“Нашы сэрцы — хворым дзецям”

- 12:47Нашы дзеці

Новы год, безумоўна, сямейнае свята. Але гэта яшчэ і свята дабра, цудаў і добрых спраў. Напэўна, кожнае дзіця марыць у Новы год хоць бы ненадоўга трапіць у казку і ўбачыць сапраўдны цуд. Асаблівую патрэбу ў гэтым маюць дзеці-інваліды, сіроты і хворыя.

У рамках навагодняй акцыі “Нашы сэрцы — хворым дзецям” супрацоўнікі Мяркулавіцкай сярэдняй школы і Мяркулавіцкага ясляў-сада Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці наведалі дзіцячае аддзяленне Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы. Спачатку некаторыя дзеткі крыху баяліся Дзеда Мароза і Снягуркі і для большай упэўненасці прасіліся да матуль на рукі, але былі і смелыя, якія расказвалі незвычайным гасцям вершы. Маленькія пацыенты атрымалі не толькі цацкі і салодкія падарункі, але і вясёлы настрой.

Шчырая радасць дзяцей стала для нас найлепшай падзякай. А добры настрой, як кажуць дактары, спрыяе больш хуткаму вылечванню.

І няхай мы не вылечылі хваробы дзетак, але падарылі ім зарад добрага настрою і веру ў цуд.

Ірына ВОСАРАВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Мяркулавіцкай сярэдняй школы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці.