Спорт на ўсе 100!

- 13:03Рознае, Спартыўныя падзеі

Як часта мы гаворым пра тое, што педагог павінен быць прыкладам для сваіх вучняў. У БДПУ гэта разумеюць дакладна. Так, у верасні тут стартаваў праект “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця”. Арганізатарамі выступілі рэктарат універсітэта і адкрытае акцыянернае таварыства “Мотавела”. Да 100-годдзя навучальнай установы найлепшыя яе студэнты атрымалі ў падарунак 100 веласіпедаў. І гэта толькі вяршыня айсберга. Пад вадой — цэласная сістэма фізічнага выхавання.

Спартыўны комплекс з басейнам, спартыўнымі і трэнажорнымі заламі сёння выкарыстоўваецца не толькі для заняткаў, але і для правядзення круглагадовай спартакіяды сярод факультэтаў універсітэта, а таксама для трэніровак зборных каманд БДПУ па розных відах спорту і спартыўных секцый для ўсіх жадаючых.
Не сакрэт, што менавіта спартыўныя дасягненні часта становяцца перавагай пры паступленні ў многія еўрапейскія і паўночнаамерыканскія ўніверсітэты. І гэта зразумела: статус установы адукацыі расце разам са спартыўнымі тытуламі яе студэнтаў. У педуніверсітэце студэнты-спартсмены на асаблівым рахунку. І магчыма, менавіта дзякуючы палітыцы рэктарата сёння тут вучыцца заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, пераможца чэмпіянату свету сярод ваеннаслужачых, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету і чэмпіён Еўропы па грэка-рымскай барацьбе Элбек Тажыеў. Сярод студэнтаў 14 майстроў спорту міжнароднага класа, 64 майстры спорту, 67 спартсменаў уваходзяць у склад нацыянальных каманд па розных відах спорту.
Імёны студэнтаў БДПУ прагучалі ў ліку ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў. Алімпіяда ў Лондане стала выпрабаваннем для плыўцоў Юліі Хітрай і Паўла Санковіча, а таксама Ганны Драбені і Настассі Яцэвіч, якія прадстаўлялі Беларусь у спартыўнай хадзьбе.
У зімовай Алімпіядзе ў Сочы прымалі ўдзел біятланісты Аляксандр Дарожка і Людміла Калінчык. А на Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне бронзавай прызёркай у камандных спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы стала Алеся Бабушкіна.
Штогод каманда БДПУ заяўляе пра сябе ў рэспубліканскай універсіядзе. Так, напрыклад, у мінулым годзе яна стала трэцяй у краіне. А студэнты Аляксандр Кокша і Паліна Пехава сталі прызёрамі Сусветнай летняй універсіяды, якая прайшла ў Казані (Расія).
Супрацоўнікі ўніверсітэта прызнаюцца, што ім блізкая клубная форма работы. Так, пад кіраўніцтвам спартыўнага клуба “Педагог” і адміністрацыі студэнцкага гарадка на базе як універсітэта, так і інтэрнатаў працуе 10 спартыўных секцый, у якіх займаецца каля 350 студэнтаў. Выкладчыкі і супрацоўнікі — актыўныя ўдзельнікі спартыўнай секцыі па валейболе. Нават для тых, хто не падзяляе любоў да спорту, сярод 35 штогадовых мерапрыемстваў універсітэта знойдзецца што-небудзь цікавае.
Што тычыцца прыкладу, размову з якога мы пачалі, то для супрацоўнікаў БДПУ праводзіцца спартакіяда па 12 відах спорту. І калі добра знаёмы студэнтам прафесар фінішуе на дыстанцыі першым, то лішніх слоў не трэба.
Дарэчы, асаблівую пазіцыю ў гэтым плане займае сённяшні рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук. Напрыканцы кастрычніка ён прымаў удзел у плавальным марафоне “Сто па сто” ў складзе адной з каманд, кожная з якіх складалася з трох пакаленняў. Пачалі марафон навучэнцы гімназіі № 20 Мінска, дзе сёлета былі адкрыты педагагічныя класы, і навучэнцы сярэдняй школы № 30, якая з’яўляецца актыўным партнёрам БДПУ. Працягнулі заплывы самыя спартыўныя студэнты ўніверсітэта, а завяршыліся спаборніцтвы эстафетным плаваннем прафесарска-выкладчыцкага складу.
Прыклад ён і ёсць прыклад!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота з архіва турклуба “Гарызонт”.