“Ярыца”: і ладзіцца, і марыцца!

- 13:13Апошнія запісы, Культура, Рознае

Вось ужо амаль чвэрць стагоддзя, як у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта жыве, расце, выспявае сваімі галасістымі народнымі спевамі і музыкай “Ярыца”. Так называецца ўніверсітэцкі народны ансамбль беларускай музыкі і песні, створаны ў 1990 годзе, і спантанна знойдзеная метафара-алітарацыя “выспявае спевамі” тут падаецца вельмі дарэчнай, таму што беларускае слова “ярыца” якраз і азначае яравое жыта, маладзенькія жытнёвыя парасткі, якія праразаюцца вясной і, сагрэтыя першым вясеннім сонцам, дружна цягнуцца ўвысь, каб восенню падарыць чалавеку спелае зерне.

Тады, у 1990 годзе, ля вытокаў ансамбля стаялі выкладчыкі музычна-педагагічнага факультэта (некалькі гадоў назад рэарганізаванага ў факультэт эстэтычнай адукацыі) Віктар Раманцоў і Ірына Сінькевіч, а “Ярыца” яшчэ толькі-толькі ўбірала ў сябе жыццё, натхняючыся неабсяжным небам беларускай народнай музыкі. Імклівы ж рывок калектыву ўвысь, да прафесіяналізму і майстэрства, быў звязаны найперш з асобай легендарнага дырыжора і баяніста, які больш за два дзесяцігоддзі быў музычным кіраўніком Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Цітовіча, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Сіраты, які ў 1992 годзе прыйшоў выкладаць на “музпед” і ўзначаліў “Ярыцу”. Гэта пры ім склаўся рэпертуар ансамбля з яго ж таленавітых харавых, вакальных і інструментальных апрацовак беларускіх народных песень і мелодый і пры ім жа ў 2001 годзе “Ярыца” ўпершыню абараніла званне народнага калектыву.
Потым у гісторыі ансамбля былі і новыя ўзлёты, і не вельмі плённыя перыяды. Калектывам кіравалі іншыя людзі, якія па-свойму і не без поспеху спрабавалі сеяць і сілкаваць студэнцкія спевы. Напрыклад, пад кіраўніцтвам Аляксандра Макаўчыка ў нулявых гадах “Ярыца” ўдала гастралявала ў Францыі, Германіі, Ізраілі…
З 2012 года калектывам кіруе старшы выкладчык БДПУ імя Максіма Танка і, дарэчы, колішні вучань Мікалая Сіраты Аляксандр Шугаёў. Прыняўшы два гады назад ансамбль, які быў фактычна пастаўлены перад пытаннем “Быць ці не быць?”, Аляксандр Міхайлавіч перайначыў дылему на свой лад: працаваць ці не працаваць, рабіць ці не рабіць? І ўжо вельмі хутка стала відавочна, што “Ярыцы” ўсё-такі быць і каласіцца. У 2013 годзе ансамбль бліскуча пацвердзіў званне народнага. І ў тым жа годзе, адпаведна ў чэрвені і снежні, у жыцці ансамбля адбыліся дзве яркія паездкі ў Польшчу — на Міжнародны фальклорны фестываль у Познань і на фэст “Народныя калядкі” ў горад Брусы. З тых паездак Аляксандру Шугаёву і яго падапечным асабліва запомніліся Брусы, якія знаходзяцца ў асаблівым гістарычным польскім рэгіёне Кашубы, жыхары якога рупліва захоўваюць сваю адметную рэгіянальную мову, дзе працуе нават ліцэй на кашубскай мове і ўвогуле на ўсім стаіць пазнака якойсьці зусім не падобнай да ўсёй астатняй Польшчы. Усё гэта было незабыўным адкрыццём для “Ярыцы”, як, зрэшты, і беларускі ансамбль стаў не менш яркім адкрыццём для польскіх кашубаў, у тым ліку тамтэйшага бурмістра, з якім “танкаўцы” мелі сардэчную сустрэчу. Тым больш, акрамя сваёй фірменнай уласна беларускай праграмы, для сваіх гледачоў у Польшчы “Ярыца” падрыхтавала адмысловы сюрпрыз — невялікую бонусную падборку “Крэсовы песэнкі” на таксама “незразумелай” мове, той, якая паўсюль гучала на “крэсах всходніх” да 1939 года.
Сёлетні юбілейны для педагагічнага ўніверсітэта год азначыўся для народнага ансамбля беларускай музыкі і песні “Ярыца” новымі цікавымі паездкамі. Летам 2014 года калектыў быў удзельнікам VI Міжнароднага фальклорнага фестывалю ў італьянскім горадзе Рыміні, дзе разам з беларусамі сваё нацыянальнае мастацтва паказвалі прадстаўнікі яшчэ 32 краін — Балгарыі, Бельгіі, Літвы, Македоніі, Сербіі, Украіны, Харватыі і інш. Удзел у фестывалі запомніўся нашым музыкам найперш нязменнымі аншлагамі на працягу ўсяго тыдня знаходжання на беразе Адрыятычнага мора, а падарожжа ў цэлым — незабыўнымі ўражаннямі яшчэ і ад такіх еўрапейскіх гарадоў, як Катавіцы, Будапешт, Венецыя. “Для многіх удзельнікаў нашага ансамбля гэта была першая ў жыцці вандроўка ў далёкае замежжа. Яны глядзелі круглымі ад здзіўлення і захаплення вачыма на Дунай і архітэктуру ў Будапешце, гандолы ў Венецыі, мора ў Рыміні… І ўсё ж на фестывалі яны змаглі годна ў жывым выкананні прадэманстраваць тое духоўнае багацце, якое ёсць толькі ў нас, беларусаў, і якое так цэніцца гледачамі там, за мяжой”, — дзеліцца назіраннямі Аляксандр Шугаёў.
А, бадай, самай значнай падзеяй у найноўшай гісторыі “Ярыцы” стаў удзел ансамбля ў Днях беларускай культуры ў Латвіі ў верасні 2014 года. У гэтую прыбалтыйскую краіну калектыў накіраваўся па запрашэнні старшыні Саюза беларусаў Латвіі Валянціны Піскуновай і за дзесяць дзён даў 17 канцэртаў у розных гарадах латгальскага рэгіёна — Рэзэкнэ, Вілянах, Лудзе, Балві, Даўгаўпілсе і інш. Гэтае турнэ яскрава засведчыла прызнанне ансамбля на дзяржаўным узроўні. Зрэшты, безумоўна, і падчас такога сур’ёзнага міжнароднага мерапрыемства “Ярыца” прадстаўляла не толькі нацыянальную культуру і нашу краіну ў цэлым, але і педагагічны ўніверсітэт. Дарэчы, многія канцэрты ансамбля прайшлі менавіта ва ўстановах адукацыі Латгаліі.
Сёння народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца” — гэта 22 сённяшнія студэнты БДПУ імя Максіма Танка і выпускнікі ўніверсітэта, якія складаюць вакальную і аркестравую групы калектыву. Асновай рэпертуару ансамбля з’яўляюцца апрацоўкі беларускіх народных песень і мелодый, зробленыя ў свой час Мікалаем Сіратой, але сённяшні кіраўнік “Ярыцы” Аляксандр Шугаёў, безумоўна, не абмяжоўваецца напрацаваным да яго. Так, напрыклад, зусім нядаўна спецыяльна да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ён паставіў адмысловы ўрачысты нумар — народную сюіту “Свята” з выхадам на сцэну з беларускімі ручнікамі. І, дарэчы, няхай не падумае чытач, зыходзячы з прачытанага вышэй кароткага агляду замежных паездак “Ярыцы”, што гэты калектыў толькі і ведае, што гойсаць па “заграніцах”. Не, зусім не так. На самай справе, ансамбль пад кіраўніцтвам Аляксандра Шугаёва ахвотна прымае ўдзел у рэспубліканскіх фестывалях (сёлета, напрыклад, калектыў атрымаў дыплом І ступені на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі”), заўсёды з радасцю выступае на ўніверсітэцкіх і сталічных мерапрыемствах, нярэдка дае дабрачынныя канцэрты. “Я проста вельмі хачу, каб калектыў жыў і спяваў”, — гэтая кароткая і простая формула Аляксандра Шугаёва, насамрэч, многае тлумачыць. У тым ліку і яго жаданне выкарыстоўваць любую магчымасць для выступленняў — у сітуацыі, “калі маршала нашай харавой музыкі Віктара Роўды ўжо няма разам з намі і калі ўсё менш і менш застаецца гэтай музыкі ў нашай культурнай і адукацыйнай прасторы, а так хацелася б, каб харавыя калектывы, калектывы народнай музыкі загучалі зноў, як у часы майго юнацтва і маладосці, у школах, ва ўніверсітэтах, на заводах, пры арганізацыях”.
Пра што яшчэ сёння марыцца “Ярыцы”? Насамрэч, пра многае. І не толькі пра глабальнае, але і “малое”.
Так, Аляксандр Шугаёў гаворыць, што сёння ансамбль “Ярыца” мае вялікую патрэбу ў харэографе (многія нумары ў ідэале глядзеліся б на сцэне з выразнай харэаграфічнай афарбоўкай) і, адпаведна, для рэпетыцый неабходна зала з люстэркамі.
Былі б вельмі рады мець у “Ярыцы” яшчэ адзін камплект сцэнічных касцюмаў, асабліва вясенне-летні варыянт. На сённяшні дзень ансамбль мае толькі адзін камплект, пашыты яшчэ сем гадоў назад, і ў тым жа сонечным Рыміні, па словах Аляксандра Міхайлавіча, удзельнікам ансамбля было, мякка кажучы, гарачавата.
А самае галоўнае, дзеліцца набалелым Аляксандр Міхайлавіч, гэта праблемы з чалавечым рэсурсам, бо, як вядома, сёння на факультэце эстэтычнай адукацыі практычна няма набору на дзённую форму навучання. “Безумоўна, у такой сітуацыі ты яшчэ больш пачынаеш цаніць гэтых хлопцаў і дзяўчат, студэнтаў розных факультэтаў універсітэта і яго выпускнікоў, якія застаюцца вернымі і ансамблю, і традыцыям беларускай народнай музыкі. Гэта, можна сказаць, адчайныя і самаахвярныя людзі! Але ўсё-такі вельмі б хацелася, каб сітуацыя зрушылася ў лепшы бок…”
Удачы табе, “Ярыца”! Няхай выспяваюць твае спевы!

Мікола ЧЭМЕР.