Спорт для ўсіх: на каго арыентуемся ў год моладзі?

- 11:01Актуально, Апошнія запісы

Лепшыя студэнты-спартсмены, якія паказалі высокія спартыўныя вынікі ў мінулым навучальным годзе, атрымалі прэміі Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту. Студэнты і прадстаўнікі адміністрацыі ўніверсітэтаў сустрэліся з міністрам адукацыі і старшынёй БАСС Міхаілам Жураўковым, а таксама намеснікам міністра Віктарам Якжыкам і дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў Валянцінай Баляба за кубкам гарбаты. Абодва бакі падзяліліся меркаваннямі аб развіцці студэнцкага спорту ў Беларусі.

Хоць амаль усе прысутныя мужчыны былі пры гальштуках, фармат сустрэчы быў прама супрацьлеглым. Адкрытасць дыялогу стварала даверлівую і творчую атмасферу, у якой, як правіла, і нараджаюцца новыя праекты.
Яшчэ ў мінулым годзе выканаўчы камітэт Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту прыняў рашэнне аб заснаванні прэмій у дзвюх намінацыях — “Спорт найвышэйшых дасягненняў” і “Масавы спорт”. Універсітэты рэкамендавалі для іх атрымання 50 студэнтаў-спартсменаў. Каб вызначыць лепшых, былі распрацаваны спецыяльныя крытэрыі адбору: у прыватнасці, улічваліся такія паказчыкі, як вынікі прэтэндэнтаў на сусветных зімняй і летняй універсіядах 2013 года, у чэмпіянатах свету і Еўропы сярод юніёраў і дарослых. Адным з паказчыкаў стаў удзел у спаборніцтвах рэспубліканскай універсіяды па відах спорту і прыналежнасць студэнта-спартсмена да нацыянальнай зборнай каманды. Для сту-дэнтаў, якія прапагандуюць масавы спорт, важнай аказалася канкрэтная работа па яго папулярызацыі ва ўніверсітэце. Не засталася па-за ўвагай членаў БАСС і акадэмічная паспяховасць усіх прэтэндэнтаў.
“Этап абмеркавання, каго ж лічыць лепшым, быў вельмі няпростым, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў, які, дарэчы, і з’яўляецца ініцыятарам стварэння прэміяльнага фонду. — Мы распрацавалі спецыяльны рэйтынг, каб вызначыць тых, хто на самай вяршыні. Неблагі памер стыпендыі (12 млн рублёў для пераможцаў першай намінацыі і 6 млн для пераможцаў другой. — Заўв. аўт.) можа стаць дадатковым укладам у адукацыю ці захапленне студэнта. І яны годныя гэтага, бо студэнты-спартсмены ўздымаюць прэстыж сваіх універсітэтаў і самой сістэмы адукацыі”.
Разам з тым міністр адукацыі падкрэсліў, што Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту будзе ўкараняць новыя віды падтрымкі таленавітых студэнтаў. Таксама Міхаіл Жураўкоў выказаў словы падзякі рэктарам універсітэтаў, якія з разуменнем ставяцца да арганізацыі адукацыйнага працэсу спартсменаў, адзначыўшы пры гэтым, што многім з прадстаўнікоў спартыўнай студэнцкай эліты напружаныя трэніроўкі не перашка-джаюць добра вучыцца.
Цікава, што ўсе прэміі ў намінацыі “Спорт найвышэйшых дасягненняў” сабралі весляры. Пры гэтым чацвёра з пяцярых прадстаўнікоў гэтага эстэтычнага віду спорту нашы калегі — студэнты Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Вольга Худзенка — заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, шматразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету. У 2012 годзе яна стала бронзавай прызёркай Алімпіяды ў Лондане. А на XXVII Сусветнай летняй універсіядзе ў Казані заваявала тры залатыя медалі. Свой універсіядны поспех яна паўтарыла на VI чэмпіянаце свету сярод студэнтаў, заваяваўшы яшчэ тры ўзнагароды найвышэйшай пробы.
Тры залатыя медалі чэмпіянат свету сярод студэнтаў у старажытным Заслаўі прынёс і Маргарыце Махневай, якая больш вядомая пад сваім дзявочым прозвішчам Цішкевіч. Маргарыта — майстар спорту міжнароднага класа і жонка алімпійскага чэмпіёна, васьміразовага чэмпіёна свету і дзесяціразовага чэмпіёна Еўропы Вадзіма Махнева. Як жартуе знакаміты спартсмен, нават калі ён перастане працаваць, яго прозвішча пойдзе далёка па свеце дзякуючы жонцы. За зборную Беларусі Маргарыта выступае з 2011 года. У 2013 годзе стала бронзавай прызёркай чэмпіянатаў свету і Еўропы, а ўніверсіяда ў Казані прынесла спартсменцы два залатыя і адзін сярэбраны медалі.
Павел Мядзведзеў, таксама як Вольга Худзенка і Маргарыта Махнева, трэніруецца і вучыцца ў Мазыры. Ён — майстар спорту міжнароднага класа, сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету і ўніверсіяды ў Казані, удзельнік чэмпіянату Еўропы сярод моладзі. На VI чэмпіянаце свету сярод студэнтаў Павел запомніўся не толькі заваяваннем залатога, сярэбранага і бронзавага медалёў, але і сваёй усмешкай. Менавіта ён, па меркаванні прадстаўнікоў СМІ, атрымаў перамогу ў жартоўнай намінацыі “Містар Усмешка”.
“Прыемна, што нас ацанілі, — каменціруе атрыманне прэміі Мядзведзеў. — Я асабіста і не спадзяваўся, што магу трапіць у лік лепшых. У мінулым годзе скончыў магістратуру на кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Пакуль займаюся толькі спартыўнай кар’ерай, але думаю, што неабходна развівацца далей, мне многае цікава. Хацелася б займацца кіраваннем у галіне спорту, таму як варыянт разглядаю вучобу ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
На што патрачу стыпендыю? У мяне не так даўно нарадзілася дачка, і мы разам з маёй маленькай сям’ёй будуем вялікія планы. Так што ўсё ў сям’ю!”
Яшчэ адна прадстаўніца Мазыра — Надзея Лепяшко. Надзея — заслужаны майстар спорту і неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы. Яна ж пераможца летняй універсіяды ў Казані ў гонцы байдарак-чацвёрак на дыстанцыях 200 і 500 метраў. Апошні чэмпіянат свету сярод студэнтаў прынёс ёй два залатыя медалі.
Дзяніс Рэут таксама прадстаўляе веславанне, але з’яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Майстар спорту міжнароднага класа, яшчэ і стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Сярэбраныя медалі ён заваяваў на XXVII Сусветнай летняй універсіядзе і на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі.
“Спартыўны студэнцкі рух набыў апошнім часам асаблівую актыўнасць, — адзначыў у ходзе сустрэчы галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. — Асацыяцыя студэнцкага спорту прыжылася, і мы ўсе разумеем, што гэта толькі пачатак. Не сакрэт, што сёння спорт найвышэйшых дасягненняў ва ўсіх краінах — студэнцкі спорт. Узрост ад 17 да 27 гадоў (а гэта ўзрост студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў) — самы актыўны перыяд у жыцці спартсмена.
У нашых установах вышэйшай адукацыі ёсць усе ўмовы для развіцця спартыўных талентаў. Яркі прыклад — Мазырскі ўніверсітэт. У нас няма кафедры водных відаў спорту, але ёсць кафедра спартыўных дысцыплін, кафедра тэорыі і методыкі, дзе наладжана сістэма работы з таленавітай моладдзю, якая адпрацоўвалася дзесяцігоддзямі. Больш за 70 студэнтаў універсітэта займаюцца веславаннем на байдарках і каноэ. Немалую ролю тут іграе спалучэнне спецыяльнасцей, скажам “Пачатковая адукацыя і фізічная культура”, “Працоўнае навучанне і фізічная культура” і проста “Фізічная культура”.
Мы адчуваем значную падтрымку з боку кіраўніцтва ўніверсітэта. Як галоўны трэнер нацыянальнай зборнай магу адзначыць, што не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму ў Мазыры нараджаюцца новыя спартыўныя зоркі”.
У намінацыі “Масавы спорт” прэміі атрымалі студэнты, якія прапагандуюць неалімпійскія віды спорту. Напрыклад, студэнт Гомельскага інжынернага інстытута МНС Арцём Смірноў у 18 гадоў стаў чэмпіёнам свету па армрэслінгу ў катэгорыі малодшых юніёраў. Цяпер ён — майстар спорту Рэспублікі Беларусь, пераможца і прызёр шматлікіх нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў.
За папулярызацыю лёгкай атлетыкі прэмію атрымаў майстар спорту студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Арцём Раўкоў. Аляксандра Вангапага, якая прадстаўляе Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, захапляецца таэквандо, а таксама прапаноўвае палюбіць гэты від спорту студэнтам універсітэта.
Яшчэ адной уладальніцай прэміі стала прадстаўніца такога віду спорту, як плаванне, Паліна Нікіценка, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Пятая прэмія дасталася майстру спорту па тайскім боксе, двухразоваму пераможцу першынства свету ў Тайландзе, прызёру першынства Еўропы ў Турцыі, шматразоваму пераможцу рэспубліканскіх спаборніцтваў, студэнту Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Аляксею Налівайку.
“Новы год выдатна пачынаць з узнагарод, — сказаў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, — тым больш, калі гэта Год моладзі. Мы атрымалі своеасаблівыя арыенціры: які ён, сучасны малады чалавек, хто ён, сучасны студэнт. І ў дадзеным выпадку мы бачым тыя станоўчыя прыклады, якія можна і трэба пазіцыянаваць у сродках масавай інфармацыі”.
Завяршылася ганаровая цырымонія прапановай уключаць у новыя спартыўныя праекты саміх рэктараў і выкладчыцкі склад устаноў вышэйшай адукацыі. Міністр адукацыі з усмешкай адзначыў, што калі ў плаванні ці тайскім боксе рэктары і выкладчыкі наўрад ці складуць канкурэнцыю студэнтам-спартсменам, то, напрыклад, у шахматах яны маюць усе шансы.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.