З Казахстана ў Беларусь павысіць кваліфікацыю

- 11:33Рознае, Якасць адукацыі

На мінулым тыдні ў Мінску на факультэце павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі БДПУ імя Максіма Танка праводзіліся заняткі для педагогаў Казахстана па адукацыйнай праграме “Менеджмент і самаменеджмент кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі”. Беларусь наведалі пераважна кіраўнікі казахстанскіх дашкольных устаноў як вялікіх гарадоў, так і сельскай мясцовасці. Паездка стала магчымай дзякуючы грамадскаму недзяржаўнаму аб’яднанню — Савету дашкольных арганізацый “Нур Болашак” Астаны, у які ўваходзіць каля 2000 дашкольных устаноў краіны.

Заняткі для педагогаў праходзілі на працягу тыдня, праводзілі іх выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка і педагогі-практыкі — загадчыкі вядучых дашкольных устаноў сталіцы. Сярод іх кандыдат педагагічных навук дацэнт Ірына Уладзіміраўна Шасцітка; кандыдат педагагічных навук дацэнт Вольга Валер’еўна Клязовіч, якая раней працавала ў дашкольнай установе; старшы выкладчык Наталля Вячаславаўна Быcтракова, спецыяліст па інфарматыўных тэхналогіях, стварэнні інтэрактыўных прадуктаў; Святлана Аляксееўна Важнік, метадыст вышэйшай катэгорыі, спецыяліст па выяўленчай дзейнасці; Святлана Міхайлаўна Кабачэўская, кандыдат педагагічных навук, таксама практык (у яе музычная адукацыя).
— Мы на лекцыях і занятках абмяркоўвалі з гасцямі тэмы, якія заўсёды запатрабаваны ў педагогаў, незалежна ад пасады, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Падчас круглых сталоў і дзелавых гульняў гаворка ішла аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі Беларусі. Навучанне мела практыка-арыентаваны характар: педагогі асвойвалі тэхналогію камандаўтварэння, вучыліся арганізоўваць і праводзіць эфектыўныя педсаветы (на сёння гэта ў спецыялістаў адна з самых запатрабаваных тэм).
Адбыўся трэнінг па ўменні кіраўнікоў вырашаць канфліктныя сітуацыі, лекцыя па нарматыўным забеспячэнні дашкольнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь, практычныя заняткі па стварэнні інтэрактыўных адукацыйных прадуктаў для дзяцей дашкольнага ўзросту.
В.В.Клязовіч, якая праводзіла заняткі па тэхналогіі планавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі, сёння загадвае кафедрай прыватных методык факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі, а ў мінулым 16 гадоў працавала ва ўстанове дашкольнай адукацыі, расказала слухачам, як трэба ажыццяўляць нарматыўнае прававое і зместавае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе.
Прайшлі для казахстанскіх педагогаў заняткі па прафілактыцы псіхаэмацыянальнага напружання дашкольнікаў праз альтэрнатыўныя тэхнікі выяўленчай дзейнасці. Асобныя заняткі былі прысвечаны ролі музычнага асяроддзя ў выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту: педагогі вучыліся з дапамогай спецыфічнай музычнай атмасферы развіваць у малышоў пачуццё прыгожага і ствараць паміж імі ў групе спрыяльныя ўзаемаадносіны і добры настрой.
Была арганізавана паездка гасцей у мінскія яслі-сады №№ 20 і 118, падчас якой адбыўся актыўны ўзаемаабмен вопытам. Напрыканцы напружанага “вучэбнага тыдня” ў БДПУ імя Максіма Танка выкладчыкі і слухачы-госці падвялі вынікі. Размова ішла аб перспектыўных кірунках павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, а таксама аб доўгатэрміновым двухбаковым супрацоўніцтве Казахстана і Беларусі ў плане абмену вопытам і аб прадастаўленні беларускім бокам адукацыйных паслуг для казахскіх спецыялістаў дашкольнай сферы.
— У Казахстане сёння запатрабавана прафесійная перападрыхтоўка кадраў дашкольнай адукацыі, таму прадстаўнікі гэтай сферы праяўляюць вялікую зацікаўленасць у гэтым кірунку, — адзначае дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі І. У.Шасцітка. — Казахстанскія калегі адзначаюць, што спецыялісты з Беларусі валодаюць высокім узроўнем ведаў і яны гатовы плаціць за тое, каб мы іх вучылі. Такая патрэба ёсць не толькі ў выхавальнікаў, але і ў кіраўнікоў садоў, метадыстаў — некаторыя спецыялісты пакуль не маюць профільнай адукацыі, каб мець магчымасць працаваць у адпаведнасці са спецыяльнасцю. У нас такую кваліфікацыю можна атрымаць на працягу двух гадоў завочнага навучання на базе ўніверсітэта па спецыяльнасці перападрыхтоўкі “Дашкольная адукацыя”. Таксама мы ажыццяўляем перападрыхтоўку кадраў па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. З гэтай мэтай распрацаваны тыпавыя і вучэбныя планы, стандарты перападрыхтоўкі.
— У 90-я гады пасля распаду Савецкага Саюза дашкольныя ўстановы ў Казахстане былі або закрыты, або расфарміраваны на 70 працэнтаў. Сёння сітуацыя зусім іншая, — падкрэсліла ў гутарцы старшыня Савета дашкольных арганізацый “Нур Болашак” з Астаны Д.С.Амарава, асноўны арганізатар і спонсар паездкі. — Актыўна ідзе рэалізацыя праграмы “Балапан” (“Кураня”), разлічанай на 2010—2020 гады, мэта якой — дасягнуць такога ўзроўню дашкольнай адукацыі, каб кожнае дзіця атрымала магчымасць наведвання дашкольнай установы. Ужо зараз, праз 4 гады пасля прыняцця праграмы 67 працэнтаў дзяцей (ад 3 да 7 гадоў) наведваюць дзіцячыя сады.
У нашай краіне расце нараджальнасць, і нядаўна з’явіўся новы лозунг: 100 дзіцячых садоў і 100 школ пабудаваць за 5 гадоў. Гэтая праграма выканана на 90 працэнтаў, хаця і пяці гадоў не прайшло. У краіне дзейнічае больш за 10 тысяч прыватных дзіцячых садоў і 4,5 тысячы дзяржаўных. Будуюцца дзяржаўныя ўстановы — тыпавыя, у сучасным стылі, з вельмі добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай, разнастайным прадметна-развіццёвым асяроддзем. Многія прадпрымальнікі адкрываюць прыватныя ўстановы, цэнтры развіцця, кансультацыйныя пункты, сямейныя дзіцячыя сады. Існуе сістэма дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Напрыклад, прадпрымальніку будзе бясплатна выдзелена на пэўны тэрмін зямля для будаўніцтва будынка сада, прадастаўлены падатковыя льготы. У той жа час прыватныя сады выконваюць дзяржаўны заказ па забеспячэнні дзяцей месцамі ў дашкольных установах. У такіх дзяржаўна-прыватных садах частку расходаў на дзяцей бярэ на сябе дзяржава, а частку — бацькі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.