Педагогі на Эльбрусе

- 13:07Рознае, Спартыўныя падзеі

Чалавек увесь час жыве імкненнем, а калі не жыве, то проста плыве па цячэнні. Многія ўпэўнены, што мары здзяйсняюцца недзе там, за гарызонтам. А вось у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ведаюць, што якраз у “Гарызонце” яны і становяцца рэальнасцю.
Студэнцкі турыстычны клуб з такой назвай дзейнічае ва ўстанове з 1966 года і з’яўляецца найстарэйшым турклубам краіны. Дзякуючы яго ўдзельнікам, сцяг БДПУ зусім нядаўна быў узняты і на найвышэйшай кропцы Еўропы.

“А апошні наш паход быў якраз у адны з выхадных лістапада, — расказвае кіраўнік клуба Генадзь Аўчыннікаў. — Усяго праводзяцца паходы 4 катэгорый складанасці. Натуральна, што чалавек сам вызначае, наколькі ён гатовы да той ці іншай катэгорыі паходу, мы ж у сваю чаргу адкрытыя для ўсіх”.
Адны з самых цікавых — горныя падарожжы. Напрыклад, гэтым летам удзельнікі клуба “Гарызонт” узышлі на самую высокую кропку Еўропы, гару Эльбрус, вышыня якой 5642 метры. Паход быў прысвечаны 100-годдзю заснавання ўніверсітэта, і ўдзел у ім прымалі як студэнты, так і выпускнікі гэтай навучальнай установы.
Паходы пешыя, горныя, водныя, лыжныя, веласіпедныя… Будучыя педагогі не абмежаваны ў сваіх магчымасцях. Найбольш масавыя і папулярныя ва ўніверсітэце пешыя падарожжы, бо яны не патрабуюць складанай папярэдняй падрыхтоўкі.
Паходы на байдарках прасякнуты рамантызмам, аднак не кожны патэнцыяльны турыст валодае неабходнымі для іх навыкамі. Таму водным паходам у клубе папярэднічае сур’ёзная тэарэтычная падрыхтоўка. На цяперашні момант у БДПУ ўсяго адна байдарка, аднак для сапраўдных турыстаў гэта не праблема. Выратоўваюць байдаркі, узятыя напракат ці пазычаныя ў сяброў.
Нягледзячы ні на што, студэнты БДПУ штогод адкрываюць водны сезон. Як правіла, адбываецца гэта на рацэ Іслач непадалёк Валожына. У рамках адкрыцця сезона ладзяцца і спаборніцтвы для членаў клуба. Беларусь — краіна не рызыкоўная ў плане водных падарожжаў, тут няма сур’ёзных парогаў і перашкод. Таму водныя паходы пад сілу нават пачаткоўцам.
Лыжныя ваяжы не за гарамі. Кіраўніцтва клуба ўжо падлічвае неабходную колькасць лыжных пар, а таксама прыглядаецца да зімняй палаткі і “печкі-буржуйкі”, вакол якой можна будзе збірацца халоднымі зімнімі вечарамі і спаць у цяпле ўсю ноч. Прадуманы і першыя лыжныя маршруты. Справа ў тым, што ў клубе ёсць свае памятныя месцы, наведванне якіх стала своеасаблівай традыцыяй. У лік памятных трапілі рэчка Выдранка, што бліз Радашковіч, рэчка Бобр у Крупскім раёне, нёманскае ўзбярэжжа ў Стаўбцоўскім раёне. Турыстаў цікавяць густыя лясы і доступ да вады.
Нягледзячы на тое, што студэнцкаму турыстычнаму клубу “Гарызонт” амаль 50, яго сённяшнія ўдзельнікі не сумняваюцца: самае цікавае яшчэ наперадзе. Час пакажа, дзе наступны раз “успыхне” сіні сцяг універсітэта.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота з архіва турклуба “Гарызонт”.