Гісторыя роду гісторыкаў

- 12:04Людзі адукацыі, Рознае

Дзе пазнаёміцца з багатай гісторыяй педуніверсітэта, здзейсніць захапляльную вандроўку ў мінулае? Канечне, у аўдыторыях гістарычнага факультэта, а лепш за ўсё — у кабінеце дэкана, тым больш што для кожнага госця (ці то выкладчыка, ці то студэнта і яго бацькоў, ці то супрацоўніка “Настаўніцкай газеты”) дзверы тут заўсёды адкрыты.

Гэта толькі спачатку здавалася, што сустрэча з доктарам гістарычных навук прафесарам Мікалаем Міхайлавічам Забаўскім будзе праходзіць у атмасферы выключнай навуковасці, нібыта на абароне кандыдацкай дысертацыі. Усё ж такі мой суразмоўца — аўтар манаграфій, шматлікіх метадычных і навуковых работ, падрыхтаваў дактароў і кандыдатаў гістарычных навук, многія гады з’яўляецца членам савета па абароне дысертацый пры БДПУ імя Максіма Танка і БДУ, уваходзіць у склад рэдакцыйных калегій навуковых часопісаў. Аднак шчырая ўсмешка Мікалая Міхайлавіча — і ў яго кабінеце запанавала атмасфера выключнай даверлівасці.
Як сапраўдны гісторык, нашу гутарку пра традыцыі і сучаснае жыццё факультэта дэкан пачаў з аповеду пра свой радавод, а дакладней пра лёс дзядзькі Мікалая Гаўрылавіча Забаўскага, які ў 1939 годзе скончыў таксама гістарычны факультэт тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага.
— Ён быў камісарам і з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце. Пад Вязьмай трапіў у палон. Калі вярнуўся на малую радзіму ў былы Рудзенскі раён, арганізаваў на яго тэрыторыі дыверсійную групу. Баявыя аперацыі праводзіліся паспяхова, аднак у сакавіку 1944 года дзядзька загінуў. На жаль, мне не пашчасціла з ім сустрэцца, пагутарыць, даведацца ў тым ліку і пра студэнцкае даваеннае жыццё факультэта, — падзяліўся Мікалай Міхайлавіч.
Пасляваенны час… Забаўскі зноў студэнт, прычым усё таго ж педінстытута і ўсё таго ж гістарычнага факультэта. Гэта бацька Мікалая Міхайлавіча Міхаіл Гаўрылавіч, які больш за 40 гадоў працаваў намеснікам дырэктара і настаўнікам гісторыі Пярэжырскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. Гістарычны факультэт, настаўніцтва становяцца адметнай рысай роду Забаўскіх (дарэчы, старэйшая дачка Мікалая Міхайлавіча Наталля скончыла гістарычны факультэт педуніверсітэта ў 2007 годзе, а малодшая Вераніка з’яўляецца студэнткай 3 курса гістфака БДУ). Таму той факт, што пасля непрацяглай вучобы на завочным аддзяленні Кіеўскага інстытута грамадзянскай авіяцыі, работы слесарам цэха № 1 завода № 407 грамадзянскай авіяцыі Мінска і службы ў радах Савецкай Арміі Мікалай Міхайлавіч становіцца студэнтам-гісторыкам, можна назваць лёсам. А можа, вырашальную ролю адыгралі і словы бабулі, якая аднойчы сказала: “Унучак, паглядзі на бацьку-настаўніка. Ён заўсёды ходзіць у чыстай сарочцы. Навошта табе гэтыя лётчыкі?”
Рамантыка будаўнічых атрадаў, паходы, вандроўкі, праца ў архівах — многае спазнаў Мікалай Міхайлавіч у студэнцкія гады, многія традыцыі роднага факультэта ён захоўвае. Па словах дэкана, у студэнтаў гістфака заўсёды былі цудоўныя магчымасці праявіць свае здольнасці ў навуцы. Адна з прычын гэтага — прафесіяналізм і высокая кваліфікаванасць выкладчыкаў.
— Цяпер з’яўляецца больш студэнтаў-зорак, якія вылучаюцца як сваёй вучобай, так і паводзінамі, удзелам у жыцці факультэта. Мы ж у асноўным былі шэрай студэнцкай масай. Ды і адлегласць паміж намі і студэнтамі значна скарацілася. У тыя часы розніца была каласальная. Мы не маглі дазволіць сабе проста так адкрыта падысці да выкладчыка і папрасіць, напрыклад, дапамагчы напісаць артыкул. Цяпер жа дзверы майго кабінета заўсёды адкрыты. Любы студэнт можа зайсці з любой просьбай. Кожны кулік, як вядома, сваё балота хваліць, аднак наш факультэт вылучаецца сярод іншых. У першую чаргу моцнай навуковай базай, вялікай колькасцю студэнтаў і традыцыямі, асабліва традыцыямі ўшанавання памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Штогод на факультэце праводзяцца рэспубліканскія навукова-тэарэтычныя канферэнцыі, алімпіяды па ваеннай тэматыцы для школьнікаў краіны, плённа дзейнічае патрыятычны клуб “Памяць”. Дарэчы, тэма 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і
70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне чырвонай ніткай праходзіць праз усе выхаваўчыя мерапрыемствы факультэта, — паведаміў Мікалай Міхайлавіч.
Канечне, аснова факультэта — гэта навуковая дзейнасць студэнтаў, выкладчыкаў і ў першую чаргу дэкана. Мікалай Міхайлавіч з’яўляецца суаўтарам шматлікіх вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. У сваіх манаграфіях і навуковых артыкулах ён комплексна даследуе дзейнасць у Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя правых (праўрадавых), ліберальных, пранародніцкіх і сацыял-дэмакратычных партый і груп, вызначае іх адносіны да самадзяржаўя, розных аспектаў тагачаснага грамадска-палітычнага жыцця краіны. У межах дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2011—2015 гады “Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава” займаецца тэмай “Сацыяльна-эканамічнае і этнакультурнае ўзаемадзеянне Беларусі, Літвы і Украіны: уплыў на фарміраванне беларускай нацыі ў канцы XVIII — пачатку XX стагоддзя”. А вось першым поспехам на шырокім навуковым полі стала распрацоўка складанай праблемы ў беларускай гістарыяграфіі — “Удзел насельніцтва Беларусі ў выбарчых кампаніях і дзейнасці дэпутатаў краю ў расійскай Дзяржаўнай Думе ў 1906—1917 гады”. Займацца гэтай тэмай Мікалай Міхайлавіч пачаў у лістападзе 1984 года, роўна 30 гадоў назад.
Марыць пра неба, самалёты, прафесію лётчыка, а стаць гісторыкам, кіраўніком аднаго з лепшых факультэтаў вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Лёс, збег абставін? Мікалай Міхайлавіч і сам не ведае дакладнага адказу на гэтае пытанне. Вядома толькі адно: калі б гісторык усё ж такі стаў лётчыкам, то гістарычная навука многае страціла б. Як, дарэчы, многае страціла і армія, якой Мікалай Міхайлавіч ахвяраваў у імя Яе Вялікасці Гісторыі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.