Хараство перад Новым годам

У пачатку снежня ў Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці вучні і настаўнікі з энтузіязмам узяліся за ўпрыгожванне школы да навагодніх свят. Вучнёўскім саветам пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Таццяны Францаўны Дода быў выбраны адзіны стыль, у якім пераважае святочны белы колер. Вокны на першым і другім паверхах “замятае” злосная завіруха, якая “круціць”, “ганяе” снег у розных напрамках. Справу сваю злосніца ведае добра: снегавыя выкрунтасы адмыслова закрылі шыбы.

На калідоры мы апынуліся ва ўладанні Гаспадыні Зімы: яна сабрала сняжынкі ў пухнатую белую хмару і, здаецца, вось-вось высыпе чароўныя зорачкі на зямлю. А якія прыгожыя, святочныя вянкі сустракаюць гасцей у кожным класе! З елкі, з туі, з афарбаваных галінак дрэў, яны аздоблены ёлачнымі цацкамі, ”дожджыкам”, шышкамі, каляровымі стужкамі. На другім паверсе паважныя снегавікі пільна вартуюць зялёныя ялінкі. Святочныя кампазіцыі надаюць класным памяшканням утульнасць. Сярод яркіх рознакаляровых зорак на столі-небе вылучаецца адна, самая прыгожая — Віфлеемская.

Год Пеўня яшчэ не наступіў, а ён адчувае сябе сапраўдным гаспадаром у школе. Куды ён толькі “не заляцеў”: і на вокны, і на сцены, і на шафы! Нават “пасяліўся” ў настаўніцкай, прыгожы і ганарлівы. Глядзіш на ўсю гэтую прыгажосць — і не перастаеш здзіўляцца: рукі чалавека могуць усё! Неабходна толькі жаданне прынесці радасць не толькі сабе, але і іншым людзям.

Алена ЛАСТОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў
Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *