Новыя даследаванні — новыя адкрыцці

- 15:41Навіны рэгіёнаў, Рознае

Шосты раз гродзенская гімназія № 4 сустракае ўдзельнікаў абласнога конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Крыштальная альфа-2014”. Гісторыя, родная і замежная мова, геаграфія і астраномія і іншыя прадметы былі прадстаўлены юнымі даследчыкамі з розных, часам незвычайных бакоў і папоўнілі скарбонку адкрыццяў.

Конкурс “Крыштальная альфа” традыцыйна праводзіцца ў два этапы — завочны і вочны. На першы школьнікі даслалі 487 даследчых работ. Кампетэнтнае журы, у складзе якога былі выкладчыкі гродзенскіх ВНУ, ацаніла кожную і да асноўнага этапу дапусціла 243 работы. На другім этапе школьнікі, вучні 8—11 класаў, а таксама некалькі сямікласнікаў, абаранялі свае даклады ў профільных секцыях. Можна сказаць, што сёлета навуковае спаборніцтва атрымала філалагічны і прыродазнаўчы акцэнт. Журы таксама адзначыла, што многія работы маюць прыкладны характар, а пачатае яшчэ ў школе даследаванне часта мае працяг — у каледжах, універсітэтах.
— Многія нашы пераможцы потым вынікова ўдзельнічаюць у студэнцкіх навуковых аб’яднаннях, студэнцкіх навуковых канферэнцыях. Некаторыя, паспяхова скончыўшы ВНУ, паступаюць у магістратуру, аспірантуру, дзе працягваюць даследчую дзейнасць і становяцца вучонымі, — падкрэсліла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ларыса Пятроўна Губіч.
Напрыклад, у секцыі “Гісторыя” вельмі цікавай была работа 11-класніцы Луненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Алены Сільвановіч. Дзяўчына дасканала прасачыла гісторыю свайго дома. Яна разглядала архітэктурныя асаблівасці і гістарычныя падзеі, звязаныя з гісторыяй дома, у якім жыве.
— Гісторыя нашага дома зацікавіла мяне яшчэ ў дзяцінстве. Настаўніца задала нам заданне намаляваць свой дом і суседзяў, і мой малюнак адрозніваўся ад малюнкаў аднакласнікаў. Па-першае, памерамі дома (тут жывуць тры сям’і), па-другое, пабудаваны ён з чырвонай цэглы. Зарадзілася цікавасць, і пачалося даследаванне. На працягу некалькіх гадоў я па крупінках збірала матэрыял аб гісторыі дома, — расказвае дзяўчынка.
Алена даведалася, што дом быў пабудаваны ў 1928 годзе для размяшчэння гміннай управы. Яна змагла вызначыць войтаў міжваеннага перыяду і вызначыць сферу дзейнасці гімны. У 1939 годзе ў доме размясціўся пасялковы Савет, а ў 1941 годзе там з’явіліся новыя гаспадары — немцы. Некаторы час тут знаходзілася нямецкая камендатура, а потым жылі нямецкія рабочыя. У 1944 годзе будынак перадалі Скідальскаму аддзелу адукацыі і ў доме размясцілі школу. Алена знайшла ўсіх пасляваенных дырэктараў маленькай школы, знайшла фотаздымкі 40—50-х гадоў. Вельмі цікавы фотаздымак 1947 года, на якім адлюстраваны момант перадачы піянерскага сцяга, выратаванага падчас вайны Нінай Хамко, у Гродзенскі краязнаўчы музей. Дом Алены стаў сведкам шматлікіх падзей: гэта і навадненне 1983 года, і нават здымкі фільма “Прыступіць да ліквідацыі”.
— Пасталеўшы, я стала вывучаць архітэктурныя асаблівасці дома. Вызначыла майстроў, якія будавалі дом, пастаўшчыкоў будматэрыялаў і г.д. У 1994 годзе будынак школы перадалі пад рэканструкцыю пад кватэры тром сем’ям маладых настаўнікаў. Работа выклікала цікавасць не толькі ў мяне і маёй сям’і, але і ўсіх суседзяў. Усім было цікава даведацца пра гісторыю дома і асаблівасці яго пабудовы, — падкрэсліла дзяўчынка.
Даследаванне 11-класніцы Вараб’ёвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Настассі Філон “Бардзячы: гісторыя з ірландскім акцэнтам” пачалося са знаходкі архіва вёскі Бардзячы. Менавіта тады яе настаўнік гісторыі Дзмітрый Барысавіч Мароз і прапанаваў правесці сваё расследаванне. Работа пачыналася цяжка, бо, акрамя знойдзенага архіва, інфармацыі ніякай не было. Перагледзеўшы дасканала ўсе дакументы, даследчыкі даведаліся, што гэты маёнтак некалі належаў ірландскаму графу. Менавіта пра яго і было знойдзена шмат інфармацыі ў інтэрнэце, што дало магчымасць рухацца далей.
— Мы разабралі дакументы архіва, вывучылі матэрыялы школьнага музея, успаміны пастушка “графянкі” О’Рурка Мікалая Рыгоравіча Пальчыка, а таксама інфармацыю з інтэрнэту. У выніку была створана навукова-даследчая работа, — гаворыць Настасся.
Усяго па выніках канферэнцыі было ўручана 107 дыпломаў: 22 — І ступені, 32 — ІІ ступені і 54 — ІІІ ступені.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.