Крокі насустрач

- 12:59Апошнія запісы, Рознае, Сацыяльны ракурс

Праз два тыдні, 5 снежня, будзе адзначацца Сусветны дзень валанцёрства. Сёлета спаўняецца 155 гадоў з дня заснавання валанцёрскага руху. Гэты дзень адзначаць і больш за паўтысячы студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, для якіх валанцёрства стала неад’емнай часткай жыцця.

Зараз ва ўніверсітэце дзейнічае 14 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў на кожным факультэце. Накіраванасць дзейнасці студэнтаў разнавектарная — ад рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў да клопату пра пажылых людзей і ветэранаў, але найбольшая падтрымка будучых педагогаў накіравана на дзяцей.
Найстарэйшае валанцёрскае аб’яднанне — агульнаўніверсітэцкі клуб “Міласэрнасць”. Галоўнае для яго ўдзельнікаў — дапамагчы наладзіць узаемаадносіны паміж грамадствам і асаблівымі дзецьмі. Дзіцячыя дамы, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах, адаптацыйна-аздараўленчая ўстанова “Востраў надзеі”, дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках — тут і не толькі студэнты ўжо даўно сталі частымі гасцямі. Акрамя таго, валанцёры праводзяць інфармацыйныя акцыі, дабрачынныя мерапрыемствы па прыцягненні сродкаў на набыццё пуцёвак для аздараўлення дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, самі працуюць з імі ў аздараўленчых лагерах.
Часцей за ўсё на валанцёрства знаходзяць час менавіта студэнты — актыўныя, вольныя, якія пакуль не маюць сваёй сям’і. Але Вікторыя Еўтушэнка, стараста клуба “Міласэрнасць”, запэўнівае, што педагагічны ўніверсітэт парушае гэтую тэндэнцыю: “Многія нашы выпускніцы не кідаюць тых дзяцей з інтэрнатаў ці дзіцячых дамоў, да якіх ужо прывыклі, нават калі прыходзяць працаваць у школы. Напрыклад, Дар’я Роскач, Ірына Міхалькевіч і іншыя сталі кіраўнікамі школьных валанцёрскіх атрадаў. Святлана Міхноўская пяць гадоў назад скончыла ўніверсітэт, але амаль кожны раз яна выязджае з нашымі валанцёрскімі групамі. Летам у вольны ад работы час Святлана працуе ў лагерах для дзяцей з асаблівасцямі развіцця”.
Асабліва актыўна педагагічнае суправаджэнне дзяцей з АПФР забяспечваюць студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі з валанцёрскага атрада “Роўнасць”. Менавіта яны аказваюць сацыяльна-псіхалагічную падтрымку і дапамогу дзецям з цяжкімі і множнымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця, аўтызмам, сіндромам Даўна, парушэннямі апорна-рухальнага апарату, слыху, зроку, маўлення.
“Уласна для мяне валанцёрства стала стылем жыцця, — гаворыць Кацярына Мехавіч, студэнтка другога курса факультэта спецыяльнай адукацыі. — Прынята лічыць, што быць валанцёрам — значыць аддаваць іншым свой час, свае сілы, сваю душу. На самай справе, узамен мы атрымліваем куды больш. Падчас зносін з асаблівымі дзецьмі і маладымі людзьмі, шчырымі, адкрытымі, атрымліваеш мора пазітыву. Менавіта ў іх мы вучымся перамагаць свае “не магу”, “не ўмею”. Акрамя таго, гэта цудоўная практыка, без якой бессэнсоўная любая тэорыя”.
З году ў год набывае ўсё большую папулярнасць валанцёрскі педагагічны атрад “Дзеці сталіцы”. Сваю дзейнасць вось ужо адзінаццаць гадоў ён пачынае летам на базе школ Маскоўскага раёна Мінска.
“Гэта ўнікальны праект, — гаворыць начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ імя Максіма Танка Святлана Мікалаеўна Маліноўская. — У цэнтры ўвагі студэнтаў аказваюцца тыя дзеці, якія засталіся на лета ў горадзе. Валанцёры ходзяць па дварах і менавіта там збіраюць дзяцей, арганізоўваюць з імі спаборніцтвы, майстар-класы, конкурсы, гульні. Дзякуючы падтрымцы камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, у работу праекта ўключаюцца дзеці і падлеткі дэвіянтных паводзін”.
Штогод валанцёры БДПУ праводзяць больш за 30 дабрачынных акцый, мерапрыемстваў, канцэртаў, прымаюць удзел у рэспубліканскіх акцыях “Нашы дзеці”, “Падары радасць дзецям”, “Расфарбуем вясну разам”, “Белая стужка”, “Рука дапамогі”, “Крок насустрач” і іншых. Традыцыйнай стала акцыя “Шчырая восень” ад валанцёраў Чырвонага Крыжа факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ на базе РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі. У яе межах студэнты праводзяць майстар-класы па арыгамі, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя сустрэчы. Падчас акцыі “Да дзяцей з добрымі словамі” валанцёры разам з членамі БРСМ вучаць развіццёвым тэхнікам дзяцей. Падчас іх майстар-класаў па маляванні бацькі і педагогі асвойваюць новы стыль зносін з дзецьмі з АПФР.
Дзейнасць валанцёраў БДПУ не раз адзначалася на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва БДПУ імя Максіма Танка.