Юбілей з працягам

Які найлепшы навагодні падарунак для юнага краязнаўца? Адкрыццё чарговай таямніцы роднага краю? Атрыманне дыплома за ўдзел у конкурсе? А можа, сустрэча з Дзедам Марозам? І раскрыццё таямніцы, і атрыманне дыплома, і сустрэча з добрым чараўніком. І ўсё ж самая галоўная, самая радасная, самая прыемная ўзнагарода — гэта зімовы адпачынак у “Зубраняці”. Па добрай традыцыі ў апошні месяц года і першы месяц зімы на заснежаным беразе Нарачы збіраюцца юныя краязнаўцы, а таксама эколагі, тэхнікі, журналісты — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. На мінулым тыдні завяршылася чарговая аднайменная змена, падведзены вынікі конкурсаў, лічаныя гадзіны засталіся і да завяршэння 2016 года, які для акцыі быў юбілейным: 10 гадоў яна ўпэўнена крочыць па беларускай зямлі.

Ад Крычава пакрочыла

Чэрвень 2006 года… Крычаў… Гарадскі стадыён… Маштабнае свята… Аляксандр Міхайлавіч Радзь­коў дае ўрачысты старт акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”… 10 гадоў мінула з таго памятнага дня, і цяпер можна смела гава­рыць, што ні адно з доўгатэрміновых выхаваўчых мерапрыемстваў сістэмы адукацыі нашай краіны не карыстаецца ў педагогаў і навучэнцаў такой папулярнасцю. І пацвярджа­юць гэтыя словы тысячы работ, што дасылаюцца на раённыя, абласныя і рэспубліканскія этапы конкурсаў. А гэтых конкурсаў самай рознай тэматыкі праведзены ўжо не адзін дзясятак. Даследаванне роднага краю вядзецца па такіх напрамках, як “Мой род, мая сям’я”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая Радзіма — Беларусь”. У якасці аб’ектаў даследавання выбіраюцца помнікі гісторыі, культуры, прыроды. Удзельнікі акцыі распрацоўваюць рэгіянальныя праграмы адраджэння, захавання, папулярызацыі адметных мясцін малой ра­дзімы, сістэматызуюць веды па родным краі. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” настолькі трывала ўвайшла ў жыццё ўстаноў адукацыі, што паняцці “выхаваўчы працэс” і “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” з’яўляюцца адным цэлым.

— Адкрыццё акцыі стала знакавай падзеяй, пераломным этапам у багатай, напоўненай традыцыямі краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі Беларусі яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Калі звярнуцца да гісторыі развіцця краязнаўчага руху, то варта адзначыць, што асаблівую папулярнасць ён набыў у 30-я гады ХХ стагоддзя. Тады з усёй колькасці краязнаўцаў пераважную большасць складалі настаўнікі і вучні. Потым у 70—80-я гады лепшыя традыцыі краязнаўчага руху даваеннай школы ўвасобіліся ва Усесаюзнай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Мая Радзіма СССР”. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, эстафету ад усесаюзнай экспедыцыі пераняла Усебеларуская турыстычна-края­знаўчая экспедыцыя навучэнцаў “Наш край”, накіраваная на вывучэнне, папулярызацыю беларускай гісторыі, культуры, прыроды. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” стала наступным крокам у далучэнні навучэнцаў да вывучэння малой ра­дзімы. З тым, што было зроблена падчас экспедыцыі “Наш край” за 15 гадоў, акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” справілася ўсяго за год-два. Яна з’яўляецца больш шырокім, доўгатэрміновым мера­прыемствам, да якога далучыліся ўсе ўстановы адукацыі, — паведаміла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Адпачыць у “Зубраняці” і гэтым ганарыцца

Навучэнцы кожнай школы, гімназіі, ліцэя, каледжа, кожнай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі хоць адзін раз, хоць на раённым узроўні, ды ўдзельнічалі ў конкурсах акцыі. І па традыцыі вынікі гэтых конкурсаў падво­дзяцца напярэдадні Новага года ў НДЦ “Зубраня”. Сёлета лепшыя з лепшых вызначаліся ў рэспубліканскіх конкурсах даследчых і творчых работ “Мой род, мая сям’я”, “Юны натураліст”, “Чыстыя сэрцы роднай зямлі”, “Радзімы спадчына — мой гонар”, конкурсе фотаздымкаў “Краіна мая дарагая”, якія право­дзіліся на працягу года Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і рэдакцыяй газеты “Пераходны ўз рост”.

Кожнае лета настаўнік інфарматыкі і матэматыкі нарацкай сярэдняй школы № 1 Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі разам з удзельнікамі турыстычна-краязнаўчага гуртка “Непаседы” садзіцца на ведасіпеды і адпраўляецца ў падарожжы. І так ужо 23 гады, 10 з якіх выпадаюць на акцыю “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Колькі за гэты час было пераадолена кіламетраў па Мядзельшчыне, суседніх Пастаў­шчыне, Вілейшчыне, па ўсёй Беларусі, ска­заць складана. Аднойчы падчас сапраў­днага марш-кідка за 8 дзён настаўнік праехаў каля 600 кіламетраў. Турыстычна-края­знаўчую мэту падарожжаў педагог сумяшчае з духоўнай, таму падчас вандровак абавязкова наведваюцца касцёлы, цэрквы, а перасоўныя палатачныя лагеры часам разбіваюцца на тэрыторыі кляштараў і манастыроў.

Як і кожная “зубраняцкая” змена, змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта рэалізацыя асобнай праграмы выхавання. Так, сёлета з 4 па 21 снежня быў рэалізаваны праект “Якія мы, беларусы?”, што знаёміў удзельнікаў змены з адметнымі рысамі і якасцямі характару беларусаў. Яшчэ адзін праект “Беларусь у казках і паданнях” быў рэалізаваны падчас свое­асаблівых вячорак, на якіх дзеці знаёміліся з народнай творчасцю. Фарміраванню патрыятычных пачуццяў спрыялі мерапрыемствы агульналагернага і атраднага ўзроў­няў (святочнае адкрыццё змены, важацкая вечарына, конкурс візітовак атрадаў “Здзіўляемся разам”, конкурсы інсцэніраванай казкі “Скарб­ніца народнай мудрасці” і відэа­рэкламы “Беларусь запрашае”, шоу-праграма “Міс “Купалінка” і фестываль мастацтваў “Нарачанскае сузор’е” і інш.), дыскусійны і гульнявы мультыпаркі, спартыўныя мерапрыемст­вы, тэматычныя класныя гадзіны.

А яшчэ кожная зубраняцкая змена — гэта абавязкова святочны настрой. Стваралі яго “Кола гульняў”, прысвечанае Новаму году, гульнявая сітуацыя “Пісьмо Дзеду Марозу”, конкурс “Парад снегавікоў” і інш. На працягу змены рэалізоўваўся арганізацыйна-гульнявы праект “Здзіўляй.by”, дзе кожны атрад умоўна быў ператвораны ў вэб-студыю, якая займаецца распрацоўкай інтэрнэт-сайта з мэтай прыцягнення ў нашу краіну замежных турыстаў. Для ўдзельнікаў змены было арганізавана наведванне рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, майстар-класы ад іх супрацоўнікаў, а таксама наведванне вядучых сталічных музеяў.

Першыя дыпломы

На шматлікіх мерапрыемствах акцыі часта гучаць словы пра тое, што “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўпэўнена крочыць па краіне. Такое параўнанне не выпадковае і нават не вобразнае. Калі ўлічыць, што ўдзельнікі многіх конкурсаў падчас пошуку неабходнага матэрыялу адпраўляюцца ў вандроўкі, экскурсіі, то слова “крочыць” мае прамое значэнне. Настаўнікі і вучні накіроўваюцца з дыктафонамі, алоўкамі, блакнотамі, фотаапаратамі ад школы — да мясцовых старажылаў, былых пан­скіх сядзіб, помнікаў, пастаўленых у памяць пра тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у лес, напоўнены птушыным
шчэбетам і пахам духмяных кветак, ад школы — у новае, дарослае, жыццё… Ужо даўно сталі дарослымі пераможцы першых конкурсаў. У кожнага свае сем’і, свая жыццёвая сцяжына. І на выбар гэтай жыццёвай сцяжыны пэўны ўплыў, безумоўна, аказаў удзел у акцыі. Паколькі наша выданне — газета для педагогаў, то і гава­рыць мы будзем пра настаўнікаў, якія ўжо на працягу 10 гадоў накіроў­ваюць, ра яць, падтрымліваюць, даюць слушныя краязнаўчыя парады сваім выхаванцам.

Школьныя музеі з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі выхаваўчай работы, таму нядзіўна, што самы першы конкурс акцыі — гэта конкурс музеяў устаноў адукацыі “Гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці сучаснага музея ўстановы адукацыі”. Сярод пераможцаў і лаўрэатаў дыплома І ступені — гістарычны музей сярэдняй школы № 3 Мёраў, створаны ў 1986 годзе. Наведацца ў адзін з самых лепшых музеяў краіны мне пашчасціла двойчы: у 2009 і 2015 гадах. З багатай экспазіцыяй, сабранай пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, можна знаёміцца некалькі гадзін. Кожны раздзел — гэта цэлая эпоха, захапляльны аповед пра таямніцы Мёр­скага краю. І расказваюць пра гэтыя таямніцы тысячы экспанатаў. Ужо 30 гадоў у самым добрым суседстве знахо­дзяцца прадметы інтэр’ера пакояў шляхецкага і сялянскага дома канца ХІХ стагоддзя, каштоўныя знаходкі са старадаўніх могільнікаў, курганоў і гарадзішчаў, сведчанні пра па­дзеі 1812 года, школьныя і вучнёўскія прылады даваеннай Беларусі, матэрыялы і асабістыя рэчы славутых ураджэнцаў Мёршчыны.

За 40 гадоў педагагічнай дзейнасці і 10 гадоў удзелу ў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Вітаўт Антонавіч Ермалёнак дасягнуў многіх краязнаўчых вяршынь. Стварыў музейнае аб’яднанне, куды ўваходзяць чатыры музеі, сабраў каля 30 тысяч артэфактаў мінулага (сярод апошніх знаходак — турэцкі ваенны бубен з бітвы пад Венай 1683 года), калекцыю дыпломаў акцыі, прывіў любоў да роднага краю сотням вучняў, некалькім пакаленням жыхароў Мёрскага раёна і, як сапраўдны мужчына-краязнаўца, вырасціў сына-гісторыка, пабудаваў разам з ім этнаграфічны дом-музей, пасадзіў вакол гэтага дома цэлы сад.

Мой род, мая сям’я

Вітаўт Антонавіч сабраў не толькі багатую калекцыю экспанатаў і дыпломаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, але і багатыя звесткі пра сваіх продкаў. Дарэчы, пра радавод. Конкурсы радаводаў праводзіліся ўжо неаднойчы. Вось і сёлета ў юбілейны год акцыі Рэспубліканскі конкурс даследчых работ “Мой род, мая сям’я” стаў адным са знакавых. Падобныя конкурсы заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. І справа не толькі ў тым, што даследаваць радавод становіцца модным. Дзякуючы конкурсу радаводаў, вучні знаёмяцца з сямейнымі гісторыямі, традыцыямі, рэліквіямі. А цікавыя гісторыі, традыцыі, рэліквіі ёсць у кожнай сям’і. Конкурс накіраваны на фарміраванне светапогляду і духоўных каштоўнасцей асобы вучня праз даследаванне свайго радаводу, матэрыяльнай і духоўнай спадчыны продкаў, выхаванне патрыятызму праз непарыўную сувязь гісторыі сям’і з гісторыяй свайго народа.

— У фінальным этапе прынялі ўдзел 58 конкурсных матэрыя­лаў, прадстаўленых навучэнцамі з усіх рэгіёнаў краіны. На папярэднім туры рэспубліканскага этапу праводзіўся прагляд конкурснага матэрыялу, а на выніковым — творчае прадстаўленне навучэнцамі сваіх работ. Прадстаўлены вучнямі матэрыял мае высокі змястоўны і інфармацыйны ўзровень, складаецца з уласнага радаводу, генеалагічнага дасье на кожнага прадстаўніка роду, апісання жыццядзейнасці сваякоў і важных для сям’і падзей у храналагічнай паслядоўнасці, апісання сямейных традыцый і абрадаў, паданняў і легенд, сямейных рэліквій, матэрыялу па правядзенні антрапанімічных даследаванняў сям’і, роду, картасхе­мы з адлюстраваннем геаграфіі рассялення прадстаўнікоў роду, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Раскласці карту

Любое падарожжа, вывучэнне роднага краю немагчыма без карты, таму сярод першых конкурсаў акцыі конкурс па складанні карта­схем малой радзімы і конкурс буклетаў, даведачна-інфармацыйных матэрыялаў пра родны край. “Фантазіі ўдзельнікаў конкурсу па стварэнні картасхем малой радзімы можна толькі пазайздросціць. Мне і цяпер помняцца тыя работы, — дзеліцца намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур. — Помню, што юныя турысты са Шчучына ўмоўныя значкі ўпрыгожылі бісерам, запалкамі, кавалачкамі каляровай паперы. Настаўнікі і вучні сярэдняй школы № 1 Ліды зрабілі карту горада тапаграфічным спосабам. Вельмі цікавыя работы даслалі і ўстановы адукацыі Віцеб­скай вобласці. Напрыклад, на карце Палатоўскай і Ветрынскай сярэдніх школ Полацкага раёна каля кожнага невялікага фотаздымка пэўнага аб’екта гісторыі, культуры, прыроды быў наклеены яго выява-малюнак, створаны вучнямі. Аднак найбольш уразіла картасхема з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. Мы, члены журы, ужо шмат цікавага і арыгінальнага бачылі за 10 гадоў акцыі, аднак каб паказаць сваю родную зямлю ў выгля­дзе вялікага палотнішча, а замест рэк пры­шыць сінія стужкі тканіны — гэта сапраўды ўразіла. Хаця кожная работа кожнага конкурсу — гэта не толькі багатыя звесткі, але і сапраўдны шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Якія радаводы, якія летапісы ўстаноў адукацыі дасылаюцца на конкурсы! Гэта трэба бачыць! Напэўна, варта нават арганізаваць спецыяльную выставу такіх работ”.

Двухколавыя сябры

Паход і экскурсія — два ключавыя словы, якія ляжаць у аснове дзейнасці і ладу жыцця ўдзельнікаў акцыі. Гэтыя два словы сталі асновай і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”. Сярод пераможцаў — гурток веласіпеднага турызму нарацкай сярэдняй школы № 1 Мядзельскага раёна. З кіраўніком аб’яднання Вячаславам Генрыхавічам Жалубоўскім мне таксама, як і з Вітаўтам Антонавічам, пашчасціла сустракацца двойчы. Калі на нашу сустрэчу я прыязджаў на камандзіровачным аўтобусе, то Вячаслаў Генрыхавіч, як нескладана здагадацца, на двухколавым сябры.

— Асноўнай мэтай нашых падарожжаў з’яўляецца вывучэнне роднага краю, патрыятычнае, духоўнае выхаванне дзяцей. Турызм — толькі сродак для дасягнення гэтых мэт. У час вандровак мы, настаўнікі, разам з дзецьмі пераадольваем на веласіпедах за некалькі дзён па кіламетраў 300—400, знаёмім вучняў з гісторыяй Нарачанскага краю, помнікамі архітэктуры, абавязкова наведваем касцёлы і цэрквы. Перад тым, як адправіцца ў вандроўку, ладзім сход, на якім распрацоўваем маршрут. Пасля вучні актыўна даследуюць яго адметнасці, працуюць у інтэрнэце, вывучаюць кнігу “Па­мяць”. Гэта дае цудоўную магчымасць у будучым параўнаць тэарэтычны матэрыял з практычным. Пасля падарожжаў падво­дзім іх вынікі, — паведаміў Вячаслаў Генрыхавіч.

Сакрэт папулярнасці

Акцыя доўгатэрміновая і праводзіцца на працягу 10 гадоў. Не кожнае мерапрыемства сістэмы адукацыі вытрымлівае такое выпрабаванне часам. У чым сакрэт папулярнасці “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”? Ці толькі магічныя словы: “Беларусь”, “жыву”, “ганаруся”? Як адзначыла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец, любая справа павінна мець сістэму. Калі ёсць сістэм­насць у конкурсах, сістэмнасць у іх арганізацыі, то поспех акцыі гарантаваны. Доўгатэрміновасць акцыі дазваляе вызначыць недахопы яе першых этапаў, правесці работу над памылкамі.

— Асноўная частка конкурсаў — краязнаўчыя. Аднак грамад­ства развіваецца, час патрабуе новых тэм для даследаванняў, таму ў рамках акцыі праводзяцца і конкурсы на экалагічную тэматыку, конкурсы творчых работ, конкурсы па вывучэнні эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Правядзенне конкурсу юных экскурсаводаў таксама выклікана патрабаваннямі часу, адкрытасцю нашай краіны для замежных гасцей, а станоўчае ўяўленне пра краіну, як вядома, у многім залежыць ад прафесіяналізму экскурсавода. Навучэнцы з педагогамі вывучаюць розныя аспекты жыцця малой ра­дзімы, таму ў наступным годзе плануецца правесці конкурс па даследаванні тапанімікі роднага краю. У 2018 го­дзе прадугледжаны конкурс “Страчаная спадчына”, абавязковай умовай удзелу ў якім будзе даследаванне страчаных у віхуры часу і людской абыякавасці аб’ектаў гісторыка-культурнай, прыроднай і духоўнай спадчыны беларускага народа, — падзялілася Аляксандра Яўгенаўна.

Будзем разам!

Дзесяць гадоў, дзясяткі конкурсаў, тысячы ўдзельнікаў, дзясяткі тысяч добрых спраў… Рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” працягвае крочыць па нашай зямлі: ад школы да школы, ад гімназіі да гімназіі, ад ліцэя да ліцэя, ад каледжа да каледжа, ад сэрца да сэр­ца. Будзем крочыць разам!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара,
Алега ІГНАТОВІЧА,
з архіва арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсаў акцыі.

Адна думка пра “Юбілей з працягам

  1. Штож, прыемна яшчэ раз дакрануцца да гiсторыi краязнаучага руху у сiстэме адукацыi, якому аддадзена 30 гадоу жыцця.
    Мiтраховiч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *