Кліч Палесся — кліч турыстам

- 12:01Апошнія запісы, Культура, Рознае

Шматлюдныя і ўрачыстыя фестывалі, накіраваныя на папулярызацыю турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў, настолькі трывала ўвайшлі ў нашу паўсядзённасць, што імі мы нярэдка пачынаем адмерваць жыццё. Нават дзень нараджэння адыходзіць на другі план. “Буду з нецярпеннем чакаць наступнага фестывалю, праз год прыеду сюды абавязкова”, — гэтыя словы знаёмы кожнаму з нас. Менавіта “падзейны турызм” разам з аграэкатурызмам выконвае ў Год гасціннасці ролю своеасаблівай чарадзейнай палачкі, па ўзмаху якой да нас едуць замежныя госці, у першую чаргу з краін-суседак. Якасць выканання гэтай ролі ацэняць пасля заканчэння Года гасціннасці ва ўрадзе, міністэрствах культуры, спорту і турызму. Мы ж паспрабуем разгледзець тыя станоўчыя змены, якія адбываюцца ў жыцці фестывальных сталіц і канкрэтна ўстаноў адукацыі. У якасці прыкладу разгледзім Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які праходзіў нядаўна ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Цёплым вераснёўскім днём Палессе паклікала на бераг Прыпяці больш за 20 тысяч артыстаў, народных майстроў і проста гледачоў (лічба, асабліва для сельскага населенага пунк-та, больш чым значная) не толькі з Беларусі, але і Украіны, Расіі, Польшчы. На што ў першую чаргу звярталі ўвагу госці? Канечне, на маляўнічыя краявіды, на цёплае і сонечнае надвор’е, на гасціннасць мясцовых жыхароў і, безумоўна, на дагледжаныя і ўтульныя ляскавіцкія падвор’і, гладзенькі асфальт на вуліцах, яркія фасады дамоў. Не ведаю, як выглядалі Ляскавічы ў дафестывальны перыяд, аднак відавочна, што “Кліч Палесся” прынёс аграгарадку толькі станоўчыя змены. І адбыліся гэтыя змены дзякуючы руплівым рукам мясцовых жыхароў, у тым ліку настаўнікаў і вучняў.
— Напярэдадні фестывалю мы з калегамі і вучнямі актыўна падмятаем вуліцы, фарбуем агароджы. Прычым робім гэта не таму, што нас нехта папрасіў, а таму што ведаем: Ляскавічы — наш агульны дом, і ён павінен быць чыстым, асабліва напярэдадні сустрэчы гасцей, — дзеліцца дырэктар Ляскавіцкай сярэдняй школы Наталля Рыгораўна Шаўчук. — Калі трэба, то школа прадастаўляе жыллё артыстам і гасцям фестывалю. У гэтым годзе мы размясцілі салдат, якія спалі на сваіх матрацах і ў спальных мяшках. А вось у 2012 годзе ў будынку школы размяшчаўся прэс-цэнтр. Актыўна ўдзельнічаем і ў самім свяце, прычым не толькі ў якасці гледачоў. Так, падчас мінулага фестывалю на падвор’і Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” нашы навучэнцы пераапраналіся ў розных жывёл. Сёлета яны на спартыўных конкурсах дапамагалі суддзям вызначаць лепшых.
Падрыхтоўка да фестывалю — гэта не толькі фізічная, але і краязнаўчая праца. Менавіта ў першыя дні верасня ляскавіцкія педагогі і навучэнцы пачынаюць актыўна даследаваць родны край. Асабліва актыўна гэтай справай займаюцца настаўніца біялогіі Людміла Андрэеўна Рубіс і настаўніца гісторыі Вольга Мікалаеўна Туравец. Разам з навучэнцамі яны збіраюць матэрыялы пра знакамітых землякоў, папаўняюць старонкі летапісу Ляскавіч. Асобную работу, прысвечаную менавіта фестывалю “Кліч Палесся”, навучэнцы плануюць прадаставіць на абласную канферэнцыю “Пошук”. Тут будзе гаварыцца не толькі пра гісторыю развіцця фестывалю, але і пра людзей, якія сёлета атрымалі заслужанае званне “Ганаровы паляшук” (для палешукоў атрымаць такое званне асабліва ганарова, бо яны, як вядома, і так людзі ганаровыя, а быць ганаровым палешуком — ганарова ўдвайне).
— Напярэдадні мінулага фестывалю нашы навучэнцы дапамагалі супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзіць археалагічныя раскопкі непадалёк ад Прыпяці. Знойдзеныя экспанаты былі размешчаны ў музеі прыроды і побыту. Садзейнічае фестываль і выхаванню ў дзяцей любові да роднай мовы. Так, на наступны дзень пасля фестывалю вучні 4 класа сказалі сваёй настаўніцы, што хочуць выконваць “Купалінку” гэтак жа кранальна, як і нашы госці з Польшчы, — паведаміла Наталля Рыгораўна.
У фестывальныя дні ў Ляскавічах пануе насычанае жыццё, так не падобнае да звычайных размераных будняў палешукоў. З асаблівым нецярпеннем “Кліч Палесся” чакаюць дзеці. Звычайна, каб пакаштаваць папкорн або салодкую вату, пакатацца на электрамашынах, трэба ехаць у горад. А тут атрымліваецца, што забавы самі прыязджаюць да цябе. Хіба ж можна прапусціць нагоду для такой прыемнай сустрэчы? Праграма фестывалю настолькі разнастайная і насычаная, што наведаць аднаму чалавеку ўсе мерапрыемствы проста фізічна немагчыма, таму кожны выбірае нешта сваё, што бліжэй да душы. Нехта глядзіць конкурс “Палеская прыгажуня”, нехта катаецца на цеплаходзе, іншыя гуляюць па імправізаваных падвор’ях, знаёмяцца з выставай работ мастакоў, наведваюць майстар-класы. Яркім і запамінальным акордам фестывалю стала лазернае шоу і феерверк.
Ці трэба развіваць у нашай краіне “падзейны турызм”? Наколькі актуальна правядзенне падобных фестываляў? Ці трэба выдаткоўваць бюджэтныя грошы на абнаўленне інфраструктуры малых і вялікіх населеных пунктаў? Думаю, адказ відавочны. І яшчэ: калі вас ніколі не клікала Палессе, калі вы не спазнавалі фестывальных прыемнасцей, то гэты спіс топ-5 адметных турыстычных падзей кожнага рэгіёна (спіс, канечне, далёка не поўны), спадзяёмся, падкажа, дзе і на што можна паглядзець і дзе можна сябе паказаць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА.