Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба адкінуць спрэчкі аб тым, хто важней — школа ці сям’я”

- 12:56Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Гэтымі днямі БДПУ імя Максіма Танка святкуе 100-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ўніверсітэт наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт азнаёміўся з матэрыяльнай базай БДПУ, наведаў спартыўны комплекс, а таксама пабываў у зале рэдкай кнігі, адкрытай акурат да юбілею. Сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта праходзіла ў форме семінара, падчас якога прэзідэнт прапанаваў адкрыта і шчыра абмеркаваць найбольш набалелыя пытанні. Адметна, што да размовы далучыліся і былыя выпускнікі БДПУ, настаўнікі і кіраўнікі школ (і не толькі сталічных, але і сельскіх). Відэатрансляцыя сустрэчы вялася на ўсе ўніверсітэты, якія вядуць падрыхтоўку педагагічных кадраў.
“Вы ведаеце маё стаўленне да школы, настаўніка. Справа тут не толькі ў тым, што я сам у мінулым ваш калега. Як кіраўнік дзяржавы, я перакананы, што адукацыя — гэта сапраўды падмурак грамадства, пропуск для дзяржавы, для ўсёй нацыі ў заўтрашні дзень, у будучыню”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Усё важна: і эканоміка, і геапалітыка, і фінансы, і бяспека. Але ў канчатковым выніку будучыня залежыць ад таго, якімі мы выгадуем нашых дзяцей. Ці зможам мы даць ім глыбокія веды, правільныя арыенціры ў жыцці, моцны маральны стрыжань. Вось у чым галоўнае пытанне”, — упэўнены прэзідэнт.
А.Р.Лукашэнка агучыў цэлы шэраг пытанняў, якія чакаюць свайго вырашэння. “Я далёкі ад думкі, што сёння мы знойдзем адказы на іх, — заўважыў ён, — але чым больш складаныя пытанні, тым больш важныя дыялог і сумесны пошук іх вырашэння”.
Прэзідэнт адзначыў, што асаблівасцю сучаснага свету з’яўляецца велізарны аб’ём ведаў і акіян інфармацыі. “Тое, што веды, навыкі, тэхналогіі абнаўляюцца і мяняюцца вельмі імкліва, гэта толькі палова праблемы, — заўважыў Аляксандр Рыгоравіч. — Важна ўмець выбраць галоўнае, сістэматызаваць усе меркаванні, ідэі і факты і зрабіць правільныя высновы. Глыбока памыляецца той, хто думае, што чым больш ён мае крыніц інфармацыі, тым лепш разумее праблему. На самай справе, лішак супярэчлівай інфармацыі часта заблытвае чалавека значна больш, чым яе недахоп”.
“Інтэрнэт прывучае думаць фрагментарна, — заўважыў А.Р.Лукашэнка. Лічбы і факты захінаюць сутнасць з’яў, і там, як кажуць, за дрэвамі лесу не відаць”.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што дзеці часта ўмеюць карыстацца сучаснымі тэхнічнымі навінкамі лепш, чым настаўнікі і бацькі. “Але ці гатовы яны маральна і інтэлектуальна да таго, каб выбіраць з інфармацыйнай лавіны сапраўды каштоўнае і патрэбнае для свайго развіцця? — задаў пытанне прэзідэнт. — Неабходна вучыць дзіця рабоце з інфармацыяй, уменню аналізаваць, супастаўляць, ацэньваць думкі лагічна. Многіх нашых дзяцей трэба вучыць кантактаваць, жыць у рэальным свеце з яго рэальнымі праблемамі і шукаць шляхі іх вырашэння”.
“Школа павінна ўсяму гэтаму вучыць, але першачарговая задача школы — закладваць аснову ведаў, вучыць думаць, дапамагаць вызначыцца ў жыцці. Ці гатовы да гэтага настаўнікі?” — запытаўся прэзідэнт.
Аляксандр Рыгоравіч заўважыў, што сённяшняе пакаленне дзяцей з малалецтва паглыбляецца ў новае асяроддзе і іх не здзівіш ні камп’ютарам, ні планшэтам, ні смартфонам. “Зразумела, што і сродкі навучання павінны адпавядаць гэтаму звыкламу асяроддзю. Але ўзнікае пытанне: якім у гэтых умовах павінен быць школьны ўрок, падручнік, дзённік? Можа, ужо штосьці трэба мяняць, і мяняць кардынальна?” — зноў задаў пытанне прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу і на такім важным пытанні, як павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка.
“Зарплатай тут усё не вырашыш, — заўважыў прэзідэнт. — Многія фактары ўплываюць на тое, што статус настаўніка сёння недапушчальна нізкі. Іграе сваю ролю ў тым ліку і сучасная культура. Успомніце, як шмат цудоўных кніг і фільмаў пра настаўнікаў і школу стваралася ў савецкія гады. Але зараз пісьменнікі, сцэнарысты, рэжысёры прапаноўваюць нам зусім іншых герояў. А гэта ж фарміруе грамадскую думку не на карысць настаўніка”.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што далёка не ўсе абітурыенты прыйшлі ў педагагічны ўніверсітэт, каб звязаць сваё жыццё з настаўніцтвам. “Для кагосьці гэта проста спосаб атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Яны адпрацоўваюць неабходныя два гады, а потым сыходзяць з прафесіі. А некаторыя ўвогуле сыходзяць, правучыўшыся год-паўтара, бо разумеюць, што не туды трапілі. Ведаеце, лепш хай раней сыдуць, праз год-паўтара, чым потым, атрымаўшы адукацыю, кінуць сваю прафесію”, — выказаў сваё меркаванне прэзідэнт.
Студэнтам педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка пажадаў цярпення. “Трэба ўмець цярпець, — заўважыў ён. — Першыя крокі не заўсёды простыя, і нельга рабіць паспешлівых высноў. Трэба вучыцца заўсёды ў жыцці знаходзіць пазітыўнае — гэта мая вам парада”.
Аляксандр Рыгоравіч заўважыў, што праца настаўніка няпростая: “Малады спецыяліст сутыкаецца з велізарнай колькасцю цяжкасцей у стасунках з дзецьмі і бацькамі, у правільнай пабудове ўрока і вядзенні пазакласнай работы. І гэта таксама перашкаджае выпускніку педагагічнай ВНУ замацавацца ў прафесіі. Мяркую, што адна з асноўных прычын — адсутнасць эфектыўнай сістэмы настаўніцтва вопытных педагогаў над маладымі”, — заўважыў прэзідэнт.
Ён таксама заявіў, што настала пара сур’ёзна задумацца аб удасканаленні сістэмы адбору абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці. “Усе мы разумеем, што вучыць дзяцей павінны лепшыя, — тыя, хто служыць добрым прыкладам, хто карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у бацькоў і вучняў. І, што больш важна, выхоўваць маладое пакаленне можа толькі чалавек, які мае пэўны духоўны багаж і выразныя маральныя ўстаноўкі”, — сказаў прэзідэнт.
Ён лічыць, што прыцягненне ў прафесію лепшых выпускнікоў школ павінна быць справай не толькі прыёмных камісій педагагічных універсітэтаў, але і клопатам раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, а таксама саміх школ. “Трэба як мага раней знаходзіць і падтрымліваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адчуваюць у сабе прызванне, мараць стаць настаўнікамі. Тады ва ўніверсітэты будуць прыходзіць матываваныя абітурыенты”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама сказаў, што варта падумаць і над тым, каб абмежаваць набор на платную форму навучання, а магчыма, і на бюджэтную. “Неабходна рыхтаваць роўна столькі педагогаў, колькі патрабуецца краіне, і адбіраць толькі тых, для каго праца з дзецьмі — мара, а не спосаб вырашыць нейкія свае імгненныя праблемы — “адкасіць” ад арміі ці атрымаць корачкі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што настаўнік павінен быць падрыхтаваны не толькі тэарэтычна. “Ён павінен умець зацікавіць дзяцей, падтрымліваць дысцыпліну на ўроку, упэўнена адчуваць сябе ў класе. Да гэтага педагога трэба рыхтаваць ужо ва ўніверсітэце, — заўважыў прэзідэнт. — Адпаведна, метады выкладання, ды і змест педагагічнай адукацыі неабходна істотна мадэрнізаваць”.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць важным абазначыць рамкі адказнасці настаўніка перад вучнем, сям’ёй і школай.
????????? ???????? ??????? ?? ??????????, ??????????????? ? ???????????? ????????????? ???????? ????????? ????????? ???????? ?? ??????????, ??????????????? ? ???????????? ???????????? ???????????????? ??????????????? ???????????? ????? ??????? ?????.?? ???????: 1-5. ????????? ????????? ?? ????? ????????? ???????????? ???????????????? ??????????????? ???????????? ??.?.?????.6-9. ????????? ????????? ?????????.???? ??????? ???????, ?????.“У апошні час выяўляецца негатыўная тэндэнцыя, калі бацькі спрабуюць цалкам перакласці адказнасць за навучанне і выхаванне сваіх дзяцей на ўстанову адукацыі, лічачы школу своеасаблівай сферай абслугоўвання. А многія настаўнікі лічаць, што функцыі педагога абмяжоўваюцца сценамі класа”, — заўважыў прэзідэнт, аднак папрасіў на гэтым этапе адкінуць спрэчкі аб тым, хто важней — школа ці сям’я.
“Думаю, што галоўнае ў гэтым пытанні — цеснае супрацоўніцтва сям’і і школы, накіраванае на вырашэнне агульнай задачы — фарміраванне працавітай, адукаванай і здаровай нацыі. Вось тая ідэя, якая павінна аб’яднаць грамадства дзеля будучыні нашай краіны”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што вялікую трывогу выклікаюць выпадкі ўжывання падлеткамі наркатычных сродкаў, распаўсюджанне п’янства і алкагалізму сярод моладзі. Адэкватных мер рэагавання ў свеце пакуль няма. Мы не можам разлічваць на замежны вопыт, бо ў многіх дзяржавах сітуацыя яшчэ горшая. І тут істотную дапамогу можа аказаць псіхолага-педагагічная навука.
На думку прэзідэнта, карнымі мерамі нічога не вырашыць. “А вось сям’я і школа ў гэтым пытанні недапрацоўваюць”, — заўважыў ён і выказаў меркаванне, што прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку дэманстрацыя відэаролікаў з адлюстраваннем цяжкіх наступстваў таксікаманіі, наркаманіі, курэння, могуць прынесці плён.
“Я шмат разоў казаў: хопіць рэформ, — заўважыў прэзідэнт, — але гэта тычылася арганізацыйнай часткі. Калі гаварыць пра методыку выкладання, разнастайнасць працэсаў пазнання, то тут немагчыма без абнаўлення і творчага пошуку. Нават калі мы вырашым нічога не мяняць, то само жыццё прымусіць нас гэта зрабіць. Але лепш рабіць гэта ўзважана і разумна, захоўваючы ўсё лепшае ад старога вопыту і адбіраючы найбольш каштоўнае з сусветнай практыкі, каб наша адукацыя была якаснай і сучаснай”.
Прэзідэнт паведаміў, што ў Беларусі ў самы бліжэйшы час будуць прыняты дадатковыя меры, каб Міністэрства адукацыі на сваім узроўні больш актыўна і аператыўна працавала над выяўленнем і ліквідацыяй наяўных праблем. І ён назваў няправільнай сітуацыю, калі пытаннямі рэфармавання і ўдасканалення адукацыйнай сферы займаецца асабіста прэзідэнт.
Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адказаў на шматлікія пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. У прыватнасці, ён падтрымаў ідэю пашырэння беларускай мовы ў адукацыйным працэсе. Але прасіў не палітызаваць моўнае пытанне. “Мова не павінна быць прадметам, нагодай і прычынай раздраю”, — адзначыў прэзідэнт.
Адказваючы на пытанне маладых вучоных аб арэндным жыллі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яно прыватызавацца не будзе. Ён патлумачыў, што арэнднае жыллё, акрамя ўсяго, дапамагае змагацца з так званымі “летунамі”, якія пастаянна мяняюць работу.
Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава будзе дапамагаць маладым вучоным па іншых напрамках. “Калі трэба падтрымаць маладога выдатнага вучонага, які падае вялікія надзеі, будучага свяцілу навукі — мы знойдзем для гэтага магчымасці. Дай бог, каб былі такія навукоўцы”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў будучыні, пасля завяршэння кар’еры на пасадзе прэзідэнта, мог бы заняцца выкладчыцкай дзейнасцю. “Для мяне самая лепшая пасада — гэта рэктар універсітэта, і я быў бы не супраць быць выкладчыкам, — сказаў Аляксандр Рыгоравіч. — Вось скончу сваю кар’еру — і, калі здароўе будзе, пайду выкладчыкам і з задавальненнем буду выкладаць”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота БелТА.