Два дні педагагічнага шчасця

- 10:45Актуально, Апошнія запісы

Пачатак гэтага святочнага тыдня быў азнаменаваны падзеяй, якую педагагічная грамадскасць чакае з асаблівым хваляваннем, бо калядны фестываль педагагічнага майстэрства — гэта не проста абмен настаўніцкімі здабыткамі, гэта абмен прафесійным шчасцем, ён зараджае працоўнай энергіяй на ўвесь год.
На гэты раз гасцінныя супрацоўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прымалі ўжо IV Рэспубліканскі каляндарны фестываль педагагічнага майстэрства. У рабоце фестывалю прынялі ўдзел міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Жураўкоў і яго намеснік Раіса Сідарэнка.

Міхаіл Анатольевіч стаў госцем другога фестывальнага дня і сваё выступленне пачаў з віншавання з Новым годам і Калядамі.
— Правядзенне такога форуму — вельмі значная з’ява ў жыцці кожнага прафесіянала, які працуе ў сферы адукацыі. Існаванне любой дзяржавы немагчыма без добрай сістэмы адукацыі. У нашай краіне адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага, і яе лёс хвалюе кожнага грамадзяніна, — звярнуўся да прысутных міністр.
Гэты фестываль ярка дэманструе, што ў нас ёсць выдатны педагагічны вопыт. І такое мерапрыемства з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для прадастаўлення і абмену напрацоўкамі. Развіццё любой прафесійнай суполкі немагчыма без узаемадзеяння. Акрамя таго, менавіта на такіх мерапрыемствах вызначаюцца арыенціры на перспектыву.
— Сёння наша сістэма адукцыі перажывае няпросты перыяд. Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё больш укараняюцца ва ўсе сферы дзейнасці, у тым ліку і ў адукацыю. Але масавае ўкаранне інфармацыйных тэхналогій патрабуе пераасэнсавання працэсу навучання, арганізацыі ўрока, перадачы ведаў вучняў. Але роля настаўніка па-ранейшаму застаецца ключавой як у выхаванні падрастаючага пакалення, так і ў навучанні. Ніякія гаджэты не заменяць жывой гутаркі з настаўнікам.
Вы, напэўна, ведаеце, што ў Ліцэі БДУ ў некалькіх класах праходзіў эксперымент па выкарыстанні электронных сродкаў навучання. Дзеці праходзілі праз статыстычныя апытанні, і большая частка вучняў адзначыла, што лепш за ўсё засвойвае веды, калі чытае папяровы падручнік.
Калі гаварыць пра выкладанне прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, то ёсць прыхільнікі выключна крэйды і дошкі. Па іх меркаванні, толькі такім шляхам можна паказаць мысліцельныя працэсы чалавека. Калі, напрыклад, доказ тэарэмы паказаць толькі на слайдзе, то вучань ці студэнт не зразумее, як зараджаецца ідэя доказу. А з іншага боку, мы не можам заставацца ўбаку ад развіцця інфармацыйных тэхналогій. У сучасных умовах неабходны рацыянальныя падыходы ў арганізацыі вучэбных заняткаў.
Разам з тым школа застаецца асновай выхавання і навучання, а настаўнік — значнай фігурай у нашым грамадстве, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
Значнасць педагагічнай прафесіі прадэманстравалі члены клуба “Крыштальны журавель”, якія выступілі са сваёй прэзентацыяй.
Як адзначыў рэктар АПА Андрэй Манастырны, педагагічныя ініцыятывы членаў клуба карыстаюцца заслужанай папулярнасцю і аўтарытэтам у краіне, бо ўдзельнікі клуба вельмі шмат робяць для развіцця прафесійнага майстэрства педагогаў рэспублікі і папулярызацыі прафесійнага майстэрства настаўнікаў. Дарэчы, і калядны фестываль праходзіць дзякуючы намаганням і ініцыятыўнасці менавіта клуба “Крыштальны журавель”.
Самі “жураўлі”, прадстаўляючы сваю візітоўку, адзначылі, што іх дзейнасць найперш накіравана на падняцце прэстыжу педагагічнай прафесіі і адукацыі краіны. І сапраўды, “жураўлі” нястомна лётаюць па краіне, дорачы калегам не толькі свае педагагічныя здабыткі, але і часцінку педагагічнага шчасця, запалу і натхнення. Гэта можна было бачыць нават на фотаздымках, прадстаўленых падчас прэзентацыі.
“Крыштальны журавель” існуе з 2009 года і ўсе гэтыя гады дае педагогам душэўныя сілы, магчымасць для самавыяўлення і самарэалізацыі. Ініцыятыўнасць, творчасць, адкрытасць і шчодрасць — галоўныя пастулаты клуба, якія ярка загучалі падчас майстар-класаў.
На жаль, памеры газетнай старонкі не дазваляюць прадэманстраваць усю маштабнасць і прадстаўнічасць заяўленых майстар-класаў, але ў сваім рэпартажы мы пастараемся перадаць найперш атмасферу фестывалю, якую, бясспрэчна, стварае яго змест.
Першы майстар-клас называўся “Інтэлектуальнае развіццё асобы навучэнца”. Сваімі напрацоўкамі і думкамі на гэты конт дзяліліся настаўнікі-метадысты Алена Пратасевіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына Брэсцкай вобласці, Алена Ананчыкава, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці, Іна Рылко, настаўніца хіміі гімназіі Ганцавіч Брэсцкай вобласці, Дзмітрый Мацкевіч, настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі Віцебскай вобласці.
Майстар-клас праходзіў у двайным фармаце. Педагогі працавалі з залай і класам на сцэне. 11 “У” прадстаўлялі самыя актыўныя ўдзельнікі майстар-класа. Настаўнікі гаварылі пра матэматычныя аналогіі, прапаноўваючы сваім “вучням” правакацыйныя заданні. Як адзначыла Алена Пратасевіч, прыём матэматычных аналогій садзейнічае развіццю мысліцельнай дзейнасці, а значыць, запяспечвае інтэлектуальнае развіццё школьнікаў.
Алена Ананчыкава прадставіла інтэлект-карты і логіка-сэнсавыя мадэлі і прыёмы (або падыходы) псіхадыдактыкі. Адзначыўшы, што сродкам інтэлектуальнага развіцця навучэнцаў з’яўляецца вырашэнне вучэбных задач, яна прапанавала “адзінаццацікласнікам” прымераць на сябе ролю шасцікласнікаў. І пакуль яны складалі вучэбны тэкст з дапамогай дыскрэтнага падыходу, Алена Аляксандраўна звярнулася да аўдыторыі і прадэманстравала табліцу, пабудаваную па дыскрэтным падыходзе. Такі падыход дапамагае вучыць працаваць з інфармацыяй, тэкстамі, калі, напрыклад, даюцца пытанні ці, наадварот, адказы, якія служаць асновай для складання неабходнага тэксту.
Іна Рылко прапанавала свой падыход у падрыхтоўцы да ЦТ па хіміі, пераклаўшы мову табліц на мову схем. Больш за тое, яна прапанавала варыянты запамінання хімічных схем. У прыватнасці, праз прагаворванне іх уголас. Стары, але вельмі эфектыўны спосаб.
Дзмітрый Мацкевіч спыніўся на матэматычных задачах, адзначыўшы, што вызначальнай з’яўляецца ўмова задачы. Яна павінна быць цікавай, каб дзіця, пачаўшы рашаць задачу, не магло супакоіцца, пакуль не давядзе справу да канца. Як, напрыклад, такая:
— Ёсць тры сябры: Вова, Пеця і Коля. Яны зварылі юшку і з’елі яе пароўну. Але сітуацыя ўскладняецца тым, што толькі двое з іх лавілі рыбу. Пеця злавіў 3 акуні, а Вова — 5. А Коля, каб аддзячыць сябрам, даў ім 24 манеты. Як іх падзяліць справядліва? — звярнуўся да калег Дзмітрый Генадзьевіч.
Не буду даваць рашэнне. Але, як адзначыў настаўнік, задачу дапамогуць рашыць дробы. У выніку на сваім майстар-класе педагогі паказалі змест і працэс інтэлектуальнага развіцця.
Пра рэалізацыю адукацыйных праграм з дапамогай сеткавых форм узаемадзеяння гаварылі настаўнікі-метадысты Ігар Якіменка, дырэктар гімназіі № 3 Магілёва, Іван Якіменка, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, і Інеса Зубрыліна, старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МДЛУ, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска.
Ігар Якіменка гаварыў пра інфармацыйнае асяроддзе, якое існуе ў яго навучальнай установе, і пра тое, як яно аблягчае дзейнасць педагогаў. “Ад камп’ютарных класаў трэба пераходзіць да камп’ютарнага асяроддзя, будуючы камп’ютарную сетку і, адпаведна, асяроддзе”, — адзначыў Ігар Віктаравіч. — І вельмі важнымі ў сеткавых узаемаадносінах з’яўляюцца не інструменты, а інтэлект”.
— На сённяшні дзень ва ўстанове адукацыі ёсць некалькі напрамкаў для развіцця інфармацыйнага асяроддзя і зносін у сетцы. Гэта адміністрацыйны складнік, адукацыйны працэс і, нарэшце, бацькі і дзеці, якія маюць права быць ацэненымі і ведаць вынікі сваёй вучэбнай дзейнасці, — адзначыў Ігар Якіменка.
Іван Якіменка спыніўся на вядзенні электроннага журнала і дзённіка, іх магчымасцях, перавагах і недахопах. А вось Інеса Зубрыліна спынілася на больш актуальным аспекце — сеткавым ўзаемадзеянні ўнутры педагагічнай супольнасці.
— Сеткавае ўзаемадзеянне — гэта неабходнасць сённяшняга дня. І калі прааналізуем прысутнасць нашых настаўнікаў у інтэрнэце, то яно будзе абазначана самаадукацыяй ці сеткавым узаемадзеяннем з вучнямі. Прааналізаваўшы вынікі апытання, якое праводзілася сярод слухачоў АПА, можна прыйсці да наступных вынікаў. Настаўнікі разумеюць перавагі і перспектывы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для прафесійнага ўдасканалення і развіцця вучэбных навыкаў вучняў. І ў сувязі з гэтым настаўнікі павінны валодаць адпаведнымі навыкамі. Але не ўмеюць працаваць у сетцы 67% педагогаў. Гэта многа. ІК-кампетэнтнасці не хапае больш як палове рэспандэнтаў. Негатыўнае стаўленне да работы ў сетцы ў 12%. Не бачаць сэнсу ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій 5 %. А большасць маю ць сертыфікаты ІКТ-карыстальнікаў, — адзначыла Інеса Уладзіміраўна.
Прафесійнае сеткавае ўзаемадзеянне дасць магчымасць для больш цеснага і адкрытага супрацоўніцтва. Гэты факт ужо не абвяргаецца, але пералічаныя Інесай Зубрылінай працэнты пакуль сведчаць пра негатоўнасць нашых педагогаў уступаць у такое ўзаемадзеянне і распаўсюджваць яго. А ў ім, дарэчы, не існуе ніякай іерархіі, бо пабудавана яно выключна на ўласнай зацікаўленасці. Нельга сказаць, што ў нас няма сеткавага ўзаемадзеяння. Яно ў нас існуе і развіваецца, але пакуль не так маштабна.
“Сучасныя падыходы да фізічнага развіцця асобы навучэнца. Авалоданне навыкамі здаровага ладу жыцця” — так гучала тэма яшчэ аднаго майстар-класа, у якім нам давялося паўдзельнічаць. Яго праводзілі настаўнікі-метадысты Вольга Лагунова, настаўніца гімназіі № 8 Мінска, Валерый Варанцоў, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка Мінскай вобласці, і Таццяна Даўгун, дырэктар, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 26 Гродна.
“Каб зрабіць дзіця разумным і разважлівым, зрабіце яго моцным і здаровым”, — гаварыў Жан Жак Русо. Але краевугольным каменем нашай адукацыі з’яўляецца здароўе дзяцей. Не сакрэт, што на працягу навучання ў школе яно пагаршаецца.
У прыватнасці, Валерый Варанцоў прадэманстраваў выдатнае валоданне аўдыторыяй, прапанаваўшы калегам зрабіць невялікую зарадку для вачэй, а таксама рук і ног. А на свае ўрокі знакаміты педагог са Слуцка даўно ходзіць з ноўтбукам. Для настрою адтуль гучыць музыка, а для кантролю здароўя ў ім ёсць розныя тэсты. Насамрэч, настаўнік можа зрабіць для школьніка куды больш, чым доктар. Галоўнае — увага і індывідуальны падыход.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.