ЗША: новы рэйтынг ВНУ QS 2014

- 13:18Паралелі, Рознае

Масачусецкі тэхналагічны інстытут трэці раз узначаліў сусветны рэйтынг лепшых ВНУ па версіі QS, Гарвардскі ўніверсітэт сёлета выбыў з тройкі лепшых, сведчаць даныя рэйтынга ВНУ QS University Subject Rankings-2014. Поспех Масачусецкага інстытута аўтары рэйтынга тлумачаць высокім прафесійным узроўнем прафесарска-выкладчыцкага складу і значнай доляй замежных выкладчыкаў і студэнтаў. Таксама Масачусецкі інстытут, разам з Гарвардам, атрымаў максімальныя паказчыкі па навуковай і дзелавой рэпутацыі і навуковым цытаванні.

Па версіі QS, Кембрыджскаму ўніверсітэту ўдалося заняць 2 месца, зрушыўшы Гарвардскі ўніверсітэт, які, у сваю чаргу, заняў толькі 4 месца, саступіўшы Імперскаму каледжу Лондана. Апошні замкнуў тройку лепшых, абагнаўшы яшчэ Універсітэцкі каледж Лондана і Оксфардскі ўніверсітэт. Як і Масачусецкі ўніверсітэт, Імперскі каледж Лондана прадэманстраваў найбольшае павелічэнне паказчыку рэйтынга па індэксе цытавання (на 14%). Той жа паказчык у Кембрыджа і Гарварда склаў 11% і 2% адпаведна.
У лідзіруючую дзясятку таксама ўвайшлі Стэнфардскі ўніверсітэт, Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут, Прынстанскі ўніверсітэт. Замкнуў дзясятку Ельскі ўніверсітэт. Тым самым 6 з 10 лепшых навучальных устаноў свету размясціліся ў ЗША, астатнія 4 — у Вялікабрытаніі.
У ТОР-200 рэйтынга з 51 універсітэтам па-ранейшаму ўпэўнена лідзіруюць Злучаныя Штаты. Усяго ў поўную версію рэйтынга ўвайшлі 863 навучальныя ўстановы, у ТОР- 200 прадстаўлена 31 краіна. ЗША тут абагналі Вялікабрытанію (29), Германію (13), Нідэрланды (11), Канаду (10), Японію (10) і Аўстралію (8). Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут застаецца лепшым у свеце па колькасці даследчыцкіх цытат.
Паводле даных аўтараў рэйтынга, за пяць апошніх гадоў найлепшыя вынікі прадэманстравалі Масачусецкі тэхналагічны інстытут, універсітэт Сонгюнгван (Карэя), Федэральная політэхнічная школа Лазаны (Швейцарыя), Стэнфардскі ўніверсітэт, Мюнхенскі ўніверсітэт Людвіга-Максіміліяна, Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт (Сінгапур), Сеульскі нацыянальны ўніверсітэт, Чжэцзянскі ўніверсітэт (Кітай), Лонданскі ўніверсітэт каралевы Марыі і Швейцарская вышэйшая тэхнічная школа Цюрыха. Пры гэтым восем з гэтых устаноў дэманструюць выдатныя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі.
Што датычыцца расійскіх універсітэтаў, тут таксама ранейшы лідар — Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава. Сёлета МДУ ўдалося ўзняцца ў рэйтынгу на 6 пазіцый і заняць 114 месца, тым самым палепшыўшы паказчыкі апошніх двух гадоў (120 месца ў 2013 годзе і 116 у 2012). Таксама палепшылі свае пазіцыі Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э.Баўмана і Новасібірскі дзяржуніверсітэт — адпаведна 233 месца (240 у 2013 годзе і 253 у 2012), 322 месца (334 у 2013 і 352 у 2012) і 328 месца (352 у 2013 і 371 у 2012).
Вядучыя ВНУ іншых краін постсавецкай прасторы і Усходняй Еўропы занялі наступныя месцы: Варшаўскі ўніверсітэт — 335, Тартускі ўніверсітэт — 379, Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі знаходзіцца ў групе ВНУ, якія займаюць 421—430 месцы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — у групе 491—500 (наш вядучы ўніверсітэт упершыню трапіў у ТОР-500 рэйтынга), Талінскі ўніверсітэт — 501—550, Вільнюскі ўніверсітэт — у групе 551—600, Латвійскі — 701+.
Рэйтынг лепшых універсітэтаў свету (QS World University Rankings) — глабальнае даследаванне, створанае па методыцы брытанскай кансалтынгавай кампаніі Quacquarelli Symonds (QS). Лічыцца адным з найбольш уплывовых глабальных рэйтынгаў універсітэтаў. Распрацаваны ў 2004 годзе Quacquarelli Symonds сумесна з брытанскім выданнем Times Higher Education. Да 2010 года быў вядомы як The World University Rankings. З 2010 года адзіны рэйтынг падзяліўся на два: выданне Times Higher Education выпускае рэйтынг лепшых універсітэтаў свету The World Reputation Rankings сумесна з агенцтвам Thomson Reuters, а Quacquarelli Symonds працягвае выпускаць рэйтынг пад назвай QS World University Rankings.
Рэйтынг ацэньвае ўніверсітэты па наступных паказчыках: актыўнасць і якасць навукова-даследчай дзейнасці, меркаванне работадаўцаў і кар’ерны патэнцыял, выкладанне і інтэрнацыяналізацыя. Як лічаць яго аўтары, названыя паказчыкі ахопліваюць ключавыя задачы ўніверсітэтаў, за якія яны адказваюць перад удзельнікамі працэсу: акадэмічнай супольнасцю, работадаўцамі, навучэнцамі і іх бацькамі. Штогод у даследаванні ацэньваюцца звыш 2500 вышэйшых навучальных устаноў па ўсім свеце. Па яго выніках складаецца рэйтынг 800 лепшых універсітэтаў свету, а таксама рэйтынгі ўніверсітэтаў па асобных дысцыплінах.
Узровень дасягненняў універсітэтаў ацэньваецца на падставе вынікаў камбінацыі статыстычнага аналізу дзейнасці навучальных устаноў (уключаючы інфармацыю па індэксе цытавання з базы даных Scopus — найбуйнейшай у свеце бібліяметрычнай базы даных навуковых публікацый), а таксама вынікаў глабальнага экспертнага апытання прадстаўнікоў міжнароднай акадэмічнай супольнасці і работадаўцаў, якія выказваюць свае ацэнкі ўніверсітэтаў. Ніжэй прадстаўлены колькасныя і якасныя паказчыкі, па якіх праводзіцца ацэнка дзейнасці ўніверсітэтаў.
Методыка разліку рэйтынга QS WORLD UNIVERSITY RANKINGS (у працэнтах):
— індэкс акадэмічнай рэпутацыі (апытанне) — 40%;
— індэкс рэпутацыі сярод работадаўцаў (апытанне) — 10%;
— суадносіны прафесарска-выкладчыцкага складу і колькасці навучэнцаў — 20%;
— індэкс цытавання навуковых артыкулаў выкладчыкаў у адносінах да колькасці выкладчыцкага складу (база даных Scopus) — 20%;
— доля замежных выкладчыкаў у агульнай колькасці выкладчыцкага складу — 5%;
— доля замежных студэнтаў у агульнай колькасці навучэнцаў — 5%.
У апытанні прадстаўнікоў міжнароднай акадэмічнай супольнасці (QS Global Academic Survey) прымаюць удзел прафесары і кіраўнікі ўніверсітэтаў з сярэднім стажам у навуцы каля 20 гадоў. Сярод іх вядучыя навукоўцы і рэктары звыш 500 універсітэтаў. Кожны рэспандэнт можа назваць да 30 універсітэтаў, акрамя ВНУ, у якой ён працуе. У апытанні прадстаўнікоў работадаўцаў (QS Global Employer Survey) бяруць удзел некалькі тысяч кампаній з больш чым 90 краін свету.