Што маем і што плануем: аб стане і некаторых перспектывах развіцця сістэмы адукацыі

- 12:49Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Міністр адукацыі С.А.Маскевіч сустрэўся з кіраўнікамі і спецыялістамі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, упраўленняў адукацыі, спорту і турызмугар(рай)выканкамаў, адміністрацый раёнаў, якія курыруюць пытанні адукацыі. Сустрэча адбылася на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе праходзілі заняткі па павышэнні кваліфікацыі. На сустрэчы абмяркоўвалася палітыка дзяржавы ў галіне адукацыі і выхавання.

С.А.Маскевіч звярнуў увагу прысутных на дынаміку некаторых паказчыкаў, якія характарызуюць эфектыўнасць сістэмы адукацыі, у прыватнасці, сярэднага бала ЦТ (у аснову гэтага паказчыка пакладзены вынікі ЦТ выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: школ, гімназій і ліцэяў). Стабільна лідзіруючую пазіцыю па гэтым крытэрыі займае Мінск. Другое месца ўжо працяглы час у Гродзенскай вобласці. Што да іншых рэгіёнаў, то станоўчая дынаміка назіраецца толькі ў Гомельскай вобласці. Іншыя рэгіёны займаюць ранейшыя пазіцыі.
С.А.Маскевіч звярнуў увагу і на вынікі рэспубліканскіх алімпіяд. Калі параўноўваць колькасць выпускнікоў і колькасць пераможцаў алімпіяд, у шэрагу першых стаіць Ліцэй БДУ. Як адзначыў міністр, сярэдні бал ЦТ і колькасць дыпломаў на рэспубліканскіх алімпіядах характарызуюць работу з адоранымі дзецьмі, бо выпускнікі трэцяй ступені ў школе, якія здаюць ЦТ, ужо лепшыя, а тыя, хто ўдзельнічае ў алімпіядах, — лепшыя з лепшых. Таксама былі згаданы і міжнародныя алімпіяды: беларускія школьнікі ў гэтым годзе прывезлі 36 медалёў (усяго 41 удзельнік).
Яшчэ адзін паказчык, на які звярнуў увагу міністр адукацыі, — колькасць дзён, прапушчаных вучнямі па прычыне захворвання. Узровень захворванняў у цэлым па краіне застаўся адносна нізкім. Так, станоўчая дынаміка назіраецца ў Мінску, аднак, калі параўноўваць яго з паказчыкамі ў астатніх рэгіёнах, у сталіцы ён усё роўна застаецца самым высокім.
Складаная сітуацыя назіраецца са злачынствамі непаўналетніх. Усюды, за выключэннем Магілёўскай вобласці, колькасць непаўналетніх удзельнікаў злачынстваў за 6 месяцаў 2014 года ў параўнанні з 6 месяцамі мінулага года павялічылася. Так, напрыклад, у Брэсцкай вобласці — амаль удвая. Такая сітуацыя, у прыватнасці, звязана з нарка- і спайсазалежнасцю, у якія трапляюць маладыя людзі. Пакуль, на жаль, з гэтымі залежнасцямі не спраўляецца ні сям’я, ні грамадства ў цэлым. “Гэта вялікая небяспека, — адзначыў С.А.Маскевіч. — Таму вельмі важная задача сёння — засцерагчы моладзь ад шкодных уздзеянняў, якія перш за ўсё ідуць з інтэрнэту і звязаны з ужываннем розных сумесей”.
Вялікая роля ў вырашэнні гэтай праблемы будзе адведзена школе і іншым установам адукацыі. Звязана яна з растлумачальнай работай, фарміраваннем асяроддзя, якое прызначана адрываць ад гэтага зла. Многія праграмы павышэння кваліфікацыі будуць накіраваны на адпрацоўку навыкаў у гэтым кірунку, у першую чаргу, сацыяльных работнікаў, псіхолагаў. “Будзе арганізавана абавязковае псіхалагічнае тэсціраванне дзяцей, а потым, калі неабходна, будуць падключацца медыкі. Будзе ўдасканальвацца ўся сістэма прафілактыкі”, — адзначыў С.А.Маскевіч.
Мяркуецца, што ў кожнай вобласці з’явяцца рэабілітацыйныя цэнтры для тых, хто трапіў у групу рызыкі і каму ўжо патрабуецца медыкаментознае лячэнне. Праблема арганізацыі даступнага і эфектыўнага лячэння яшчэ патрабуе вырашэння. “Гэтая бяда нарастае, пакуль вельмі актыўна і агрэсіўна”, — адзначыў С.А.Маскевіч.
Яшчэ адно важнае пытанне — фінансава-эканамічнае. Так, у цэлым па рэспубліцы навучанне аднаго дзіцяці ў школе каштуе 16,7 млн у год. Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — амаль 30 млн. Прыблізна столькі ж каштуе навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Яшчэ год назад гэтая лічба была ўдвая меншая. Звязана гэта з тым, што яшчэ нават 5 гадоў назад установы адукацыі былі поўнымі, а зараз некаторыя запоўнены толькі напалову. Колькасць выпускнікоў 11-х класаў пакуль памяншаецца. Колькасць студэнтаў да 2018 года паменшыцца ўдвая ў параўнанні з пазамінулым годам.
Аднак колькі дзяцей прыйдзе вучыцца ў агляднай будучыні? Зараз назіраецца павелічэнне нараджальнасці. Так, ужо ў гэтым годзе ў школу прыйшло амаль на 5 тысяч чалавек больш, чым у мінулым. Праўда, як адзначыў міністр адукацыі, дзякуючы аптымызацыі колькасць 1-х класаў па рэспубліцы ў гэтым годзе меншая.
Што да дзяцей дашкольнага ўзросту, у гэтым годзе іх было 411 тысяч. У наступным будзе скачок ажно да 426 тысяч. У 2016 годзе плануецца, што дашкольныя ўстановы будуць наведваць амаль 434 тысячы дзяцей. Скачок у 20 тысяч патрабуе і павелічэння колькасці ўстаноў дашкольнай адукацыі.
Дарэчы, колькасць персаналу дашкольных устаноў адукацыі будзе падтрымлівацца прыблізна на адным узроўні, дзякуючы працэсам аптымізацыі. Плануецца, што будуць павялічвацца суадносіны колькасці выхавальнікаў і выхаванцаў.
Планы па аптымізацыі дазваляюць адназначна прагназаваць памяншэнне колькасці педагогаў, занятых у агульнай сярэдняй адукацыі.
“Калі мы зможам прывязаць аб’ём фінансавання да колькасці дзетак, то нам вельмі зручна будзе выбудоўваць праграмы павышэння заработнай платы”, — сказаў С.А.Маскевіч. Для гэтага, як адзначыў міністр, трэба, каб праграмы аптымізацыі, якія праводзяцца, рэальна працавалі і не шкодзілі якасці.
У гэтым годзе ў сістэме адукацыі працуе каля 5 тысяч маладых спецыялістаў, а неабходна каля 7 тысяч. Ва ўстановах адукацыі іх рыхтуецца больш за 9 тысяч, калі ўлічваць і бюджэтную, і платную формы навучання (з іх прыблізна 5 тысяч бюджэтнікаў).
Што да выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі, наўрад ці сёння трэба ставіць задачу, каб яны на 100% былі з вышэйшай адукацыяй. Аднак варта ствараць для іх умовы завочнага атрымання вышэйшай адукацыі.
Асобна гаворка вялася і наконт школы. “Мы бачым неабходнасць сур’ёзнага рэгулявання патокаў у 10 клас і ў сістэму прафесійнага навучання”, — адзначыў С.А.Маскевіч. Каледжы будуць рэфармавацца: у асноўным будуць фарміравацца рэгіянальныя мнагапрофільныя двухступеньчатыя каледжы, дзе будзе і ступень прафесійна-тэхнічнай, і ступень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Магчыма, каледжы будуць уваходзіць у структуру ліцэя, дзе ў іх будзе агульная вучэбна-эксперыментальная і лабараторная база.
Да таго ж з наступнага навучальнага года ўводзіцца профільнае навучанне, але неабходнасці ажыццяўлення такой прафілізацыі ва ўсіх школах няма. Пакуль не будзе ўстаноўлены парогавы бал. Адбор у профільны 10 клас будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове. Будзе праводзіцца і атэстацыя трэцяй ступені сярэдняй адукацыі як профільнай.
Наконт вучэбных планаў міністр адукацыі адзначыў, што над імі ідзе работа. Хутка Нацыянальны інстытут адукацыі будзе абмяркоўваць з педагагічнай грамадскасцю канкрэтныя варыянты. Праўда, ужо дакладна вырашана пытанне, што колькасць гадзін па беларускай і рускай мове ў пачатковай школе будзе аднолькавай. Што датычыцца базавай школы, то асобныя прадметы будуць пераносіцца з класа ў клас.
На старшыя профільныя класы ў значнай ступені будзе перанесена праграма гімназій. Дадатковыя заняткі па замежнай мове наўрад ці будуць захаваны, бо неабходны гадзіны для арганізацыі навучання па профілях.

Святлана ШЫЯН.