Кнігі і метал

- 15:41Культура, Рознае

22—23 кастрычніка адбыўся ІІ Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, прысвечаны 70-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю вышэйшай бібліятэчнай адукацыі ў Беларусі. У рамках кангрэса працавалі дзве міжнародныя канферэнцыі — “Інфармацыйнае грамадства і грамадства ведаў: роля і месца бібліятэк” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі “Бібліятэчная адукацыя: традыцыі і навацыі” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. А яшчэ ў першы дзень гэтага вялікага бібліятэчнага форуму яго ўдзельнікаў чакаў прыемны мастацкі сюрпрыз — адкрыццё выставы “Разумны метал” у галерэях “Ракурс” і “Лабірынт”.

ІІ Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры” сабраў каля 500 вучоных і спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы з Азербайджана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны. Пленарнае пасяджэнне было адзначана грунтоўнымі дакладамі дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, дэкана факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікалая Яцэвіча, дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі Украіны для юнацтва Георгія Сапрыкіна, прадстаўнікоў Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М.Ельцына і Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Беларускія спікеры неаднойчы падкрэслівалі знакавасць супадзення дзвюх юбілейных дат — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя вышэйшай бібліятэчнай адукацыі ў нашай краіне. Як гэта ні парадаксальна, але пра аднаўленне знішчанага і разрабаванага фашыстамі айчыннага бібліятэчнага фонду беларускі ўрад пачаў клапаціцца яшчэ ў пачатку вайны. У прыватнасці, 12 лістапада 1942 года Саўнаркам БССР прыняў пастанову “Аб стварэнні кніжных фондаў Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі”. А ў 1944 годзе, як вядома, у складзе Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага быў створаны бібліятэчны факультэт, на базе якога ў 1975 годзе паўстаў Мінскі інстытут культуры (сённяшні БДУКіМ).
Мікалай Яцэвіч асобна спыніўся на цяперашніх бедах факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый. Дастаткова параўнаць гэтыя красамоўныя лічбы, якія не патрабуюць каментарыяў: у 1972 годзе на факультэце вучылася 730 чалавек на стацыянары і больш за тысячу чалавек на завочным аддзяленні, сёлета ж на дзённую і завочную форму навучання паступіла ўсяго 111 студэнтаў, з іх 11 платнікаў. У той жа час, заўважыў дэкан, факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ мае дзяржаўны заказ на маладых спецыялістаў ад бібліятэк краіны да 2020 года, і ў сярэднім на кожнага спецыяліста прыпадае каля дзвюх заявак ад бібліятэчных устаноў. Мікалай Яцэвіч таксама падкрэсліў, што патрабуе перагляду падыход да мэтавага набору студэнтаў. На думку дэкана, пра яго мэтазгоднасць сёння не даводзіцца гаварыць ужо хоць бы з прычыны нязначнага конкурсу на факультэт сярод абітурыентаў. Зноў жа, для параўнання: у 2002 годзе ён быў больш за 3 чалавекі на месца, сёлета ж склаў усяго 1,5 чалавека. “Абітурыенты і ў першую чагу іх бацькі даўно ўжо вызначыліся, што атрымліваць мэтавае накіраванне і потым абавязкова адпрацоўваць 3—5 гадоў па размеркаванні, — іх не задавальняе”, — адзначыў Мікалай Яцэвіч.
Яшчэ адна праблема, якую агучыў М.Яцэвіч, гэта пэўная нелюбоў выпускнікоў факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый да інстытута магістратуры.
— Кожны з іх задаецца пытаннем: “А кім я буду пасля заканчэння магістратуры?” — заўважыў дэкан. — І адказаць на гэтае пытанне, сапраўды, вельмі цяжка, таму што, на жаль, у нашай краіне не вызначаны сацыяльны статус магістра, не вызначаны пасады, якія ён можа займаць падчас работы ў бібліятэцы. І ўсё гэта, безумоўна, не спрыяе конкурсу пры паступленні ў магістратуру.
Тым не менш закончыў сваё выступленне Мікалай Яцэвіч на аптымістычнай ноце. Жыццё працягваецца: на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый праводзіцца “ўся магчымая і немагчымая” прафарыентацыйная работа, функцыянуе сістэма бесперапыннай бібліятэчнай адукацыі, створаны нацыянальныя вучэбна-навуковыя комплексы. А зусім нядаўна здарылася вельмі прыемная навіна: адзін з выпускнікоў факультэта абараніў кандыдацкую дысертацыю. Дарэчы, навуковым кіраўніком у яго быў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.
Аўтару гэтых радкоў вельмі запомнілася выступленне дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі Украіны для юнацтва Георгія Сапрыкіна, асабліва яго цытаванне цікавых філасофскіх пасажаў вядомага англійскага пісьменніка-фантаста Ніла Геймана. Вось, напрыклад, адзін з іх: “Аднойчы я (Ніл Гейман. — М.Ч.) быў у Нью-Ёрку і пачуў размову пра будаўніцтва прыватных турмаў. Гэтая індустрыя імкліва развіваецца ў Амерыцы. І, як усялякая галіна эканомікі, яна павінна планаваць свой будучы рост — колькі камер спатрэбіцца, колькі зняволеных будзе праз 15 гадоў. І яны выявілі, што могуць прадказаць усё гэта вельмі лёгка пры дапамозе найпрасцейшага алгарытму, заснаванага на падліку — які працэнт дзесяці-адзінаццацігадовых дзяцей не ўмеюць чытаць”. “Карацей, калі мы эканомім на культуры, значыць, будзем укладваць грошы ў будаўніцтва турмаў. Бо свет не бывае пустым”, — пракаменціраваў словы Ніла Геймана Георгій Сапрыкін.
І яшчэ з працытаванага ўкраінскім госцем усё таго ж Н.Геймана: “У 2007 годзе я быў у Кітаі на першым ухваленым партыяй канвенце па навуковай фантастыцы і фэнтэзі. І я запытаў у афіцыйных прадстаўнікоў улады: “Чаму вы ўсё-такі далі дазвол на правядзенне такога форуму? Навуковую ж фантастыку вы доўга забаранялі. Што змянілася?” Усё вельмі проста, яны мне адказалі. Кітайцы ствараюць цудоўныя рэчы, калі ім прыносяць схемы. Але яны нічога не паляпшаюць і не прыдумваюць самі. Таму кітайская дэлегацыя прыехала ў ЗША, наведала “Эпл”, “Майкрасофт”, “Гугл”, распытала людзей, якія ствараюць будучыню ўжо сёння. Як высветлілася, усе гэтыя людзі чыталі навуковую фантыстыку, калі былі хлопчыкамі і дзяўчынкамі”.
Пасля пленарнага пасяджэння самыя разнастайныя актуальныя праблемы бібліятэчнай справы ўдзельнікі ІІ Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” абмеркавалі ў секцыях “Бібліятэка як элемент інфармацыйнай і сацыякультурнай прасторы краіны”, “Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне бібліятэчных інфармацыйных сістэм”, “Кніжныя помнікі: праблемы выяўлення, захавання і даследавання”, “Бібліятэкі, архівы, музеі і Вялікая Айчынная вайна”. У рамках форуму былі праведзены спецыялізаваныя круглыя сталы “Нарматыўнае прававое забеспячэнне бібліятэчнай дзейнасці”, “Прафесійная супольнасць: да перазагрузкі свядомасці” і “Універсальная дзесятковая класіфікацыя ў лінгвістычным забеспячэнні інфармацыйна-пошукавых сістэм бібліятэк Беларусі”, а таксама быў дадзены шэраг майстар-класаў (“Універсітэцкая бібліятэка анлайн: інтэрфейс, кнігазабяспечанасць, сэрвісы бібліятэкара, электроннае навучанне, антыплагіят, медыятэка”, “Прасоўванне інфармацыйных прадуктаў і паслуг”, “Ключавыя напрамкі пераўтварэння бібліятэк у эпоху лічбавых камунікацый” і інш.).
Вялікая рэспубліканская мастацкая выстава “Разумны метал” стала цудоўным упрыгажэннем бібліятэчнага форуму, адмысловым металічным суправаджэннем папяровага тэксту, нібыта нагадаўшы, што некалі, яшчэ не так і даўно, вытворчасць кніжнай прадукцыі не абыходзілася без металічнага друкарскага набору… Каля сямідзесяці мастакоў з розных рэгіёнаў нашай краіны (прычым, што цікава, не толькі прафесійныя “металісты” — такія як Віктар Старухін, Аляксей Літвінаў і Валерый Малахаў, але і скульптары-станкавісты, напрыклад, Уладзімір Слабодчыкаў, Віктар Копач, Алег Купрыянаў, дызайнеры ў асобе свайго самага яркага прадстаўніка старшыні Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрыя Сурскага, нават мастакі-жывапісцы і тэкстыльшчыкі) сваімі творамі наглядна прадэманстравалі сутнасць слоў аўтара канцэпцыі і куратара экспазіцыі вядомай мастацтвазнаўцы Ларысы Фінкельштэйн: “Метал шматаблічны. Характар яго супярэчлівы і часам непрадказальны. Ён то гнуткі і моцны, як атлет, то крохкі і безабаронны, як нямоглы стары”.
Кнігі і метал, дух і плоць, неба і зямля… А паміж імі, у іх, за імі і над імі… як і тысячу гадоў назад, так і сёння — Чалавек-творца.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.