Шануюць памяць героя

Гродзенскую сярэднюю школу № 3 і сярэднюю школу № 2 з украінскага горада Нікапаля раздзяляюць тысячы кіламетраў, а аб’ядноўвае адно імя — Героя Савецкага Саюза Віктара Усава, начальніка 3-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага пагранічнага атрада Беларускай пагранічнай акругі, які па-геройску загінуў пры яе абароне ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

Імя свайго земляка свята захоўваюць нікапальцы, імя героя шануюць і на гродзенскай зямлі. У 1979 годзе ў сярэдняй школе № 3 быў створаны музей Усава, а з 1984 года школа носіць яго імя. Дзве школы сябруюць не адзін год, традыцыяй стала правядзенне сумесных мерапрыемстваў — сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць праводзіць такія анлайн-сустрэчы. А вось сустрэчы сапраўдныя — гэта сапраўднае свята для беларускіх і ўкраінскіх сяброў.


Гасцямі трэцяй школы стала дэлегацыя ветэранскай арганізацыі з Нікапаля. Украінскія ветэраны пагранічных войск і воіны-інтэрнацыяналісты на чале з Алегам Амеленчуком кожны год адпраўляюцца па гераічных шляхах сваіх славутых землякоў. У горадзе над Нёманам яны ўпершыню пабывалі тры гады назад.
Госці з Украіны наведалі школьны музей славутага земляка, разам з вучнямі і настаўнікамі прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Ветэранаў віталі і прадстаўнікі Гродзенскай пагранічнай групы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Абелеўскі, які ў гады вайны вызваляў Украіну ад нямецкіх захопнікаў, дырэктар сярэдняй школы № 3 Ірына Коўшык.

Ад імя кіраўніцтва горада Нікапаля А.П.Амелянчук перадаў дырэктару сярэдняй школы № 3 І.І.Коўшык, кіраўніку музея настаўніцы гісторыі Ларысе Яскевіч і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Алене Ермашкевіч падзячная лісты, у якіх адзначаецца вялікі ўклад педагогаў у патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне памяці аб героі-пагранічніку В.М.Усаве і яго баявых сябрах. Папоўніўся экспанатамі і школьны музей: украінскія ветэраны перадалі ў яго кнігі і капсулу з зямлёй з радзімы В.М.Усава — горада Нікапаля.


— У гонар 100-годдзя з дня нараджэння Віктара Міхайлавіча, якое будзе адзначаццца ў снежні 2016 года, мы праводзім шмат мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне слаўных гераічных традыцый савецкага народа, — гаворыць І.І.Коўшык. — Сумесныя мерапрыемствы мы абмеркавалі і з нікапальскай школай. Гэты год увойдзе ў гісторыю навучальнай установы яшчэ адной значнай падзеяй: у нашай школе адбыўся першы набор у два пагранічныя кадэцкія класы. Мы даўно і плённа супрацоўнічаем з Гродзенскай пагранічнай групай, кожнае лета нашы вучні выязджаюць на заставу імя Усава, дзе працуе лагер “Усавец”. З адкрыццём профільных класаў супрацоўніцтва будзе пашырацца.

Пабывалі госці з Нікапаля і на заставе імя Героя Савецкага Саюза В.М.Усава.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *