецца вобраз старога твару і маладых вытанчаных пальцаў. Гэта, адчуваецца, умешваецца ва ўспрыманне вобраза псіхалогія, магчыма, сучаснае ўспрыманне забытых вобразаў. Цікава, як дзеці падабралі матэрыялы: напрыклад, твар з бяросты ў Зюзі атрымаўся сапраўды старым, здаецца, што яму ўжо некалькі стагоддзяў.

І ў гэтай намінацыі лепшымі сталі работы магіляўчан. Перамога — у Валерыя Папкова з эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва. Калектыўная работа выхаванцаў абласнога Цэнтра творчасці Магілёва і Полацкага РЦДіМ атрымалі “серабро”. Выхаванцы ЦТДіМ Магілёўскага раёна, эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і мола­дзі Салігорскага раёна (Мінскай вобласць) і дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці падзялілі трэцяе месца.

Прапорцыі вырашаюць усё

Як адзначыла журы, да перамогі падышлі блізка многія работы, але памылкі аўтараў ім перашкодзілі.

“Яшчэ нядаўна мы адзначалі галоўнай агульнай бядой тэхніку. Але карпатлівая работа ў гэтых адносінах дала заўважныя вынікі, і мы значна прасунуліся наперад, — гаворыць Лора Белабровік. — Цяпер наша задача — выправіць другую агульную памылку, якая сёлета асабліва заўважнай была ў намінацыі “Навагодняя прыгажуня”. Педагогі (і як вынік — і дзеці) не адчуваюць прапорцыі, грэбуюць правілам залатога сячэння. У нас, фларыстаў, як і ў мастакоў, дызайнераў, гэта асноўнае правіла. Гэта як “90-60-90” у індустрыі прыгажосці. Я нават хачу правесці семінар для педагогаў па гэтай тэме”.

“І гэта не значыць, што ўсё трэба падганяць пад стандарты, — развівае тэму Мікалай Даніловіч. — Калі мастак выбірае стыхійныя, ломаныя лініі, наўмысна не вытрыманыя ў прапорцыях, — гэта называецца сіметрыяй сіметрый, і гэты прыём можна выкарыстоўваць. Ці выкарыстаць бруднае, або адваротнае, спалучэнне колераў. Але гэта трэба рабіць умела. Дзеці ж да гэтага не гатовы, яны толькі інтуітыўна адчуваюць”.

Кожны з нас можа пагадзіцца з меркаваннем журы, а можа скласці ўласнае. Але зрабіць гэта можна, толькі завітаўшы ў зімовае царства Зюзі. Адрасам яго яшчэ тры тыдні новага года будзе Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *