Зрабіць кнігу для дзяцей не так проста

- 15:09Культура, Рознае

Вельмі часта пра дзіцячае кнігавыданне мы гутарым з пісьменнікамі. Радзей — з мастакамі. Гутарым і з кіраўнікамі розных выдавецтваў. А вось з рэдактарамі, тымі, хто найперш спрыяе нараджэнню кнігі, — намнога радзей. Мы задалі некалькі пытанняў вопытнаму і аўтарытэтнаму супрацоўніку Выдавецкага дома “Звязда” Вользе Аляксеевай. Тэма размовы — кнігі, адрасаваныя дзецям.

— Вольга, аддзел кніжнай групы Выдавецкага дома “Звязда”, якім вы кіруеце, шмат займаецца дзіцячай кнігай. Хацелася б ведаць вашу агульную ацэнку дзіцячага кнігавыдання ўвогуле ў нашай краіне. Як вам уяўляецца гэты кірунак? Ці задавальняе ён попыт чытача?
— Думаю, што павінен задавальняць. Дзіцячых кніг выдаецца вельмі шмат, яны даволі разнастайныя па ўсіх параметрах. І сярод іх вялікага мноства кожны можа знайсці нешта цікавае для сябе. Аўтары стараюцца пісаць па-сучаснаму, што вельмі немалаважна, мастакі ўводзяць нешта незвычайнае ў афармленне. Працэс гэты даволі цікавы. І разам з тым выдаюцца класічныя кнігі, якія былі ў нашым дзяцінстве, у дзяцінстве нашых татаў і матуль.

— Працуючы над дзіцячай кнігай, вы перш-наперш думаеце пра юнага чытача ці пра яго бацькоў, якія прымаюць рашэнне, якую кнігу набыць?
— Сказаць, што думаю пра кагосьці аднаго, не магу. Думаю і пра дзяцей, і пра іх бацькоў. Вельмі важна, каб кніга выглядала так, каб яна зачапіла ўжо сваім вонкавым выглядам. Іншая справа — змест. Хтосьці хоча чытаць свайму дзіцяці казкі па-беларуску, хтосьці выбірае кнігу на рускай мове. І нам трэба з увагай адносіцца і да тых, і да другіх. Але, вядома ж, пры стварэнні кнігі трэба найперш думаць пра маленькага чытача. Зрабіць кнігу — гэта не так проста, як можа падацца на першы погляд. Існуюць нормы, якіх кнігавыдаўцы павінны прытрымлівацца. Яны тычыцца шрыфту, памеру літар, колькасці ілюстрацый. Часам мы бываем абмежаванымі ў сваіх памкненнях. Але ў любым выпадку сваю працу мы робім з пачуццём вялікай адказнасці.

— Ці часта здараецца, што ў Выдавецкі дом прыходзяць аўтары з новымі яркімі творамі? Ці вам даводзіцца адшукваць іх — таленавітых аўтараў?
— Раз на раз не прыходзіцца. Канечне, мы стараемся друкаваць тых, каго ўжо сёння можна назваць класікамі ў дзіцячай літаратуры. Гэта Анатоль Зэкаў, Раіса Баравікова, Алесь Бадак, Віктар Гардзей, Уладзімір Мазго, Алена Масла, Мікола Чарняўскі, Міхась Пазнякоў (прашу прабачэння, што не называю ўсіх). Мы звяртаемся да іх з прапановай зрабіць які-небудзь цікавы праект, і яны з задавальненнем згаджаюцца. Але, безумоўна, прыходзяць да нас і тыя, хто яшчэ ніколі не меў уласнай кнігі. Часам і сярод такіх трапляюцца таленавітыя людзі.

— А калі гаварыць пра жанры, то што сёння пераважае ў дзіцячай літаратуры: апавяданні, вершы, казкі?
— Цяжка сказаць. У беларускамоўных пісьменнікаў — розныя. Гэта і казкі, вершы, загадкі, розныя смяшынкі, блытанкі, скорагаворкі. Кнігі на рускай мове — гэта часцей за ўсё вершы. Вось літаральна ў апошні час мы выдалі кнігі Наталлі Ігнаценка, Яніны Жабко, Віктара Кудлачова і інш. На другім месцы, відаць, я назаву казкі і казачныя аповесці. А вось што тычыцца апавяданняў, то іх нестае як сярод рускамоўных твораў, так і сярод беларускамоўных.

— Выдавецкі дом “Звязда” выпусціў некалькі кніг, якія носяць выразна зададзены выхаваўчы, адукацыйны напрамак. Напрыклад, яны вучаць бяспецы паводзін. Раскажыце, калі ласка, пра гэтыя кнігі больш падрабязна. Наколькі яны, на ваш погляд, запатрабаваныя?
— Так, сапраўды, сёлета мы запусцілі дзве новыя кніжныя серыі — “Вясёлы калейдаскоп” і “Про безопасность детям”. Апошняя на самай справе стваралася мэтанакіравана. І хутчэй — для бацькоў. Гэта серыя кніг, дзе ў форме казкі апавядаецца пра правілы паводзін на вадаёме і паблізу яго, пра тое, як арыентавацца ў лесе (што непажадана, а што можна там рабіць), і, безумоўна, пра правілы паводзін на дарозе, а таксама правілы пажарнай бяспекі. Стварыў гэтыя кніжкі пісьменнік Генадзь Аўласенка, ілюстрацыі выканала мастачка Аксана Аракчэева. Гэты праект падтрымалі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўтаінспекцыя. Яны папярэдне знаёміліся з рукапісамі кніг, і, улічыўшы ўсе заўвагі, мы запускалі кнігу ў вытворчасць. Чытаць гэтыя кніжкі не толькі цікава, але яшчэ і вельмі карысна.

— Каго б з аўтараў вы назвалі адкрыццём менавіта Выдавецкага дома “Звязда”?
— Смела назаву імя маладога казачніка Дзмітрыя Саўчыка. Пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, здаецца, да знаёмства з намі ўжо мела адну кнігу, але тым не менш ужо тры яе кнігі выдадзены ў нас, супрацоўніцтва на гэтым не спыняецца. Летась мы працавалі з тэлевядучай Вікторыяй Сянкевіч — выдалі яе кніжку пад назвай “Любопытная устрица”.

— Наколькі вялікую ролю ў дзіцячай кнізе адыгрывае ілюстрацыя?
— Безумоўна, вялікую. Прызнаюся, часам мастак можа зрабіць нават большую працу, чым пісьменнік. Мы нават жартуем, што імя мастака можна выносіць на вокладку. Жарты жартамі, але думаю, што ў хуткім часе мы ўвядзём гэта ў практыку. У любым выпадку нельга сказаць, што кніга — гэта творчы набытак толькі пісьменніка, гэта яшчэ і прадмет гонару для мастака.

— Ведаю, што Выдавецкі дом “Звязда” шмат працуе з маладымі мастакамі… У гэтым выяўляецца пэўная мэта? Вы арыентуецеся на творчую моладзь?
— Чаму б не? Ім таксама трэба дапамагчы праявіць, раскрыць сябе. Можа быць, хтосьці з маладых стане ў будучым вядомым кніжным графікам. А мы будзем ганарыцца тым, што ён пачынаў калісьці ў нас. Пастаяннае супрацоўніцтва мы маем з мастачкамі Марысяй Лось, Данай Руновай. Яны значна выраслі ў прафесійным плане, калі, напрыклад, параўноўваць іх першыя кнігі з тымі, што выдаюцца сёння. Ангеліна Вашчанка, Кірыл Задворны, Уладзіслаў Яраслаўцаў — вось імёны тых, хто літаральна нядаўна далучыўся да кніжнай справы. Іх работы нам спадабаліся, кожны з іх мае ўжо ў сваім творчым набытку як мінімум па адной кнізе і працуе над наступнай.

— Чаго не хапае дзіцячай кнізе?
— Магчымасцей паліграфіі. З зайздрасцю гляджу на нямецкія, літоўскія, украінскія кнігі. Аўтараў у нас хапае. І твораў добрых хапае. І мастакі ідуць у нагу з часам. Не хочацца стаяць на месцы, хочацца рабіць нешта новае і цікавае.

— Дарэчы, каго з класікаў, хто актыўна працаваў для дзяцей, вы гатовы сёння ахвотна перавыдаваць?
— З класікаў — любога. І хоць прама заўтра. Я сама выхавалася на класічных вершах, таму з задавальненнем выдала б казкі Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, апавяданні Змітрака Бядулі, вершы Цёткі. Гэта тыя людзі, якія пачыналі беларускую дзіцячую літаратуру. І, канечне ж, класікаў канца ХХ стагоддзя: Уладзіміра Караткевіча, Янку Маўра, Паўла Місько, Васіля Вітку, Максіма Танка, Уладзіміра Мацвеенку і многіх іншых.

Гутарыў Максім ЖАЛЕЗІНКА.
Фота Наталлі АСМОЛА.