Спартыўная інжынерыя ў Беларусі: ад дыягностыкі спартсменаў да вытворчасці лёду

- 15:58Вышэйшая школа, Рознае

Спартыўная інжынерыя не так даўно асацыіравалася ў беларусаў з выключна замежнымі тэхнічнымі і тэхналагічнымі распрацоўкамі, маўляў, нам далёка да краін, дзе існуюць спецыяльныя праграмы навукова-тэхнічнага забеспячэння спартыўнай сферы. Аднак, як аказалася, такой невялікай краіне, як Беларусь, зусім не абавязкова нанова вынаходзіць веласіпед, значна эфектыўней правільна яго мадыфікаваць і прымяніць для сябе. Загадчык кафедры спартыўнай інжынерыі спартыўна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Валерый Яўстаф’евіч Васюк упэўнены: самым першым крокам павінна стаць разуменне сваіх праблем, толькі так можна выйсці на іх вырашэнне.

Спартыўна-тэхнічны факультэт БНТУ — самы малады ва ўніверсітэце. І, дарэчы, першы інжынерны факультэт на постсавецкай прасторы, дзе рыхтуюць спецыялістаў інжынернага профілю для спартыўнай індустрыі. Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па трох спецыяльнасцях: “Тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартыўных аб’ектаў”, “Тэхнічнае забеспячэнне спартыўных тэхналогій” і “Праектаванне і вытворчасць спартыўнай тэхнікі”.

З чамаданамі, поўнымі канспектаў

Мой суразмоўца з тых людзей, з кім можна смела ісці ў разведку. Хаця б па той прычыне, што ён у гэтым плане чалавек вопытны. Яшчэ ў савецкія часы, займаючыся развіццём коннага спорту, па некалькі тыдняў праводзіў у замежных камандзіроўках, раскрываючы прафесійныя сакрэты канкурэнтаў, занатоўваючы тое, што ўбачыў і пачуў. І калі яго калегі ехалі з замежжа з дэфіцытнымі ў той час красоўкамі, Валерый Васюк вёз чамаданы, поўныя канспектаў і часопісаў.
Гэтага натхнення, на яго думку, не хапае сучаснаму маладому пакаленню. З 30 студэнтаў знойдзецца толькі пяцёра тых, хто разумее, што шчасце не ў хуткіх грашах, тых, хто нацэлены на развіццё спартыўнай інжынернай навукі.
“Сёння спорт знаходзіцца на мяжы чалавечых магчысцей. Усё больш прагрэс залежыць ад высокатэхнічных сродкаў падрыхтоўкі і дыягностыкі спартсменаў. Напрыклад, у плаванні размова ідзе пра тысячныя долі секунды, і спецыялісты ламаюць галаву над тым, як зрабіць старт ці тэхніку развароту максімальна рацыянальнай і эфектыўнай. У кіданні кап’я, молата важна дакладна разумець, як працуе нервова-мышачны апарат спартсмена, як размяркоўваецца міжмышачная каардынацыя… І калі 30 гадоў назад трэнер мог гадзінамі разлічваць кожны рух спартсмена на міліметровай паперы, то цяпер дзякуючы сістэмам відэазахопу мы атрымліваем праекцыю рухаў спартсмена ў 3D-фармаце ў рэжыме анлайн.
На дадзены момант з лёгкасцю можам ацаніць тэхнічнымі сродкамі не толькі агульную фізічную падрыхтаванасць, але і падрыхтаванасць спецыяльна-фізічную, тэхнічную, тактычную, тэхніка-тактычную і нават маральна-валявую. Усё можна вымераць у лічбах”.
У тым, што наладжваць вытворчасць падобнага абсталявання ў Беларусі немэтазгодна, загадчык кафедры спартыўнай інжынерыі ўпэўнены. Значна больш рацыянальнай, на яго думку, з’яўляецца мадыфікацыя для спартыўнай галіны ўжо вядомых у іншых сферах распрацовак.
Сёння ў арсенале кафедры спартыўнай інжынерыі апаратна-праграмны комплекс Tekscan, з дапамогай якога можна ажыццяўляць бесправадную рэгістрацыю і аналіз апорных узаемадзеянняў розных участкаў цела спартсмена з прадметамі знешняга асяроддзя. На экране манітора — ступня канькабежца, кожная з зон якой пазначана асобным колерам. Побач табліца, дзе фіксуюцца ўсе паказчыкі работы ступні на розных участках дыстанцыі. Загадкавыя для дылетантаў спалучэнні лічбаў раскажуць прафесіяналам, як можна скарэкціраваць трэніровачны працэс, каб палепшыць вынік. Праблема ў іншым: трэнераў па відах спорту, здольных “чытаць” паказчыкі, у краіне адзінкі.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што інтарэс да спасціжэння новых тэхналогій з боку прадстаўнікоў спорту ўсё ж існуе. Спецыялісты кафедры маюць вопыт супрацоўніцтва з канькабежцамі, фігурыстамі, лыжнікамі, плыўцамі і інш. Асобны навукова-метадычны аддзел сёння створаны на базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту. Для падрыхтоўкі плыўцоў закуплена самае простае абсталяванне. Прадстаўнікі спартыўнай інжынерыі ставяць перад сабой задачу-мінімум: арганізаваць пробную гадавую праграму, якая б паказала трэнерам, як можна ўжо на пачатковым узроўні падрыхтоўкі спартсменаў выкарыстоўваць сістэму навукова-тэхнічнага забеспячэння трэніровачнага працэсу.

Спецыялісты на вагу золата

Спорт стаў галоўным трэндам 2014 года. Алімпійскія гульні ў Сочы, чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі прыцягнулі ўвагу балельшчыкаў усяго свету да грандыёзных спаборніцтваў, а значыць, і да спартыўных аб’ектаў. У Беларусі сёння таксама няма недахопу ў разнастайных спартыўных арэнах, а вось недахоп у спецыялістах, здольных іх абслугоўваць, ёсць!
Не так даўно сталічным аматарам баскетбола давялося стаць сведкамі інцыдэнту: запрошаныя на міжнародны турнір гульцы адмовіліся пачынаць матч па прычыне неналежнай гатоўнасці пляцоўкі. Не дзіўна, што будучыя спецыялісты тэхнічнай эксплуатацыі спартыўных аб’ектаў у краіне на вагу золата.
“Іх не рыхтуюць пакуль нідзе на постсавецкай прасторы, мы першымі ўвялі гэтую спецыяльнасць. Цяпер да нас прыязджаюць вучыцца расійскія студэнты.
Да нядаўняга часу Беларусь не магла пахваліцца такой тэхнічнай забяспечанасцю аб’ектаў тэхнічнымі сродкамі. Сёння тыя ж суддзі працуюць з дапамогай цэлай аўтаматызаванай сістэмы, якая забяспечвае падлік ачкоў, сувязь з каментатарамі і г.д. А як інакш? Гледачы хочуць, седзячы на канапе з кубкам кавы, атрымліваць самую свежую інфармацыю.
Цяжка паверыць, што яшчэ некалькі гадоў назад мы не маглі правесці практычна ніводнага значнага мерапрыемства без удзелу прадстаўніка кампаніі, якая ўстанаўлівала нам абсталяванне. Прыязджаў чалавек са сваім “чамаданчыкам”, і толькі ён меў доступ да інфармацыйна-вымяральных сістэм, якія забяспечвалі рэгістрацыю спартыўных вынікаў і электронны дакументазварот пратаколаў спаборніцтваў. Нашы спецыялісты глядзелі на яго як на чалавека з іншай планетыі”.
Студэнты спартыўна-тэхнічнага факультэта на ўсіх этапах навучання праходзяць практыку на базе сучасных спартыўных комплексаў, у кампаніях, якія пастаўляюць, манціруюць і абслугоўваюць абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў. На базе шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” створаны філіял кафедры спартыўнай інжынерыі. Улічваючы спецыфіку аб’екта, менавіта тут са студэнтамі праводзяцца практычныя заняткі па дысцыпліне “Халадзільнае абсталяванне спартыўных збудаванняў”, а таксама па дысцыплінах “Тэхнічнае забеспячэнне правядзення спартыўных мерапрыемстваў”, “Міжнародныя рэгламенты спартыўных аб’ектаў”, “Сістэмы дыспетчарызацыі спартыўных аб’ектаў”.
Мала хто ведае, якіх намаганняў каштуе стварэнне якаснага лёду. Валерый Васюк падкрэслівае, што для кожнага віду спорту павінна быць свая тэмпература і цвёрдасць.
Вынікам супрацоўніцтва комплексу “Мінск-Арэна” і БНТУ стала распрацоўка спецыялістамі ўніверсітэта прыбора з відавочнай назвай слізгаметр, галоўнай функцыяй якога з’яўляецца вызначэнне якасці лядовай паверхні.
“Прыбор ужо быў вядомы ў сусветнай практыцы, аднак гэта штучны тавар, які вырабляецца і выкарыстоўваецца ў індывідуальным парадку. Пасля надання сілавога імпульсу, рухомая платформа слізгаецца па лёдзе 20—25 метраў. У гэты час спецыяльныя датчыкі здымаюць патрэбныя параметры і перадаюць іх спецыялістам. На маніторы мы можам бачыць, на якім участку які каэфіцыент трэння. На павароце, на прамой, на знешнім ці на ўнутраным участку трасы… Якая якасць лёду пры якой колькасці гледачоў, бо гэта таксама ўзаемазвязаныя паказчыкі”.
У 2017 годзе чакаецца першы выпуск па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартыўных аб’ектаў” спартыўна-тэхнічнага факультэта БНТУ. І, як прызнаецца мой суразмоўца, ужо даўно на яго стале ляжыць поўная папка запытаў. Акрамя Мінск-Арэны, кафедра супрацоўнічае з Палацам спорту, Барысаў-Арэнай і інш. Дарэчы, у Барысаве на маладых спецыялістаў, якія праходзілі там пераддыпломную практыку, ускладаюць вялікія надзеі і стараюцца затрымаць.
Трэба адзначыць, што амаль усе падобныя аб’екты, пачынаючы ад Мінск-Арэны і да аб’ектаў у малых гарадах, выконваюць функцыі не толькі спартыўных, але і культурных пляцовак. Трансфармацыя з аднаго віду пляцоўкі ў другі патрабуе сур’ёзнай работы. Спецыялісты тэхнічнай эксплуатацыі аб’ектаў робяць яе больш якаснай і хуткай.

Гэта толькі пачатак!

Акрамя БНТУ, яшчэ шэсць універсітэтаў свету здзяйсняюць падрыхтоўку па спецыяльнасці Sports engineering. Палітэх актыўна супрацоўнічае з Страйклаўскім універсітэтам Вялікабрытаніі, а таксама з даследчым цэнтрам Бостанскага ўніверсітэта, які спецыялізуецца на распрацоўцы электраміяграфічных методык ацэнкі нервова-мышачнага патэнцыялу чалавека. У цэнтры ўвагі амерыканскіх спецыялістаў — праблемы, звязаныя са стамляльнасцю мышцаў, павышэннем працаздольнасці. Амерыканская кампанія Delsys з’яўляецца распрацоўшчыкам сістэмы бесправадной рэгістрацыі біяэлектрычных патэнцыялаў. У супрацоўніцтве з беларусамі яны зацікаўленыя: для прадстаўнікоў ЗША гэта пашырэнне геаграфіі даследаванняў і паглыбленне ў новую для іх спартыўную сферу. Акрамя таго, у Беларусі яны маюць магчымасць паспрабаваць сваё абсталяванне на спартсменах высокага класа, у той час як на радзіме атрымаць доступ, скажам, да чэмпіёна свету ці алімпійскага чэмпіёна з’яўляецца задачай выключна няпростай.
Ужо сёння на кафедру спартыўнай інжынерыі БНТУ прыходзяць прапановы аб супрацоўніцтве ад сусветна вядомых кампаній, а таксама з суседніх краін, дзе няма падобных метадаў даследаванняў у галіне спорту. А яшчэ факультэт жыве ідэяй падрыхтоўкі інжынераў-трэнераў. Ва ўніверсітэце ўпэўнены: гэта толькі пачатак!

Наталля АЛЁХІНА.