Імкнецца да большага

Як дасягнуць поспеху ў прафесіі? Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Дрыбінскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Любоў Тарасенка ўпэўнена: для гэтага неабходна проста любіць справу, якой займаешся.


Сама Любоў Васільеўна яшчэ ў дзяцінстве вырашыла, што яе прафесійны шлях — настаўніцкая праца. Ёй заўсёды падабалася займацца з малымі, чаму-небудзь іх вучыць. А яшчэ перад вачыма заўсёды быў добры прыклад у асобе настаўніцы біялогіі Ядвігі Генрыхаўны Атрашкевіч, якая жыла па суседстве. Яшчэ дзяўчынкай Любоў Тарасенка часта заходзіла да суседкі ў госці. Ёй вельмі падабалася назіраць за тым, як тая рыхтуецца да ўрокаў, гутарыць з ёй пра школу і вучняў.

— Цікава, што да педагогікі ляжала душа і ў маёй старэйшай сястры. Скончыўшы школу, яна, не раздумваючы, адправілася працягваць адукацыю ў Горацкі педагагічны каледж. Услед за сястрой у гэтую навучальную ўстанову паступіла і я, — расказвае Любоў Васільеўна.

Яшчэ ў студэнцкія гады, праходзячы вытворчую практыку, Любоў Тарасенка зразумела: у выбары прафесіі не памылілася. Педагогікай яна была захоплена цалкам, нават вопытныя настаўнікі, назіраючы за ўрокамі практыканткі, дзівіліся, як добра ў яе атрымліваецца знаходзіць кантакт з дзецьмі, метадычна правільна выбудоўваць заняткі. А атрымлівалася ўсё гэта ў Любові Васільеўны таму, што да любой справы яна прывыкла адносіцца добрасумленна, з поўнай самааддачай. Гэтую важную якасць яна пранесла праз увесь перыяд сваёй працяглай і паспяховай педагагічнай дзейнасці.

Між тым за плячыма Любові Тарасенка ўжо больш за трыццаць гадоў педагагічнага стажу. Скончыўшы педкаледж у Горках, яна пачала настаўнічаць у Барадзёнкаўскай малакамплектнай школе, паралельна працягваючы адукацыю ў МДУ імя А.А.Куляшова.

— Праца ў Барадзёнкаўскай школе дала шмат патрэбнага вопыту, бо даводзілася выконваць абавязкі загадчыка ўстановы і адначасова весці ўрокі ў адным з класаў. У мяне было 7 вучняў — усе рознаўзроставыя. Трэба было знаходзіць ідэі, каб кожны з іх атрымаў максімальна якасную адукацыю. Працаваць было цікава, але разам з тым хацелася паспрабаваць свае сілы ў вялікай школе, — узгадвае Любоў Васільеўна.

Мара неўзабаве ажыццявілася. Малакамплектная школа ў Барадзёнках закрылася, і Любоў Тарасенка атрымала пасаду настаўніка пачатковых класаў у Дрыбінскай сярэдняй школе. І так атрымалася, што з гэтай навучальнай установай была звязана большая частка яе прафесійнай дзейнасці. Тут Любоў Васільеўна прайшла шлях ад настаўніка да дырэктара, адбылася як прафесіянал, рэалізавала шматлікія метадычныя ідэі. Дарэчы, многія з аўтарскіх распрацовак настаўніцы былі абагульнены і распаўсюджаны ў iншых агульнаадукацыйных установах вобласці. Гэта методыкі дыферэнцыраванага навучання, гульнявыя метады правядзення ўрокаў у вершаванай форме. Адметна, што вершы да заняткаў Любоў Тарасенка пісала сама, прычым гэтае творчае захапленне не пакінула і цяпер.

Наогул, яна лічыць, што настаўнік павінен пастаянна знаходзіцца ў працэсе развіцця, удасканалення сваіх прафесійных навыкаў. Напэўна, па гэтай прычыне яна і стала загадваць раённым вучэбна-метадычным кабінетам. Хацелася не толькі развівацца асабіста, але і дапамагаць у гэтым усім дрыбінскім педагогам, дзяліцца з імі сваімі ведамі і вопытам.

Пад кіраўніцтвам Любові Васільеўны ў вучэбна-метадычным кабінеце была створана адзіная структура дзеянняў. Усю работу выразна падзялілі па канкрэтных напрамках: удасканаленне прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў і ўсебаковая дапамога ім у бесперапынным павышэннi квалiфiкацыi, дыягностыка і маніторынг вынікаў адукацыйнага працэсу ў навучальных установах, суправаджэнне і падтрымка здольных навучэнцаў. Па кожным з кірункаў былі распрацаваны дэталёвыя планы актыўнай дзейнасці. Для таго каб матываваць настаўнікаў на плённую працу і прафесійнае развіццё, у раёне праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, некаторыя з іх выязныя і носяць практычны характар. Акрамя таго, арганізоўваюцца семінары, практыкумы, майстар-класы, прэзентацыі вопыту лепшых педагогаў, адкрытыя педагагічныя саветы, на якіх настаўніцкай грамадскасцю абмяркоўваюцца надзённыя пытанні сістэмы адукацыі. На творчы пошук мясцовых педагогаў стымулююць таксама раённыя конкурсы прафесійнага майстэрства. Асаблівая ўвага ўдзяляецца і рабоце з маладымі спецыялістамі. Каб дапамагчы ім у прафесійным станаўленні, пры РВМК дзейнічае спецыяльная школа для пачынаючых настаўнікаў.

— Стымулюем і нашых навучэнцаў. Дасягненні ў вучобе абавязкова павінны заахвочвацца, таму мы рэгулярна праводзім разнастайныя конкурсы, адзначаем лепшых вучняў. Усё гэта матывуе іх на дасягненне новых вучэбных вышынь, — упэўнена Любоў Тарасенка.

Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. Сёння Дрыбінскі раённы вучэбна-метадычны кабінет — у ліку плённа працуючых у вобласці. Мясцовыя педагогі паспяхова прадстаўляюць раён на рэгіянальных конкурсах прафесійнага майстэрства, а іх пастаянны творчы пошук спрыяе павышэнню якасці і эфектыўнасці адукацыі. Лепш за ўсё гэта пацвярджаюць дасягненні дрыбінскіх школьнікаў. За апошнія некалькі гадоў імі заваявана 9 прызавых дыпломаў на трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама 10 пераможных дыпломаў на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу даследчых работ навучэнцаў.

Па словах Любові Тарасенка, у падобным ключы ў РВМК плануюць працаваць і надалей.

— У нас яшчэ шмат ідэй, задум і планаў, накіраваных на паляпшэнне адукацыйнага працэсу, таму будзем аб’ядноўваць педагагічныя калектывы і разам імкнуцца да яшчэ большага ўдасканалення сябе і сваёй працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *