Адкрыты дыялог з моладдзю

- 11:07Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Краўцова са студэнтамі гродзенскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

Праект БРСМ “Адкрыты дыялог. Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” стаў пляцоўкай для абмеркавання шляхоў развіцця самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны, праблем, якія хвалююць студэнцтва. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам выканаўчай улады і ўносілі свае прапановы па сацыяльна-грамадскіх і эканамічных пытаннях.
Як сказаў на сустрэчы першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Ігар Бузоўскі, 2015 год у Беларусі аб’яўлены Годам моладзі, таму вельмі важна пачуць прапановы і ініцыятывы маладых людзей па яго правядзенні, напоўніць гэты год цікавымі і важнымі мерапрыемствамі.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падкрэсліў, што менавіта моладзь як найбольш актыўная частка грамадства хутчэй генерыруе і ўспрымае новыя ідэі. Гэты патэнцыял трэба выкарыстоўваць і даваць магчымасць для асабістага росту і развіцця маладых людзей. Так, у Гродне створаны тэхнапарк, у наступным годзе будзе адкрыты філіял Парка высокіх тэхналогій. Але для больш поўнай рэалізацыі ўсіх напрамкаў дзейнасці патрэбна міжуніверсітэцкая студэнцкая арганізацыя, якая б акумуліравала і дапамагала рэалізоўваць інавацыйныя ідэі і праекты. Але каб гэта пачало працаваць, ініцыятыва павінна ісці менавіта ад моладзі.
А тое, што ў моладзі шмат цікавых ідэй, паказала выстава-форум абласнога этапу праекта “100 ідэй для Беларусі”, якая адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Тут быў прадстаўлены 21 праект у намінацыях “Медыцына”, “Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць”, “Адукацыя і інфармацыйныя тэхналогіі”, “Культура, архітэктура і камунальная гаспадарка”, “Энергазберажэнне і экалогія”, “Бізнес-ідэя”.
Лепшымі былі прызнаны праекты асістэнта кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Гродзенскага медуніверсітэта Віктара Кудло “Прымяненне валакніста-порыстага фтарапласта “Грыфтэкс” для герметызацыі ранавай паверхні печані”, інжынера-тэхнолага лакаматыўнага дэпо Ліды Аляксандра Зянькевіча “Інавацыйны спосаб аднаўлення манаблокаў дызеля М756” і вучня 10 класа сярэдняй школы № 34 Гродна Арсенія Коласава. Ён стварыў прататып робата, які паўтарае лакаматорныя рухі жывых істот.
Яшчэ пяць праектаў адзначаны спецыяльнымі прызамі. Сярод намінантаў — навучэнцы Наваельнінскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Максім Калюта, гімназіі № 4 Гродна Канстанцін Грамыка, Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Антон Юркойць, аспірант Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Анатолій Дзяшук, студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Яўген Юргель, Яўген Буцько, Кірыл Кая, Аляксандр Перагудаў і магістрант Валерый Маскевіч.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Настассі КАЛАЧ.