Разбураем стэрэатыпы: бокс — адзін з самых інтэлігентных і інтэлектуальных відаў спорту

- 11:24Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Цырымонія адкрыцця першай баксёрскай залы ў Партызанскім раёне Мінска сабрала надзвычай высокае прадстаўніцтва. Прафесійна-тэхнічны каледж Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, дзе цяпер размяшчаецца новенькі рынг, наведалі як прадстаўнікі сістэмы адукацыі, так і нацыянальнай зборнай па боксе. А цэнтрам увагі ўдзельнікаў цырымоніі стаў чэмпіён свету сярод студэнтаў Сяргей Карнееў, які разам са сваімі калегамі па камандзе нядаўна вярнуўся з расійскага Якуцка.

Планетарны форум сабраў у Рэспубліцы Саха каля 80 спартсменаў-студэнтаў з 12 краін. Усяго беларусы заваявалі на гэтым чэмпіянаце 4 медалі рознай вартасці. Акрамя “золата” Сяргея Карнеева ў вагавой катэгорыі 91 кг, на ліку нашых спартсменаў “серабро” Яна Судзілоўскага (+91 кг) і два бронзавыя медалі — Дзяніса Ягоранкі (69 кг) і Міхаіла Даўгаляўца (81 кг).
Віншуючы спартсменаў з перамогай, а ўсіх іншых аматараў бокса з адкрыццём новай залы, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык адзначыў, што 2014 год увогуле асаблівы для Беларусі. Сёлета ў краіне прайшоў чэмпіянат свету па хакеі, а таксама першы ў гісторыі беларускага спорту чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, які прымаў прадстаўнікоў 22 краін на водным канале ў Заслаўі.
— Невыпадкова цяпер мы скіравалі сваю ўвагу на бокс, — падкрэсліў намеснік міністра. — Сёння абмяркоўваем з Міжнароднай федэрацыяй студэнцкага спорту ідэю правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету сярод студэнтаў у 2018 годзе, і менавіта бокс уваходзіць у тройку відаў спорту, якія мы прапануем.
Дарэчы, нечаканасцей падчас цырымоніі адкрылася нямала. Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта член папячыцельскага савета беларускай федэрацыі бокса Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што каледж РІПА мае багатыя спартыўныя традыцыі. З 1996 па 2000 год тут праводзіўся Міжнародны турнір па боксе, у якім прымалі ўдзел спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля. У зале гэтай жа навучальнай установы пачынаў свае першыя крокі Сяргей Карнееў.
Трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па боксе Канстанцін Сяргеевіч Сакалоў выказаў спадзяванне, што ў новай зале абавязкова вырастуць і новыя зоркі беларускага і сусветнага бокса. Ён падкрэсліў, што нямала навучэнцаў каледжа — ураджэнцы сельскай мясцовасці, многія з якіх не мелі магчымасці сур’ёзна займацца спортам. Улічваючы ўзрост, маладыя людзі могуць з поспехам раскрыцца ў гэтым відзе спорту.
Ганаровыя дыпломы спартсменам, якія адстойвалі гонар беларускага студэнцкага спорту на чэмпіянаце свету, і іх трэнерам уручыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў Валянціна ВіктараўнаБаляба.
Сяргеей Карнееў “золату” чэмпіянату свету, безумоўна, рад. Гэта яго другі чэмпіянат свету сярод студэнтаў, упершыню ён удзельнічаў у міжнародным студэнцкім форуме ў 2008 годзе ў Казані, дзе заваяваў “бронзу”.
— Сёлета ў нас былі моцныя канкурэнты, — гаворыць спартсмен. — Ну і, канечне, у боксе вялікае значэнне мае фартуна: з кім трапіш на паядынак — выбіраць не даводзіцца.
Папулярызацыя бокса ў Беларусі сёння зрабіла значны крок наперад. Бокс любяць, на яго прыходзяць, ім хварэюць, у той час як яшчэ зусім нядаўна яму ўдзялялі мала ўвагі. Будзем спадзявацца, што адкрыццё новай залы паспрыяе яго далейшаму развіццю.
Бокс — адзін з самых інтэлігентных і інтэлектуальных відаў спорту. І калі ў людзей засталіся стэрэатыпы — мы прыйшлі, каб іх разбурыць! Мы жывём і дыхаем сваёй справай. Хочацца, каб наступныя пакаленні баксёраў змаглі абысці тыя праблемы, з якімі ў свой час сутыкаліся мы. Каб усе, хто жадае, маглі займацца боксам і радавацца гэтаму!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.