Урок чэмпіёнаў — праект Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, які ўжо другі год збірае вялікія аўдыторыі. Сустрэцца сам-насам з легендай беларускага спорту і спытацца пра ўсё, што сапраўды цікавіць, сёлета пашчасціла студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Іх госцяй стала знакамітая фрыстайлістка Ала Цупер.
З новым навучальным годам на пачатку “ўрока” студэнтаў павіншаваў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, адзначыўшы, што БДТУ займае адну з лідарскіх пазіцый у айчыннай адукацыйнай сістэме. Сама Ала Цупер не чакала такой шырокай аўдыторыі і прызналася, што хвалюецца больш, чым на спаборніцтвах. Як аказалася, спартсменку звязвае з навучальнай установай яе трэнер Максім Эдуардавіч Самойлаў, які ў 1984 годзе скончыў тэхналагічны ўніверсітэт. Ала Цупер заўважыла, што, магчыма, і сярод удзельнікаў сённяшняй сустрэчы ёсць будучыя вялікія трэнеры.
Упершыню алімпійская чэмпіёнка пазнаёмілася са спортам, калі ёй было 4 гады, выбарам бацькоў Алы стала спартыўная гімнастыка. У 13, не дасягнуўшы значных вынікаў у гімнастыцы, перайшла ў фрыстайл, дзеля чаго пераехала з горада Роўна (Украіна), дзе спартсменка нарадзілася, у горад Мікалаеў (Украіна). Менавіта там пачаўся “алімпійскі шлях” для Алы Цупер. У адказах на пытанні студэнтаў спартсменка ўзгадала яго самыя хвалюючыя моманты.
***
У Мікалаеве знаходзіўся водны трамплін. Калі ўпершыню ўбачыла спартсменаў, якія з гэтага трампліна скачуць, падумала: “Вар’яты”. Потым паспрабавала сама, было вельмі страшна. На шчасце, мае бацькі не ведалі, што такое фрыстайл, а то, магчыма, і не адпусцілі б. Ужо праз 4 гады, у 1996 годзе, я заняла першае месца на юнацкім чэмпіянаце свету. Мне спадабалася гэтае адчуванне!
***
Я так доўга ішла да алімпійскага медаля. Гэта была мая пятая алімпіяда, і пакуль ну ніяк не атрымлівалася заняць прызавое месца. Доўга не магла паверыць у тое, што гэта здарылася. Справа, якой я аддала 22 гады жыцця, урэшце мне пакарылася. Мара збылася!
***
Першым са званнем алімпійскай чэмпіёнкі мяне павіншаваў мой муж, які прыехаў у Сочы спецыяльна, каб падтрымаць мяне. Дзякуючы менавіта яму, я вярнулася ў спорт пасля нараджэння дачкі і, як бачыце, нездарма, мой вынік быццам чакаў мяне. Калі б я засталася ва ўкраінскай зборнай, я ўжо не займалася б фрыстайлам. Там іншыя ўмовы, іншыя адносіны да спартсмена.
***
На алімпіядзе ў Сочы перад стартам хвалявалася, але старалася не думаць пра гэта. Так бывае, што многія спартсмены самі сябе накручваюць, маўляў, я на Алімпійскіх гульнях і ў мяне сёння спаборніцтвы. Настройвала сябе на тое, што сёння чарговая трэніроўка, мне трэба прыйсці і проста зрабіць свае скачкі.
Я выступала першай, упэўнена, гэта мне вельмі дапамагло. Не трэба было стаяць у чаканні, назіраючы за спробамі саперніц. Не паспела перагарэць. Калі скокнула, стала на ногі і выехала, ужо тады разумела, што медаль у мяне будзе, праўда, не ведала які. Калі ўпала кітаянка… Канечне, непрыемны момант. У сусветным жаночым фрыстайле не больш за трыццаць чалавек, і мы ўсе ведаем і падтрымліваем адна адну. Было суперажыванне, хваляванне за яе здароўе. Аднак думка аб тым, што я ўжо не трэцяя, а другая, таксама была.
***
Пасля нашых з Антонам Кушнірам (фрыстайліст, Алімпійскі чэмпіён Сочы. — Заўв. аўт.) перамог мы вярнуліся ў Алімпійскую вёску, я спыталася ў нашага галоўнага трэнера Мікалая Іванавіча Казекі, як ён сябе адчувае. Адказам было слова “спусташэнне”.
***
Ні я, ні Антон Кушнір не шкадуем, што некалі пераехалі жыць і трэніравацца ў Беларусь. Мы з ім з аднаго горада, абое пачыналі трэніравацца ў Роўне. Тут мы знайшлі сябе. Ва Украіне я скончыла вучылішча фізічнай культуры, а ў Беларусі — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Тут нарадзілася мая дачка. Тут мая сям’я.
***
Калі рыхтуюся да скачка, не бачу нікога і нічога. Адключаюся поўнасцю і, калі ўжо еду на сам скачок, думаю пра хуткасць, у час скачка — пра тое, як выканаць элементы і прызямліцца на лыжы. На двайное сальта хуткасць патрэбна прыкладна ад 50 да 60 км/г, для трайнога — ад 60 да 70 км/г. Іншых думак у паветры няма.
***
Канечне, былі моманты, калі проста апускаліся рукі. У мяне былі аперацыі на абодвух каленях, двойчы зламана лапатка. Хацелася ўсё кінуць і займацца чым-небудзь іншым. Аднак такі варыянт не для мяне!
Калі вы паставілі перад сабой мэту, не трэба здавацца, нават калі будзе цяжка. Толькі наперад, як бы там ні было!
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.