Робаты паспаборнічалі ў сумо

- 14:26Рознае, Спартыўныя падзеі

Заўчора ў Мінску прайшоў ІІ адкрыты турнір па робататэхніцы. Турнір дзіцячы, але ўсё на ім было па-даросламу: строгія правілы гульні, сур’ёзны спартыўны азарт удзельнікаў і балельшчыкаў, непрадузятае журы… Мерапрыемства прайшло на базе сталічнай гімназіі № 50 і сабрала 30 каманд і больш за сотню гледачоў. Незвычайны і відовішчны турнір стаў яшчэ больш цікавым з-за тэматыкі выбраных спаборніцтваў: на гэты раз робаты спаборнічалі ў сумо.

У гэтыя дні ў Беларусі праходзяць фестываль японскай культуры “Японская восень у Беларусі”. Як адзначыў Пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Сігэхіро Міморы, адкрываючы турнір, “Японія займае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па вытворчасці робатаў, больш за тое, робаты сталі часткай сучаснай культуры краіны. Таму мы і рады падтрымаць развіццё гэтага кірунку ў Беларусі”.
Найбольш жа ўстойлівыя асацыяцыі з Японіяй — гэта менавіта робаты і сумо. Вось гэтую ідэю і падхапілі арганізатары турніру — грамадскае аб’яднанне ўсходняй культуры і традыцый “Хагакурэ” і адзін з рэпетытарскіх цэнтраў. Непасрэдныя ж удзельнікі спаборніцтваў — выхаванцы многіх сталічных школ і гурткоў робататэхнікі як у прыватных арганізацыях, так і ў дзяржаўных установах — з азартам узяліся за падрыхтоўку. Задоўга да пачатку спаборніцтваў прадумвалі канструкцыю сваіх робатаў, забяспечваючы іх шматлікімі датчыкамі, маторамі. Кожная каманда рыхтавала свайго робата тайком ад іншых, такім чынам ніхто не ведаў, што іх чакае на татамі. Ад гэтага спаборніцтва было яшчэ больш эмацыянальным і захапляльным як для саміх удзельнікаў, так і для гледачоў, дарэчы, самага рознага ўзросту. Зусім малыя дзеці з непадробным захапленнем разглядвалі “сумаістаў”, сачылі за кожным раўндам гэтак жа, як і іх бацькі.
Увогуле, відавочна, што робататэхніка становіцца ўсё больш папулярнай сярод падлеткаў. Падчас турніру ў гэтым давялося ўпэўніцца не толькі гледзячы на ўдзельнікаў турніру, але і на шматлікіх гледачоў, якія не з меншым азартам, чым самі ўдзельнікі, назіралі за незвычайнымі спаборніцтвамі. Татамі, размешчаныя на сталах, раз за разам абступалі шчыльным колам гледачы, імкнучыся не прапусціць ніводнага моманту захапляльных паядынкаў, кожны з якіх, як і ў сапраўдным сумо, быў непрадказальным.
Нагадаем, што І Мінскі адкрыты турнір прайшоў у сталіцы ў маі і быў прысвечаны чэмпіянату свету па хакеі. “Разумныя машыны” ў той раз спаборнічалі ва ўменні забіваць шайбы і абыходзіць на лёдзе праціўнікаў. Зараз жа перад юнымі канструктарамі стаяла іншая задача: сканструяваць і запраграмаваць сваіх робатаў такім чынам, каб яны выпхнулі праціўніка з татамі. І, трэба адзначыць, адной сілы (у перакладзе на мову робатаў — магутнасці) тут недастаткова: у ход ішлі і нечаканыя прыёмы, і нестандартныя тэхнічныя рашэнні. Пры гэтым усе былі абмежаваны строгімі правіламі: не выйсці за гранічную масу ў адзін кілаграм і ўпісацца ў зададзеныя рамкі па шырыні і даўжыні.
Каб выканаць усе гэтыя патрабаванні і стварыць жыццяздольнага і моцнага робата-сумаіста, школьнікам неабходны былі пэўныя веды ў фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы і, безумоўна, неверагодная працаздольнасць і мэтанакіраванасць.
— Гэта вельмі запатрабаваны кірунак. З аднаго боку, у дзяцей фарміруюцца веды і навыкі, якія тычацца вучэбнага прадмета “Інфарматыка” (тэхнічнае мышленне, уменне складаць праграмы, прадумваць алгарытмы), з другога — дзеці вывучаюць той жа матэрыял, што і ў школе, але ў больш цікавай гульнявой форме, — адзначыў падчас спаборніцтваў адзін з членаў журы выкладчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Кутыш. — У выніку матывацыя ў дзяцей павышаецца неверагодна. Для большасці сённяшніх удзельнікаў гэта ўжо значна больш, чым проста захапленне. І ў той жа час проста неверагодны драйв, эмоцыі, запал.
Дарэчы, журы падчас спаборніцтваў было даволі прадстаўнічым. Узначальваў яго сузаснавальнік кампаніі EPAM Леанід Лознер, а ў склад журы ўвайшлі выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі вядучых тэматычных кампаній краіны. Менавіта яны і вызначылі па выніках шматлікіх раўндаў пераможцу. Нечакана для ўсіх ім стаў васьмігадовы Ян Францкевіч — самы малодшы ўдзельнік спаборніцтваў. Яго, між іншым, можна назваць абсалютным персможцам турніру, паколькі Ян заняў 1 месца не толькі ў спаборніцтвах сумо, але і ў творчым конкурсе, на які ўдзельнікі прадстаўлялі робатаў, якія здольны дапамагчы людзям у звычайным жыцці.

***

У наступныя выхадныя ў краіне ўпершыню пройдзе нацыянальны этап Сусветнай алімпіяды робатаў, пераможцы якога змогуць трапіць на сусветныя спаборніцтвы сярод 51 краіны свету, што пройдуць у лістападзе бягучага года ў Сочы.

Наталля ІЛЬІНА.
Фота аўтара.