Чэмпіянат пачынаецца!

- 11:45VI Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, Рознае

Сёння на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту ў Заслаўі пачынаецца VI чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ. Падзея абяцае быць грандыёзнай! Апошнія прыгатаванні прынеслі арганізатарам, сярод якіх Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання, Беларуская асацыяцыя каноэ і іншыя, не толькі хваляванне, але і некалькі прыемных момантаў.

Нягледзячы на тое, што тэрмін падачы заявак для ўдзелу ў чэмпіянаце даўно скончаны, жаданне прадставіць сваю каманду на воднай рэгаце ў Беларусі выказала Сербія. Паколькі 2014 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гасціннасці, арганізацыйны камітэт па ўзгадненні з Міжнароднай федэрацыяй універсітэцкага спорту (FISU) у парадку выключэння прыняў заяўку, яшчэ раз пацвердзіўшы рэкорд чэмпіянату па колькасці краін-удзельніц.
Нагадаем нашым чытачам, што на найбуйнейшым спартыўным студэнцкім вяслярным форуме будуць прадстаўлены 22 краіны: Беларусь, Расія, Украіна, Бельгія, Бразілія, Вялікабрытанія, Венгрыя, Грузія, Данія, Італія, Казахстан, Кітайскі Тайбэй, Літва, Мексіка, Малдова, Польшча, Славакія, Сербія, Чэхія, Фінляндыя, Францыя, Японія.
Увечары і ўдзельнікі, і арганізатары, і, будзем спадзявацца, шматлікія госці чэмпіянату сустрэнуцца на цырымоніі адкрыцця, якая стане для іх прыемнай нечаканасцю.
“Мы рыхтаваліся да гэтых імгненняў больш за паўгода, — адзначыў у інтэрв’ю прэс-штабу чэмпіянату выкладчык кафедры рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Сяргейчук. — З розных рэгіёнаў рэспублікі да нас прыедуць студэнцкія калектывы, якія прадставяць у сваёй творчасці самыя розныя жанры і стылі мастацтва. Адна з нашых асноўных задач — пазнаёміць замежных гасцей з унікальнай народнай культурай Беларусі. Таксама перад гледачамі будуць выступаць прадстаўнікі сучаснай беларускай эстрады і ўдзельнікі “Еўрабачання” ад Беларусі”.
Рэжысёр адзначыў, што адкрыццё студэнцкага чэмпіянату стане па-сапраўднаму феерычным! Прычым як у звыклым нам пераносным сэнсе, так і ў прамым: у цырымоніі адкрыцця будзе выкарыстана піратэхніка.
Па задуме арганізатараў, народным любімцам павінен стаць сімвал Міжнароднай студэнцкай рэгаты — сом з адметным беларускім іменем Лявон. Менавіта Лявон узначаліць шэсце-парад, у якім прымуць удзел каманды ўсіх краін, якія прыехалі на чэмпіянат. Раскрываем сакрэт: ужо сёння вядома, што ў касцюме талісмана будзе працаваць яго распрацоўшчык — студэнт другога курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Антон Цімашкоў. Антон прызнаецца, што пры рабоце над эскізам чэрпаў натхненне ў вядомых дыснееўскіх мультфільмах, дзе ўсе персанажы здаюцца вельмі добрымі і мілымі. Дарэчы, аўтар быў крыху здзіўлены, калі даведаўся, што для чэмпіянату будзе пашыта вялікая роставая лялька. Да гэтага, па словах студэнта, яго работы не выконваліся ў такім маштабе.
Дзеі падчас цырымоніі адкрыцця будуць праходзіць не толькі непасрэдна перад трыбунамі гледачоў, але і на вадзе і ў паветры. Увазе гледачоў будзе прадстаўлена ветразевае шоу, а ў небе праляціць верталёт з беларускім сцягам.
Словы прывітання ўдзельнікі чэмпіянату пачуюць ад намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Афанасьевіча Тозіка, міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча і прэзідэнта Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту Адама Рошэка.
Падняцце сцяга Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту будзе суправаджацца 6-метровымі піратэхнічнымі фантанамі. Кульмінацыяй цырымоніі адкрыцця па традыцыі стане клятва, якую дадуць прадстаўнікі спартсменаў і суддзяў.
Фінальным акордам запланаваны выступленні гімнастычных і харэаграфічных калектываў, а таксама выступленне беларускіх спевакоў Яўгена Слуцкага і Ірыны Дарафеевай. Іх выступленне будзе суправаджацца воднымі піруэтамі, якія выканаюць на вадзе выхаванцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту.
Зусім хутка мы пазнаёмім нашых чытачоў з самымі цікавымі момантамі чэмпіянату, тым больш што арганізацыя прэс-цэнтра першага для Беларусі чэмпіянату свету сярод студэнтаў даручана “Настаўніцкай газеце”!

 

Наталля АЛЁХІНА.