Дзіцяча-юнацкі турызм: сем разоў адмераць…

- 12:34Выхаваўчая прастора, Рознае

На мінулым тыдні на базе ўстаноў адукацыі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці прайшоў Рэспубліканскі семінар-нарада дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў сродкамі турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Гэта заяўленая тэма. У ходзе семінара яе можна было дапоўніць і назваць мерапрыемства так: “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў сродкамі турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўмовах аптымізацыі”.

Спектр пытанняў, якія разглядаліся ўдзельнікамі семінара, выйшаў далёка за межы грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Усё ж такі падобны семінар для кіраўнікоў цэнтраў турызму і краязнаўства праводзіўся на рэспубліканскім узроўні два гады назад. І, канечне, за гэты час сабралася шмат пытанняў, звязаных з арганізацыяй турыстычна-краязнаўчай работы, перспектывамі развіцця турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, міжнародных сувязей, сацыяльнага партнёрства, удасканальваннем заканадаўчай і нарматыўна-прававой базы дзіцяча-юнацкага турызму і летняга аздараўлення навучэнскай моладзі, прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Чырвонай ніткай праз выступленні, прапановы, абмеркаванні праходзіла тэма аптымізацыі.
Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Уладзіміраўны Ануфровіч, у краіне функцыянуюць 334 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У цэлым колькасць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі зніжаецца. Пры гэтым назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі. Акрамя таго, дзейнічае 148 профільных устаноў, сярод якіх 69 турыстычна-краязнаўчых. Яны з’яўляюцца арганізацыйна-метадычнымі цэнтрамі па турыстычна-краязнаўчай рабоце ў сваіх рэгіёнах. На іх базе функцыянуе больш за 2 тысячы аб’яднанняў, пры гэтым іх колькасць у выніку аптымізацыі таксама змяншаецца.

Працэс аптымізацыі актуальны не толькі для беларускай, але і расійскай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ператварэнне цэнтраў у асобныя аддзелы, скарачэнне колькасці гурткоў, клубаў — гэта не толькі беларускія рэаліі. І, дарэчы, рэаліі не абавязкова толькі сумныя. Па словах дырэктара Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міхаіла Міхайлавіча Бастанджоглы, некаторым рэгіёнам аптымізацыя пайшла толькі на карысць.
— Аднак і вялікія людзі робяць памылкі, таму трэба сем разоў адмераць і вельмі акуратна адрэзаць, бо часцей за ўсё мы “адразаем” вопытных педагогаў, якіх у нас і так засталося вельмі мала. Але самае галоўнае — мы “адразаем” дзяцей, і пра гэта трэба кожны раз думаць, а пры прыняцці рашэння трэба раіцца са спецыялістамі і кіраўнікамі цэнтраў, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Семінар нездарма праводзіўся ў Мінскай вобласці. У гэтым рэгіёне назапашаны багаты вопыт у сістэме дадатковай адукацыі, у тым ліку турыстычна-краязнаўчага профілю. Пры гэтым цэнтры турызму і краязнаўства не толькі не скарачаюцца, а, наадварот, адкрываюцца. Яскравы прыклад — Дзяржынскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства, які пачаў функцыянаваць у 2012 годзе ў знакамітым Станькаве і на базе якога праходзіў першы дзень работы семінара.
Як паведаміла першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Жанна Аляксандраўна Варабей, у вобласці функцыянуе 55 устаноў дадатковай адукацыі, з іх больш як палова — шматпрофільныя. Асаблівая роля ў развіцці турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці адводзіцца 15 установам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю. У гэтым годзе ў гэтых цэнтрах дзейнічаюць 542 аб’яднанні па інтарэсах, у якіх займаецца каля 8 тысяч навучэнцаў. Пры цэнтрах функцыянуюць круглагадовыя і сезонныя турыстычныя базы. Найлепшыя ўмовы для пражывання створаны ў Дзяржынскім, Слуцкім, Салігорскім, Бярэзінскім, Барысаўскім, Мінскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім раёнах.

Сучасны кіраўнік, асабліва ўстановы дадатковай адукацыі, фарміруе эканоміку сваёй установы, прадастаўляючы насельніцтву паслугі і далучаючы пры гэтым пазабюджэтныя сродкі. За 9 месяцаў бягучага года 15 установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю вобласці зароблена каля 6 млрд рублёў, з якіх больш за 3 млрд — гэта плата за пражыванне на турыстычных базах цэнтраў і каля 3 млрд — плата за экскурсійнае абслугоўванне і іншыя паслугі. Заробленыя сродкі цэнтры выкарыстоўваюць для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сваіх устаноў, аплаты дадатковых ставак метадыстаў, адміністратараў, спецыялістаў, якія працуюць па экскурсійным кірунку. Гэта дазваляе больш якасна арганізаваць і развіваць сучасныя кірункі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі.
Пры гэтым бяздумнай траты бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў у Мінскай вобласці няма. Кожны рубель, як кажуць, на ўліку. Так, у Дзяржынскім раёне, як адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Вацлаў Іванавіч Матусевіч, адмовіліся ад масавасці дадатковай адукацыі. І ўсе гурткі сёння адкрыты пад персанальную адказнасць кіраўніка.
Па словах Жанны Аляксандраўны, для якаснай арганізацыі ўсіх кірункаў дзейнасці сістэмы дадатковай адукацыі патрэбны зацікаўленыя і прафесійныя работнікі. Таму кадравае пытанне з’яўляецца надзвычай актуальным. Напрыклад, у Мінскай вобласці наладжана цеснае супрацоўніцтва з Салігорскім дзяржаўным педагагічным каледжам. Толькі ў гэтым годзе яго выпускнікі сталі педагогамі ў васьмі ўстановах дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Для павышэння кваліфікацыі і абмену вопытам у гэтым годзе былі праведзены чатыры абласныя семінары для кіраўнікоў і метадыстаў устаноў дадатковай адукацыі гэтага профілю і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, якія курыруюць гэтыя пытанні. Каардынатарам выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з’яўляецца Мінскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр.
— Калі нам удасца забяспечыць сучаснае развіццё самой сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, тады не будзе ўзнікаць пытанне аб мэтазгоднасці яе існавання, — адзначыла Жанна Аляксандраўна.

Як будуць функцыянаваць пэўныя цэнтры, залежыць ад кожнага кіраўніка ўстановы. Трэба працаваць не па-даўнейшаму, укараняць новыя формы, праекты, мець аўтарытэт у сваім раёне. Складана не пагадзіцца і са словамі Алены Уладзіміраўны Ануфровіч.
Семінар — гэта не толькі абмеркаванне актуальных пытанняў, але і абмен вопытам, слушныя прапановы. На мерапрыемстве была прадстаўлена багатая і разнастайная палітра вопыту дзейнасці абласных і раённых цэнтраў, з якімі больш падрабязна мы будзем знаёміць чытачоў “Настаўніцкай газеты”. Думаю, кожнаму з вас будзе цікава даведацца пра дзейнасць магілёўскага клуба “Віккру” і яго кіраўніка Мікалая Сяргеевіча Барысенкі — чалавека, неабыякавага да захавання памяці пра абаронцаў Айчыны. Будзе цікава пазнаёміцца і з асаблівасцямі полацкага гарадскога краязнаўчага квеста, які праводзіць Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Кожны рэгіён прадставіў нешта адметнае, незвычайнае, цікавае. А цяпер наконт прапаноў, якія актыўна выказваліся на другі дзень семінара падчас круглага стала, які прайшоў на базе фаніпальскай сярэдняй школы № 1.
* Вызначыць лепшыя музеі ўстаноў адукацыі з мэтай далейшага ўключэння іх у пералік аб’ектаў для турыстычна-экскурсійнага абслугоўвання навучэнцаў, стварэння сайта лепшых школьных музеяў Беларусі.
* Праводзіць дзіцячы кубак па турызме пад эгідай Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства.
* З мэтай захавання памяці пра абаронцаў Айчыны і абагульнення адпаведнага вопыту работы сабраць у кожным рэгіёне на прыкладзе Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства вялікую фанатэку ўспамінаў ветэранаў. Выдаць таксама штогадовы рэспубліканскі пошукавы веснік. Каардынатарам, рэдактарам зборніка гатовы стаць кіраўнік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру” абласнога Цэнтра творчасці Магілёва Мікалай Сяргеевіч Барысенка.
* Распрацаваць паняцце “адукацыйны турызм”, папулярызаваць яго.
* Падрыхтаваць матэрыялы да інструктыўна-метадычнага пісьма па развіццці дзіцяча-юнацкага турызму ў краіне.
* Рэкамендаваць установам адукацыі ўсіх узроўняў звяртацца па аказанне экскурсійных паслуг у першую чаргу ў цэнтры дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю.
* Распрацаваць праграму для педагогаў і навучэнцаў краіны “Выхадныя ў сталіцы”.
* Для далейшага супрацоўніцтва і экскурсійнага абмену падпісаць дадатковыя дагаворы аб сяброўстве і ўзаемадзеянні паміж абласцямі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Больш актыўна далучацца да мерапрыемстваў, якія праводзяцца расійскімі цэнтрамі турызму і краязнаўства.
* Выдаць кожнаму рэгіёну на прыкладзе Брэсцкай вобласці зборнік з пералікам усіх адметнасцей кожнага раёна і рэкамендацыямі наведвання аб’ектаў для замацавання пройдзенага матэрыялу па пэўным вучэбным прадмеце ў пэўным класе.
* Павышаць якасць метадычнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю.
* Больш актыўна, па словах начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыі Аляксандраўны Саротнік, выкарыстоўваць у сваёй рабоце грантавыя магчымасці.

Відавочна, што праводзіць падобныя семінары неабходна часцей, чым раз у два гады. Таму была выказана прапанова стварыць пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства савет па развіцці дзіцяча-юнацкага турызму, уключыць у савет па два чалавекі ад вобласці (з абласных і раённых цэнтраў дадатковай адукацыі), якія б сустракаліся як мінімум раз у квартал. Тады актуальныя пытанні будуць аператыўна вырашацца, а гэта будзе толькі спрыяць развіццю дзіцяча-юнацкага турызму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.